Выбрать главу

Скончыўшы ўрэшце песню, загадзя ўложаную, пачаў імправізаваць, шукаючы вялікіх параўнанняў у відовішчы, якое рассцілалася перад ім. На твары відаць былі ўнутраныя перажыванні. Не праймала яго гібель радзімага гораду, але ўпаіўся і расхваляваўся пафасам уласных слоў да таго, што ўпусціў брынчачую лютню пад ногі і, ахінуўшыся ў шырму, стаяў, бы скамянелы, падобны да аднаго з тых мармуровых Ніобідаў, якія ўпрыгажалі дворышча Палатыну.

Па кароткай хвіліне маўчання загрымела бура воплескаў. Але воддаль адказала ёй выццё натаўпу. Цяпер ніхто там ужо не сумняваўся, што гэта цэзар загадаў спаліць горад, каб зрабіць сабе відовішча й пяяць пры ім песні.

Нэрон, пачуўшы той крык тысячных галасоў, звяртаецца да аўгустыянаў з сумнай, поўнай расчаравання мінай пакрыўджанага чалавека і кажа: — Вось як квірыты ўмеюць цаніць мяне й паэзію.

— Злыдні! — адказаў Ватыній. — Напусці на іх прэторыянаў!

Нэрон звярнуўся да Тыгэліна: — Ці магу спадзявацца вернасці ад вояў?

— Так, боскі! — адрапартаваў прэфект.

Пятроні паціснуў плячыма: — На іхнюю вернасць, але не колькасць, — дадаў. — Застанься тым часам тут, дзе стаіш, бо тут найбеспячней, а той народ трэ ўціхамірыць.

Тое самае думалі і Сэнэка, і консул Люцыній. Тым часам на нізе ўзбурэнне расло. Народ узбройваўся каменнямі й каламі ад палатак, дошкамі з вазоў і тачак ды розным жалеззем. Незабаўна некалькі кагортавых камандантаў прыйшло з дакладам, што прэторыяне ледзь вытрымоўваюць лінію ад налягаючай хвалі ўзбуранага народу і, не маючы загаду біць, не ведаюць, што рабіць.

— О, богі! — наракае Нэрон. — Што за ноч! З аднаго боку пажар, з другога — разгуканае мора народу.

І пачаў шукаць далей сказаў, якія б найстрайней маглі выказаць жудасць хвіліны, але, бачачы навокал блядыя трывожныя міны, таксама спалохаўся.

— Дайце цёмны плашч з каптуром! — адазваўся. — Ці сапраўды можа дайсці да бітвы?

— Уладару, — адказаў няпэўным тонам Тыгэлін, — я зрабіў усё, што мог, але небяспека ёсць паважная… Звярніся да народу, боскі, з абяцанкамі.

— Цэзар будзе гаварыць да галайстры? Хай гэта выканае іншы хто ад майго імя. Хто падручыцца?

— Я! — адказаў Пятроні.

— Ідзі, дружа! Ты найвярнейшы ў кожнай патрэбе… Ідзі і абяцанак не шкадуй!

Пятроні звярнуўся да прысутных з мінаю пагардлівай ды іранічнай: — Прысутныя тут сенатары, — кажа, — ды акрамя іх Пізон, Нэрва і Сэнэцый паедуць са мною.

І важна зыйшоў з вадацягу, а тыя, якіх паклікаў — за ім, не без хіслівасці, але з пэўнаю льгою, чэрпанаю з ягонай дастойнай спакойнасці. Пятроні, затрымаўшыся пад аркадамі, загадаў падаць сабе белага каня, сеў на яго і паехаў на чале з таварышамі праз глыбокія шэрагі прэторыянаў, да чорнай выючай масы, безабаронны, трымаючы ў руцэ тонкі кіёчак з косці слановай, з якім прызвычаіўся хадзіць.

І, пад’ехаўшы зусім, упёр каня ў натаўп. Кругом, як вока сягала, відзён быў лес рук, узброеных, чым трапіла, раз’юшаныя вочы, аблітыя потам твары і разрыканыя запененыя вусны. Расшалелая хваля ўміг акружыла ягоную кампанію, за ёю відаць было існае мора галоў — хвалюючае, кіпучае, страшэннае.

Крыкі змагутнелі й змяніліся ў нялюдскі рык. Калы, вілы, а нат шаблі ківаліся над галавою Пятронія. Дзярлівыя рукі лавілі цуглі ягонага каня ды яго самога, а ён уязджаў штораз глыбей, халодны, сухадушны, з мінаю абрызглай. Часамі валіў кіем па галаве найзаядлейшых так, як бы расчышчаў сабе дарогу, і тая самапэўнасць і безтрывожнасць ягоная будзіла ў натаўпе подзіў. Пазналі яго ўрэшце, і многія галасы пачалі крычаць: — Пятроні! Arbiter elegantiarum! Пятроні!

— Пятроні!!! — загуло з усіх бакоў.

І чым больш паўтарана гэна імя, тым больш гасла зайздрасць і пагроза, бо гэны статны патрыцый, хоць ніколі не шукаў ласкі ў народа, быў аднак ягоным пюпілам. Меў славу чалавека людскога, шчодрага, а папулярнасць ягоная пашыралася злашча ад часаў справы Пэданія Сэкунда, для якога дамагаўся лагоднага прысуду, каторым прыгавораны былі да смерці ўсе нявольнікі прэфекта. Злашча нявольнікі любілі яго ад тае пары такою любоўю, як людзі прыгнобленыя й бяздольныя звычайна любяць тых, хто хоць крыху аказвае ім спачуцця. Да таго далучалася шчэ й цікавасць: што скажа высланнік цэзара, бо ніхто не сумняваўся, што цэзар выслаў яго знарок. А ён, зняўшы з сябе сваю белую, аблямаваную шкарлатам, тогу, падняў яе ўгару і пачаў матляць над галавамі, каб даць знаць, што хоча прамовіць.