— Што манішся зрабіць?
— Пабачыш, пабачыш хутчэй, чым табе здаецца. А тым часам ведай, што ёсць двух Нэронаў: адзін такі, якога ведаюць людзі, а другі — артысты, якога адзін толькі ведаеш, і які, калі забівае, як смерць, ці шалее, як Бахус, дык менавіта таму, што яго давіць шэрасць і ліхоцце абыднага жыцця, і жадаў бы яго скараніць хоць бы й агнём ці жалезам… Ох! Які станецца нудны гэты свет, як мяне не стане!.. Ніхто не здагадваецца, нават ты, дарагі, які з мяне мастак! Але якраз таму й сумую, кажу табе шчыра: душа ўва мне бывае часамі так сумнай і маркотнай, як тыя цыпрысы, што там чарнеюцца ўдалечыні. Цяжка чалавеку адначасна насіць найвышэйшую ўладу і найбольшы талент!..
— Спачуваю табе, цэзар, цэлым сэрцам, а са мною зямля і мора, не лічачы Вініція, які ў душы цябе абажае.
— І ён заўсёды быў мне мілым, — сказаў Нэрон, — хоць служыць Марсу, не музам.
— Ён перад усім служыць Афрадыце, — паправіў Пятроні.
І вырашыў за адным замахам заладзіць справу сястрынца ды аддаліць усе небяспекі, якія маглі яму пагражаць.
— Ён закаханы, як Троіл у Крэсыдзе, — кажа. — Дазволь яму, доміне, паехаць у Рым, бо ссохне. Ці ведаеш, што тая лігійская закладніца, якую ты падараваў яму, знайшлася, і Вініць, выязджаючы да Анцыюма, пакінуў яе пад апекай нейкага Ліна? Не згадваў я табе пра гэта, бо ты ўкладаў свой гімн, а гэта важнейшая рэч над усім. Вініць маніўся з яе зрабіць сабе каханку, але, як аказалася цнатліваю, бы Лукрэцыя, раскахаўся ў ейнай цноце і цяпер жадае звянчацца з ёю. Гэта каралеўская дачка, дык дызгонару не будзе, але ж ён — вось існы ваяк — уздыхае, сохне, енчыць, аднак чакае на дазвол свайго імператара.
— Імператар не выбірае жанок ваяком. Нашто яму той дазвол?
— Я ж казаў табе, доміне, ён цябе абажае.
— Дык тым больш можа быць пэўны майго дазволу. Гэта ўдалая дзяўчына, хоць завузкая ў клубох. Аўгуста Папея скардзілася мне на яе, што ўракла нам дзіця ў Палатынскім парку… — Але я сказаў Тыгэліну, што боствы не паддаюцца ліхім прырокам. Памятаеш, боскі, як ён быў сумеўся, і як сам ты крычаў: «Habet!»
— Памятаю.
Тутка звярнуўся да Вініція: — Кахаеш жа яе так, як кажа Пятроні?
— Кахаю, доміне! — адказаў Вініць.
— Дык выдаю загад зараз ехаць узаўтра ў Рым, звянчацца з ёю і не паказвацца мне на вочы без вянчальнага пярсцёнка.
— Дзякую табе, доміне, з сэрца і душы.
— О, як міла ўшчасліўляць людзей! — адазваўся цэзар. — Не жадаў бы нічога іншага праз усё жыццё рабіць.
— Зрабі нам яшчэ адну ласку, боскі, — просіць Пятроні, — і асвець гэну волю сваю перад аўгустай: Вініць не асмеліўся б ніколі ажаніцца з асобай, якой не рада аўгуста, але ты, доміне, разгоніш адным словам ейныя ўпярэджанні, аб’яўляючы, што сам так загадаў.
— Добра, — кажа цэзар. — Табе і Вініцію не ўмеў бы нічога адмовіць.
І завярнуўся да віллы, а яны за ім, рады з перамогі. Вініць мусіў устрымоўвацца, каб не кінуцца на шыю Пятронію, бо цяпер усе перапоны й небяспекі быццам былі аддалены. У атрыюме віллы малады Нэрва і Тулій Сэнэцыё забаўлялі аўгусту гутаркай, Тэрпнас і Дыядор строілі цытры. Нэрон, увайшоўшы, сеў на ўзорыстым крэсле і, шапнуўшы штось на вуха прыбочнаму грэцкаму хлапчаняці, чакаў. Хлапчанё воміг вярнулася з залатою скрынкаю.
Нэрон адчыніў яе і, выняўшы нашыйнік з буйных перлаў, гавора: — Во каштоўнасці, годныя сянняшняга вечара.
— Іграе на іх зарніца, — адзываецца Папея, перакананая, што нашыйнік ёй прызначаны.
Цэзар то падымаў, то спушчаў ружовыя каменні, урэшце кажа: — Вініць, падаруеш ад мяне гэны нашыйнік маладой лігійскай каралеўне, з якою загадваю табе звянчацца.
Поўныя гневу і раптоўнага здзіўлення вочы Папеі пранізвалі то цэзара, то Вініція, а ў канцы ўрэзаліся ў Пятронія. А той, перагнуўшыся абыякава праз поручча крэсла, вадзіў рукою па грыфе гарфы, як бы жадаючы вывучыць ягоную форму. Прамеж таго Вініць, падзякаваўшы за падарунак, падыйшоў да Пятронія і сказаў: — Чым я табе адудзячуся за ўсё тое, што ты для мяне сяння зрабіў?