Але думкі гэныя, выбухнуўшыя з ягонай галавы, бы сноп іскраў з палаючага дому, так і загаслі хутка, як тыя іскры. Перад усім трэ было як найхутчэй Лігію ратаваць. Прыглядаўся цяпер бядзе зблізку, дык зноў апанавала яго трывога, а бачачы мора вагню й дыму, бачачы страшэнную рэчаіснасць, тая надзея, што Пётр выратуе Лігію, замерла зусім у ягоным сэрцы. Роспач агарнула яго зноў, дык, выкараскаўшыся на віа-Портуэнсіс, вядучую проста на Затыбра, апамятаўся аж у браме, дзе пачуў тое самае, што казалі яму ўцекачы: большая частка таго кварталу не была абнята яшчэ пажарам, хоць агонь у некалькіх мяйсцох перакінуўся ўжо за рэчку.
Затыбра, аднак, было поўнае дыму і ўцякаючага народу, праз які цяжэй было пралезці ў глыбіню, бо людзі, маючы больш часу, выносілі й ратавалі больш маёмасці. Галоўная Партовая дарога была ў многіх пунктах зусім ёю завалена, а каля Наўмахіі Аўгуста высіліся аж цэлыя стосы. Цяснейшыя завулкі, у якіх тоўпіўся гусцейшы дым, былі проста недаступныя. Жыхары ўцякалі адтуль тысячамі. Вініць спатыкаў па дарозе страшэнныя эпізоды.
Не раз дзве людскія ракі, плывучыя з процілеглых бакоў, спаткаўшыся ў цесным праходзе, напіралі адна на другую і змагаліся з сабою назабой. Людзі біліся й талачылі адны другіх. Сем’і ў сумятні губляліся, маткі роспачна заклікалі дзяцей, Вініцію валасы ўставалі на ўспамін, што мусіла дзеецца бліжэй агню. Сярод вераску і суталакі цяжка было чаго дапытацца або допыты зразумець. Час ад часу каціліся новыя хвалі дыму з-за ракі, чорнага і так цяжкага, поўзаючага па зямлі, закрываючага дамы, людзей і ўсю рухлядзь так, як закрывае цёмная ноч. Але вецер, выкліканы пажарам, развяваў яго, і тады Вініць мог прабірацца далей да завулку, на якім стаяў дом Ліна. Гарачыня ліпнёвага дня, уздвоеная жагою ад пажару, сталася невыноснаю. Дым выгрызаў вочы, у грудзёх займала дух. Нат і тыя жыхары, якія не спадзяваліся, што пажар перабярэцца цераз раку, ды сядзелі дагэтуль у дамох, пачалі ўцякаць, і сумятня пабольшвалася з кожнай часінай. Вініціевы прэторыяне засталіся ззаду. У натоўпе нехта параніў молатам яму каня, які пачаў кідацца з закрываўленым лбом, станавіцца дуба й наравіцца. Пазналі па багатай вопратцы аўгустыяніна, і зараз жа пачалі разлягацца крыкі: «Смерць Нэрону й ягоным падпалячом!»
І вось прыйшла хвіліна грознае небяспекі, сотні кулакоў паднялося супраць Вініція, але спуджаны конь вынес яго, драсуючы людзей, а хутка нахлынула новая хваля чорнага дыму, ахінаючы цемраю вуліцу. Вініць бачыць, што не праедзе, дык саскочыў з каня і пабег пехатою, туляючыся каля сцен ды ўстрымоўваючыся, каб уцякаючы натоўп яго мінаў. У душу лезла думка, што гэныя натугі дарэмныя, Лігіі можа ўжо ў горадзе й няма, магла таксама ўцячы: лягчэй было знайсці шпільку на беразе мора, чым яе ў гэнай суталацы й хаосе. Намагаўся, аднак, хоць бы за цану жыцця дабрацца да дома Ліна. Сюд-тут затрымоўваўся і праціраў вочы. Адарваўшы рог тунікі, засланяў сабе нос і вусны ды бег далей. Чым больш набліжаўся да ракі, тым страшней узмагалася гарачыня. Вініць, ведаючы, што пажар заняўся ля Вялікага Цырку, думаў спачатку, жага тая б’е ад ягонага папялішча ды ад Форум Боарыюм і ад Вэлябрума. Гарачыня станавілася ўсё больш невыноснай. Нейкі ўцякач, апошні, якога Вініць згледзеў, стары, на мыліцах, крыкнуў: «Не падыходзь да мосту Цэста! Уся атока ў вагні!» Сітуацыя рабілася безнадзейнай. На закруце да Вікус Юдаэарум, на якім стаяў дом Ліна, малады трыбун дагледзеў у хмары дыму полымя: гарэла не толькі атока, але й Затыбра, а прынамсі другі канец вулачкі, дзе жыла Лігія.
Вініць, аднак, памятаў, што дом Ліна быў у садочку, за якім ад боку Тыбру было невялічкае незабудаванае поле. Гэная згадка прыдала яму льгі.
Агонь мог затрымацца на пустой прасторы. Гэная надзея гнала яго далей, хоць кожны подых ветру прыносіў ужо не толькі дым, але тысячы іскраў, якія маглі ўзнавіць пажар з другога канца завулка і загарадзіць паварот.