Выбрать главу

Змоўк. Падняў вочы, быццам узіраўся на нешта грознае, далёкае. Нараз адазваўся ў падзямеллі глухі грохат — адзін, другі і дзесяты. Гэна развальваліся агарэлыя дамы, цэлыя вуліцы. Большасць слухачоў была перакананая, што гэныя водгукі — гэта сігналы тае страшнае надыходзячае суднае гадзіны, бо вера ў паўторнае прыйсцё Хрыста і ў канец свету была і так распаўсюджана між імі, цяпер вось пажар гораду яе ўзмагутніў. Божая трывога агарнула прысутных. Падымаліся галасы: «Судны дзень!.. Вось ідзе!..» Некаторыя закрывалі даланямі твар, баючыся, быццам зямля воміг затрасецца і з шчалюгі ейнай выйдуць пякельныя бестыі ды кінуцца на грэшных. Іншыя заклікалі: «Хрысце, змілуйся! Адкупіцелю, будзь міласцівы!..» Іншыя вызнавалі голасна грахі, іншыя ўрэшце кідаліся сабе ў абдымкі, каб у жахлівай хвіліне мець пры сабе нейкае блізкае сэрца.

Але былі й такія, якіх абліччы ў нябесным захапленні, поўныя надземнае радасці, не былі трывожнымі. У некалькіх мяйсцох разлягалася глоса: людзі ў рэлігійным экстазе крычалі ў незразумелых мовах. Нехта з цёмнага кутка адзываўся: «Збудзіся, хто спіць!» Над усім панаваў голас Крыспа: «Зважайце, будзьце гатовымі!»

Часамі, аднак, западала маўчанне, маўляў усе затрымоўвалі дыханне ў грудзях, чакаючы на тое, што мае стацца. Тады чутны былі далёкія грымоты, завальваліся ў грузы кварталы, пасля адзываліся енкі, малітвы, глосы і благанні: «Адкупіцелю, злітуйся над намі!» Гэта зноў Крысп пачынаў агалошваць свае заклікі: «Адракайцеся зямных скарбаў, бо зараз зямля расступіцца пад вамі! Пакіньце зямныя ўцехі, бо Госпад выгубіць тых, што болей будуць мілаваць жоны і дзеці, чым Яго! Гора таму, хто ўмілаваў стварэнне больш, чым Стварыцеля! Гора багатым! Гора збыткоўнікам! Распуснікам! Гора мужу, сужэнцы й дзіцяці!..»

Раптам мацнейшы, чым перш, гук скалатнуў сухадолам. Усе пападалі на зямлю, выцягаючы накрыж рукі, каб такім чынам бараніцца ад нячыстых сіл. Настала цішыня, чутны былі толькі прыспешныя зяханні, жахлівы шэпт: «Езус, Езус!» — ды дзе-нідзе плач дзетак. Нараз над непарушным цёмным людскім памостам падымаецца голас: — Pax vobis!

Быў гэта голас Апостала Пятра, які перад хвілінай увайшоў пад зямлю. Гэныя словы ў адным моманце адагналі страх ад усіх, як прысутнасць пастуха адганяе страх ад статка. Людзі ўставалі з зямлі, гарнуліся да ягоных ног, моў шукаючы пад ягонымі крыламі апекі, а ён працягнуў над імі рукі і адазваўся: — Чаму ўстрывожаны сэрцы вашы? Хто з вас адгадае, што яго можа спаткаць, пакуль прыйдзе гадзіна? Пакараў Бог агнём Бабілён, але над вамі, якіх абмыў хрост, грахі каторых адкупіла кроў Баранка, міласэрнасць ягоная! І памрэце вы з імем Ягоным на вуснах вашых! Спакой вам!

Пасля грозных і неміласэрных слоў Крыспа Пятровыя словы былі для прысутных бальзамам. Замест Божае трывогі завалодала душамі Божая міласць. Людзі тыя знайшлі такога Хрыста, якога палюбілі з апостальскіх расказаў, а знача: не бязлітаснага Суддзю, але салодкага й цярплівага Баранка, міласэрнасць якога ў сто разоў перавышала злосць людскую. Настрой польгі агарнуў цэлую грамаду, і супакаенне лучна з удзячнасцю для Апостала перапоўніла іхнія сэрцы.

Падняліся галасы з розных бакоў: «Мы твае авечкі, пасі нас!» А бліжэйшыя прасілі: «Не пакідай нас у дню пагубы!» — і кленчылі ля ягоных ног; бачачы гэта, Вініць падыйшоў, схапіў за бераг ягонай адзежыны і, спусціўшы голаў, адазваўся: — Доміне, паратуй мяне! Шукаў я яе ў дыме пажарным і людскім натаўпе ды нідзе не мог знайсці, але веру, што ты можаш мне яе вярнуць.

Пётр палажыў яму на галаве руку.

— Узмацняй надзею, — кажа, — і хадзем за мною.

XLVI

Горад усцяж гарэў. Вялікі Цырк разваліўся ў грузы, у кварталах, якія перш пачалі гарэць, западаліся цэлыя завулкі. Што рухне дом, вуліца — полымя жухне слупам аж пад неба. Вецер закруціў ад боку мора з страшнай сілай, несучы на Цэліус, на Эсквілінум ды на Вімінал хвалі агню, галавешак і вугалля. Пачаўся ўжо й ратунак. Па загаду Тыгэліна, які на трэці дзень прыбыў з Анцыюма, пачалі на Эсквіліне бурыць дамы, каб не дапусціць далей агню. Дарэмны гэта быў, аднак, ратунак нібыта для ацалення астанкаў гораду, бо пра адратаванне таго, што пачало гарэць, не было чаго і думаць. Трэба было пры тым забяспечыцца і ад далейшых наступстваў пажару. Разам з Рымам гінула вялікае багацце, гінула ўся маёмасць ягоных жыхароў, так што навакол гораду качавалі цяпер тысячы галайстры. Ужо на другі дзень голад пачаў дакучаць масам, бо незлічоныя запасы еміны, замагазінаванае ў горадзе, гарэлі разам з ім, а ў вагульнай каламесіцы і дэзарганізацыі ўрадаў ніхто да гэтых пор не падумаў пра даставу новых. Аж толькі па прыездзе Тыгэліна пайшлі ў Остыю адмысловыя загады, але прымеж таго народ станавіўся штораз бруднейшым.