Хто яе вырве з агню, хто выратуе? Вініць аж прылёг да каня, ушчаміўшы пальцы ў грыву, гатовы быў кусаць конскі карак. У пэўным моманце нейкі коннік, што гнаўся з процілеглага боку да Анцыюма, крыкнуў, мінаючы яго: «Рым гіне!» — ды паімчаўся далей. Да вушэй Вініціевых даляцела толькі шчэ слова «багі», рэшту заглушыў тупат капытоў. Тое слова ацвярозіла яго. Багі!.. Вініць падняў голаў, выцягнуў рукі да зорнага неба і пачаў маліцца: «Не вас заклікаю, якіх святыні валяцца, але Цябе!.. Ты сам цярпеў, Ты адзін міласэрны! Ты адзін разумеў людскі боль! Ты прыйшоў на свет людзей навучаць літасці, дык акажы ж яе цяпер! Калі Ты такі, якім называюць Цябе Пётр і Павал, дык паратуй мне Лігію. Вазьмі яе на рукі і вынесі з полымя! Ты можаш гэта! Аддай мне яе, а я Табе аддам кроў. А калі не хочаш мне гэтага зрабіць, дык зрабі гэта для яе. Яна Цябе мілуе і на Цябе спадзяецца. Абяцаеш жыццё і шчасце пасмяротнае, але шчасце пасмяротнае не ўцячэ, а яна паміраць яшчэ не хоча, дай жыццё ёй!
Вынесі яе з Рыму на сваіх руках. Ты ж можаш, хіба не жадаеш!..»
Перапыніў, бо чуў, што далейшая малітва магла змяніцца ў пагрозу, а баяўся абразіць Боства тады, калі ласка і літасць Ягоная найбольш была патрэбнай.
Спалохаўся такое думкі і, каб не дапусціць да галавы ані ценю гразьбы, пачаў зноў сцёбаць каня, тым болей, што белыя муры Арыцыі на палове дарогі да Рыму засвяцілі ўжо перад ім у месячным водбліску. Незабаўна пралятаў міма святыні Мэркура ў гаю перад горадам. Відаць, ужо ведалі тутака пра няшчасце, бо перад святыняй панавала суталака. Вініць пралётна згледзеў на сходах і між калюмнамі рой людзей з светачамі ў руках, якія ціснуліся пад апеку боства. Дарога не была так парожная і вольная, як за Ардэяй. Натаўп ішоў, праўда, да святыні бакавымі сцежкамі, але і на галоўным гасцінцы стаялі грамады, якія хутка ўцякалі перад разгоненым ездаком. З гораду далятаў гоман. Вініць уляцеў туды, бы віхар, паваліўшы й сталачыўшы на дарозе некалькі людзей. Навокал цяпер акружылі яго крыкі: «Рым гарыць! Горад у вагні! Багі, ратуйце Рым!»
Конь спатыкнуўся, стрыманы моцнаю рукою Вініція, і асеў назад перад гасподаю, дзе стаяла змена. Нявольнікі, казаў бы спадзеючыся гаспадара, стаялі перад гасподай і на ягоны загад рушылі навыперадкі па новага каня, а Вініць, бачачы аддзел дзесяці конных прэторыянаў, якія, мабыць, ехалі да Анцыюма з весткамі, падбег да іх і пачаў пытаць: — Каторая частка гораду гарыць?
— А ты хто такі? — спытаў дзясятнік.
— Вініць, вайсковы трыбун і аўгустыянін! Адказвай, галавой рызыкуеш!
— Пажар, спадару, пачаўся ў крамах пры Вялікім Цырку. Як мы выязджалі, быў ужо ў вагні цэнтр гораду.
— А Затыбра?
— Агонь туды дацяпер не дайшоў, але з непаўстрыманай сілай абыймае штораз новыя кварталы. Людзі гінуць ад жару і дыму, і ніякі ратунак немагчымы.
У тым моманце падалі Вініцію новага каня. Малады трыбун ускочыў на яго і панёсся далей. Ехаў цяпер да Альбанума, пакідаючы направа Альбалонгу і ейнае чароўнае возера. Гасцінец да Арыцыі йшоў пад гару, якая зусім засланяла далягляд і Альбанум на другім баку. Вініць ведаў, аднак, што з гары ўбачыць не толькі Бовілу і Устрынум, дзе чакалі на яго свежыя коні, але й Рым, бо за Альбанумам ляжала па абодвух бакох Апійскай дарогі роўная нізкая Кампанья, па якой беглі толькі да места аркады аквадуктаў, і нічога ўжо не засланяла віду.
— З гары ўбачу полымя, — казаў сабе.
І пачынаў сцёбаць каня. Яшчэ не даскочыў на вяршыню гары, як пачуў на твары подых ветру з дымам і ўбачыў вяршыню азалочанай.
— Загарава! — падумаў Вініць.
Ноч сівела ўжо даўно, золак пераходзіў у світанне, і на ўсіх блізкіх узгорках таксама свяціў ружовы і жоўты бляск, могучы быць і ад пажэжы і ад зарніцы. Вініць выехаў на вяршыню гары, і тады жудаснае відовішча залунала перад ягонымі вачыма.