Выбрать главу

Ты мне адкрыў вочы. Але ведаеш, чаму так ёсць, як ты кажаш? Рэзьбяр, творачы статую, шукае сабе мадэлю, а я ж не меў мадэлю. Я ніколі не бачыў гораду ў вагні, дзеля таго мой опіс бляды, бяспраўдны.

— Згадзіся з тым, што трэ, аднак, быць вялікім мастаком, каб гэта разумець.

Нэрон задумаўся і цераз часіну пытае: — Адкажы мне, Пятроні, на адно пытанне: ці ты шкадуеш згарэўшае Троі?

— Ці шкадую?.. На кульгуна-мужа Венеры! Хто б таго шкадаваў! І скажу табе чаму: Троя не згарэла б, калі б Праметэй не абдарыў людзей агнём і калі б грэкі не аб’явілі Прыяму вайны; бо каб не было агню, Эсхілос не напісаў бы свайго «Праметэя», роўна як без вайны Гомэр не напісаў бы «Іліяды», а мне больш даспадобы, каб існавалі «Іліяда» і «Праметэй» замест мясціны праўдападобна сціпленькай і бруднай, у якой цяпер сядзеў бы нейкі сасланы пракуратар і нудзіў бы цябе сварнёю з арэопагам.

— Вось што значыць разумна гаварыць! — адазваўся цэзар. — Для паэзіі й мастацтва можна й трэба ўсё прысвяціць. Шчаслівыя ахайяне, што прыдбалі Гомэру змест для «Іліяды», і шчаслівы Прыям, які аглядаў гібель айчыны! А я? Я не аглядаў гораду ў полымі.

Настала хвіліна маўчання, перарваў яе ўрэшце Тыгэлін: — Я ж табе казаў, цэзар, выдай загад, а спалю Анцыюм. Або ведаеш што? Калі табе шкада гэтых віллаў і палацаў, загадаю спаліць караблі ў Остыі або збудую табе на Альбанскім прыгор’і драўляны горад, у які сам пусціш полымя. Хочаш?

Нэрон пранізаў яго вокам пагарды.

— Я глядзеціму на драўляныя буды ў агні? У цябе, Тыгэлін, зусім выветрыўся глузд! Бачу пры гэтым, не надта цэніш мой талент і маю «Троіку», калі думаеш, што нейкая іншая ахвяра была б для яе завялікая.

Тыгэлін астаўпеў, а Нэрон па хвіліне, як бы хочучы змяніць гутарку, дадаў: — Лета ідзе… О, як той Рым патанае цяпер у смуродзе!.. А ўсё ж такі на летнія ігрышчы трэ будзе туды ехаць.

На гэта Тыгэлін: — Як адправіш аўгустыянаў, цэзар, дазволь мне на хвіліну застацца.

Цераз гадзіну пазней Вініць, вяртаючыся з Пятроніем з цэзаравай віллы, гаварыў: — Меў я праз цябе немалы страх. Думаў, што ты п’яны і загубіў сябе без ратунку. Памятай, гуляеш са смерцю!

— Гэта мая арэна, — адказаў абыякава Пятроні. — Захапляе мяне пачуццё, што я найлепшы на гэтай арэне гладыятар. А бач, як скончылася? Мой уплыў сяння яшчэ падрос. Прышле мне сваю паэзію ў куфэрку, які — пойдзем у заклад — будзе надта багатым і ў дрэнным гусце. Будзе ў чым майму лекару хаваць лекі на прачышчанне. Зрабіў я гэта яшчэ й для таго, каб справакаваць заахвочанага ўдаласцю Тыгэліна, які захоча наследаваць мяне, і ўяўляю бокі рваць сабе, што станецца, як рушыць досціпам. От будзем, бы той Дэмакрыт, абсэрвуючы ходзячага па лініі пірэнейскага мядзведзя. Каб я хацеў, патрапіў бы сплавіць Тыгэліна і стацца замест яго прэфектам прэторыянаў. Тады б меў на цугундары і самога Агенабарба. Волю з бядою такое жыццё, якім жыву, і нат з вершамі цэзара.

— Што за лоўкасць: з наганы зрабіць падхалімства! Але ці сапраўды вершы тыя такія дрэнныя? Я прафан у гэтых рэчах.

— Не горшыя ад іншых. Люкан у адным пальцы мае больш таленту, але і ў Рудабародым нешта ёсць. Перад усім ёсць непамерная ахвота да паэзіі й музыкі. За два дні будзем зноў у яго і слухацімем музыкі да гімну на гонар Афрадыты, які сяння або заўтра скончыць. І будзем зноў у вузкім коле, яшчэ меншым: толькі я, ты, Тулій Сэнэцый і малады Нэрва. Тое, што я казаў табе калісь аб вершах — быццам ужываю іх пасля банкету, як Вітэлій ужывае перыны фламінга — гэта няпраўда!.. Бываюць часамі вымоўныя і ў яго. Словы Гэкубы, напрыклад, расчуляючыя… Скардзіцца яна на пакуты пароду, і Нэрон умеў знайсці шчаслівыя сказы, можа таму, што таксама родзіць у пакутах кожны верш… Часамі шкада мне яго. На Палукса! Што за дзівосная мешаніна! Калігуле недахоп было пятае клёпкі, але не быў, аднак, дзіватворам.

— Хто прадбачыць, дакуль можа зайсці шалёнасць Агенабарба? — спытаў Вініць.

— Ніхто. Могуць здарыцца йшчэ такія рэчы, ад якіх людзям праз цэлыя вякі ўставацімуць валасы на галаве. Але гэта якраз і цікавіць, ёсць забаўным, і хоць не раз нуджуся, бы Амонскі Ёвіш на пустыні, думаю, што пад іншым цэзарам нудзіўся б яшчэ горш. Твой юдэйчык Павал, прызнаю, ёсць вымоўны, і калі падобныя людзі агалошвацімуць тую навуку, нашыя багі мусяцімуць сцерагчыся не жартамі, каб не прыйшлося пасля эміграваць на падстрэшанне. Праўда, што мы былі б беспячнейшыя, калі б цэзар стаўся хрысціянінам. Але твой прарок з Тарсу, шукаючы доказаў для мяне, не падумаў, што для мяне, бач, гэтая няпэўнасць якраз і становіць жыццёвую прывабу. Хто не спрабуе ў косці, не прайграе маямосці, а аднак людзі ў косці йграюць. У гэтым тоіцца нейкая раскоша, самазабыццё. Я ведаў рыцарскіх сыноў ды сенатарскіх, якія самахвотна запісваліся ў гладыятары. Я, кажаш, гуляў з жыццём; так, але рабіў гэта, бо мяне гэта дражніць, забаўляе, а вашыя хрысціянскія цноты знудзілі б мяне, як направы Сэнэкі, у адзін дзень. Таму вымова Паўла пайшла з ветрам. Ён павінен цяміць, што такія людзі, як я, ніколі тае навукі не прыймуць. Ты дык штось іншае! З тваім настроем можна або ненавідзець імені хрысціяніна, або ім стацца. Я прызнаю ім праўду, пазяхаючы. Шалеем, ляцім у пропасць, штось таёмнае нясе нам будучыня, штось пад намі трашчыць, штось канае вобак нас — згода! Але памерці патрапімо, а тым часам не хочацца нам зблытваць жыцця ды йсці на службу смерці перадчасна. Жыццё існуе для сябе самога, не для смерці.