Выбрать главу

— Я ведала, што прыедзеш. Два разы Урсус бегаў на Карыны пытацца аб табе. Лін смяяўся з мяне і Урсус таксама.

І сапраўды відаць было, што спадзявалася яго, бо замест абыднае вопраткі мела на сабе мяккую белую столу, з якое стройных хвандаў рукі і галоўка выхіляліся, бы расцвіўшыя пралесанькі з снегу. Некалькі ружовых анемонаў аздабляла валасы.

Вініць прыціснуў вусны да ейнае рукі, і селі на каменнай лаўцы пад дзікім вінаградам, прытуліўшыся да сябе моўчкі ды прыглядаючыся зорам, бляск якіх іставетна адбіваўся ў іхніх вачах. Чар спакойнага вечару авалодваў імі.

— Што за цішыня, які свет чароўны! — адазваўся нізкім голасам Вініць. — Ідзе пагодная ноч. Ніколі ў жыцці не чуўся я так шчаслівы. Скажы мне, Лігія, што гэта значыць? Мне ніколі не думалася, каб каханне было такім. Мне здавалася, што гэта толькі агонь у крыві ды жада, а цяпер вось бачу, што можна кахаць кожнай кропляй крыві і адначасна адчуваць такі салодкі супакой, як бы душу закалыхаў ужо сон або смерць. Гэта навіна для мяне. Гляджу на гэную непарушнасць раслін і здаецца мне, што яна ёсць і ўва мне. Вось цяпер я зразумеў, што можа быць шчасце, аб якім людзі да гэтых пор не ведалі. Цяпер толькі я здольны ўцеяць, чаму і ты, і Пампонія Грэцына такія заўсёды пагодныя… Так!.. Гэта дар Хрыстовы… А яна ў той хвіліне прыгалубіла сваю стройную галованьку на ягоным плячы і кажа: — Мой Марк дарагі… І не магла далей слова вымавіць. Радасць, удзячнасць ды пачуццё нявіннасці кахання адабралі голас, а напоўнілі вочы слязьмі расчулення. Вініць, абняўшы ейны зграбны стан, туліў яе да сябе, пасля кажа: — Лігія! Багаславем хвіліну, у якой я першы раз пачуў Ягонае імя.

Яна ціха адказала: — Кахаю цябе, Марку.

Ды зноў замоўклі, не могучы выдабыць слоў з перапоўненых грудзей. На цыпрысах згаслі апошнія касулі ліловых водбліскаў, садок пачаў серабрыцца ад месячнага сярпа.

Цераз хвіліну Вініць пачаў гаварыць: — Я ведаю… Ледзь толькі я сюды прыйшоў, ледзь паспеў прывітацца, на вачах тваіх ужо йграла пытанне: ці зразумеў тую боскую навуку, якую ты вызнаеш, і ці ўжо ахрышчаны? Не. Яшчэ не ахрышчаны, а ці ведаеш, кветанька, чаму? Павал мне сказаў: «Я пераканаў цябе, што Бог прыйшоў на свет і даўся ўкрыжаваць на збаўленне свету, а ў крыніцы ласкі хай абмые цябе Пётр, які першы цябе багаславіў». Дый я таксама хацеў, каб ты, мілая, глядзела на мой хрост, і каб маткаю мне была Пампонія. Дык дзеля таго я дагэтуль яшчэ не хрышчаны, хоць веру ў Збаўцу і Ягоную салодкую навуку. Павал мяне пераканаў і навярнуў, ды ці ж інакш магло быць? Як жа я мог бы не верыць, што Хрыстус прыйшоў на свет, калі Пётр так навучае, які быў вучнем Ягоным, і Павал, якому аб’явіўся? Як жа мог бы не верыць, што быў Богам, калі ўваскрос? Бачылі ж яго і ў горадзе, і над возерам, і бачылі людзі праўдамоўныя. Я верыў гэтаму ад тае пары, як пабываў у Острыянуме, бо я і тады сказаў сабе: на цэлым свеце хутчэй схлусіць кожны іншы чалавек, толькі не той, які кажа: «Бачыў!» Але вашае навукі я баяўся. Бо здавалася мне, што яна адбірае мне цябе. Я думаў: няма ў ёй ані мудрасці, ані гожасці, ані шчасця. Сяння, аднак, калі пазнаў яе, што ж бы з мяне быў за чалавек, калі б не жадаў, каб над светам панавала праўда, любоў, дабро, вернасць, літасць замест махлярства, нянавісці, злачынства, здрады, помсты? Хто ж бы гэтага не хацеў? Адыж гэтага вучыць вашая навука.

Іншыя навукі быццам таксама дамагаюцца справядлівасці, але гэтая адна толькі робіць сэрца людское справядлівым. Ды апрача таго — чыстым і верным, як тваё і Пампоніі. Сляпым быў бы, каб гэтага не бачыў. а калі пры тым ХрыстусБог абяцаў жыццё вечнае й шчасце бязмернае такое, якое толькі Божая ўсёмагутнасць даць можа, дык чаго ж больш хацець? Калі б я спытаў Сэнэкі: нашто заляцае цноту, калі грэх дае больш задавальнення? — не ўмеў бы мне напэўна нічога талковага адказаць. А я цяпер ведаю, нашто трэ быць сумленным, — на тое, што дабро і міласць плыве з Хрыста, ды на тое, каб, як смерць замкне нам вочы, знайсці жыццё, знайсці шчасце, знайсці сябе самога ды цябе, найдаражэйшая… Як жа не палюбіць ды не прыняць навукі, якая адначасна і праўду кажа і смерць перамагае? Хто б не цаніў больш дабра, чым зла? Я думаў, што гэтая навука адбірае шчасце, а тым часам Павал пераканаў мяне, што не толькі нічога не адбірае, але яшчэ дадае. Ледзь у галаве ў мяне ўсё гэта тоўпіцца, але чую, што так ёсць, бо ніколі я не быў такім шчаслівым дый не мог быць, хоць бы забраў цябе тагды сіламоц і трымаў дома. Ты ось нядаўна гаварыла: «Кахаю цябе», гэных слоў я не выдабыў бы з цябе ўсёю магутнасцю Рыму. О, Лігія! Розум сведчыць, што навука гэта ёсць Боская і найлепшая, сэрца адчувае гэта, а такім дзвём сілам ніхто не здолее супрацівіцца.