— А мне цябе шкада, Пятроні.
— Не шкадуй мяне болей, чым я сам сябе. Даўней табе было між намі не дрэнна і, ваюючы ў Арменіі, тужыў па Рыме.
— Тужу й цяпер.
— Так, бо кахаеш хрысціянскую вясталку, што сядзіць на Затыбры. Ані дзіўлюся табе, ані ганю. Дзіўлюся больш таму, што міма тае навукі, якую завеш морам шчасця, і міма таго кахання, якое хутка мае быць увенчаным, пасумнасць не сходзіць з твайго аблічча. Пампонія Грэцына вечна сумная, ты ад таго часу, як стаўся хрысціянінам, страціў смех. Не ўталкоўвай жа мне, што гэта навука жыццярадасная! З Рыму вярнуўся ты вось яшчэ сумнейшы. Калі хрысціянскае каханне ёсць такім — на яснакучаравага Бакха! — не пайду вашым следам!
— Гэта што іншае, — адказаў Вініць. — Я табе прысягаю не на кучаравага Бакха, але на душу майго родзіча, што ніколі за даўнейшых часаў я не дазнаваў нат прадсмаку такога шчасця, якім дыхаю цяпер. Але тужу страшэнна, і што дзіўна, як прабываю далёка ад Лігіі, здаецца мне, што над ёю вісіць небяспека. Не ведаю, адкуль бы магла прыйсці, а прадчуваю яе так, як буру.
— За два дні падручаюся выстарацца табе дазвол выезду з Анцыюма на так доўга, дакуль сам хацецімеш. Папея нейк паспакайнела, і, наколькі мне ведама, нічога ад яе не пагражае.
— А і сяння пытала, што я рабіў у Рыме, хоць выезд мой быў сакрэтны.
— Быць можа, шпегавала цябе. Цяпер, аднак, і яна мусіціме аглядацца на мяне.
Вініць прыпыніўся й кажа: — Павал навучаў, што Бог часамі перасцерагае, але ў варажбу верыць не дазваляе, дык баранюся ад тае веры, і нельга абараніцца. Раскажу табе, што здарылася, лягчэй мо будзе на сэрцы. Сядзелі мы з Лігіяй у такую ноч, як сянняшняя, і ўкладалі сабе будучае жыццё. Не ўмею табе выказаць, як мы чуліся шчаслівымі й спакойнымі. Нараз чуем рык львоў. Рэч гэта ў Рыме абыдная, а аднак ад тае пары не маю супакою. Здаецца мне, як бы ў гэным была злавесная пагроза… Ты ж ведаеш: на трывогу я не хуткі, але тады пачуваўся так, як бы трывога запоўніла ўсю цемень ночы. Так гэта прыйшло раптоўна й неспадзявана, што і цяпер гучыць увушшу той рык, а сэрца шчыміць ад трывогі, як бы Лігія патрабавала мае абароны ад чагось страшэннага… хоць бы й ад тых самых львоў. Я пакутую. Дык выстарайся хутка дазвол, бо калі не, дык паеду без дазволу. Не магу тут сядзець, кажу табе, не магу!
Пятроні зрабіў сабе з гэтага смех.
— Ну, да таго яшчэ не дайшло, — кажа, — каб сыны консульскіх мужоў або іхнія жоны былі аддаваны львом на корм. Можа спаткаць вас кожная іншая смерць, але не такая. Хто ведае, ці гэна былі львы, ці германскія туры, што не горш ад іх рыкаюць. Я кплю з варажбы і празначэння. Учора ноч была цёплая, і бачыў я, зоры падалі, як дождж. Не аднаму зрабілася б моташна ад такога явішча, а я сабе падумаў: калі між імі ёсць і мая, дык прынамсі меціму таварыства!..
На момант замоўк, пасля кажа далей: — Ну а калі ваш Хрыстус уваскрос, дык, можа, і вас абаіх усцеражэ ад смерці.
— Можа, — адказаў Вініць, углядаючыся на зорнае неба.
XLI
Нэрон граў і пяяў гімн на гонар Спадыні Цыпру ўласнага аўтарства.
Быў таго дня пры голасе і адчуваў, што музыка ягоная сапраўды парывае прысутных, пачуццё гэтае дадавала сілы голасу, які выдабываў з сябе, і так расхвалявала ягоную душу, што выглядаў натхнёным. Аж пасля сам збялеў ад шчырага ўзрушання. І, на дзіва ўсім, не хацеў слухаць пахвалы. Праз момант сядзеў з абапёртымі на цытры рукамі ды пахіленай галавою, пасля раптоўна ўстаў і кажа: — Я змучаны, дайце паветра. Настройце тым часам цытры.
Гэта сказаўшы, абкруціў горла шаўковаю хусцінаю.
— А вы хадзеце са мною, — сказаў, звяртаючыся да Пятронія і Вініція, што сядзелі ў кутку залі. — Ты, Вініць, падай мне рукі, бо не маю сілы, а ты, Пятроні, гавары мне пра музыку.