Выбрать главу

Штоноч здараліся бойкі, забойствы, хапанні жанчын і дзяцей. Пры порта-Мугіёніс, дзе стаяла прыганянае з Кампаньі быдла, даходзіла часта да бітвы, у якой гінула сотні людзей. Кожнае раніцы берагі Тыбру ўсланыя былі тапельцамі, якіх ніхто не хаваў, а якія ад гарачыні пачыналі гнісці і атручваць паветра смуродам.

На табарышчах пачаліся хваробы, і баязліўныя прадвяшчалі вялікі паморак.

А горад яшчэ ўсё гарэў. Шостага толькі дня агонь, спаткаўшы пустую шыр Эсквіліну, дзе знарок разбурана вялікую колькасць дамоў, пачаў слабець. Але кучы раз’яранага вуголля свяцілі шчэ так моцна, што народ не хацеў верыць у канец злыбяды. І сёмае ночы пажар з новаю сілаю аднавіўся ў будынках Тыгэліна, не маючы, аднак, тлушчу, трываў ужо нядоўга. Анно перагарэлыя камяніцы тут і там западаліся, выціскаючы ўгару пламяністыя вужы і слупы іскраў.

Некаторыя вогнішчы, гарачыя ўсярэдзіне, зверху пачалі чарнець. Небасхіл перастаў па захадзе сонца чырваніцца крывавым загаравам, і толькі падчас ночы на разлеглай чорнай пустэчы скакалі блакітныя языкі з кучаў вуголля.

З чатырнаццаці кварталаў Рыму засталося толькі чатыры разам з Затыбрам. Астатняе зжор агонь. Калі ўрэшце кучы вуголля спапялелі, відаць была, пачаўшы ад Тыбру аж да Эсквіліну, шырокая пространь шэрая, сумная, мёртвая, на якой тырчалі шэрагі камінаў, бы надгробныя калоны на магільніку. Між тымі калонамі снавалі ўдзень маркотныя грамады людзей, шукаючыя то дарагіх рэчаў, то касцей дарагіх асоб. Ноччу вылі сабакі на папялішчах даўных дамоў.

Цэлая шчодрасць і спамога, якую цэзар аказаў людзям, не паўстрымала наракання і абурэння. Задаволены быў толькі натаўп басякоў, зладзеяў і бяздомнае галіты, які мог удосталь есці, піць і рабаваць. А людзі, якія страцілі найбліжэйшыя істоты, маёмасць, не далі сябе аблашчыць ні адкрыццём паркаў, ні збыткам збожжа, ні абяцанкамі гульняў ды дарункаў. Няшчасце было надта вялікае, нечуванае. Іншых, у каго тлілася яшчэ якая іскра прывязанасці да горада-бацькаўшчыны, даводзіла да роспачы вестка, што старая назова Рома загіне, што цэзар новаадбудаваны горад маніцца назваць Нэропаліс.

Хваля незадавальнення расла з кожным днём і, міма падхлебніцтва аўгустыянаў, міма лгарства Тыгэліна, Нэрон, чулы, як ніхто з папярэднікаў-цэзараў, на ласку натоўпу, з трывогаю думаў, што ў глухім змаганні на смерць і жыццё, якое вёў з патрыцыятам і сенатам, можа страціць падпору. Самі аўгустыяне не менш трывожыліся, бо кожны заўтрашні дзень мог ім прынесці загубу. Тыгэлін маніўся адклікаць некалькі легіяў з Малое Азіі; Ватыній, які рагатаў нат тады, калі білі яго па пысе, згубіў цяпер зусім гумар; Вітэлі згубіў апетыт.

Іншыя талкавалі між сабою, як адвярнуць небяспеку, для нікога бо не было таямніцай, што калі б які закалот зрабіў канец цэзару, дык за выключэннем аднаго мо Пятронія аніводзін з аўгустыянаў не застаўся б жывы. Бо яны накручвалі цэзара на ўсе шалёныя ліхадзействы, якія тварыў. Нянавісць супраць іх была, бадай, мацнейшай, чым супраць цэзара.

Дык пачалі круціць мазгамі, як бы скінуць з сябе адказнасць за падпал гораду. Але, каб скінуць яе з сябе, трэ скінуць яе і з цэзара, інакш бо ніхто не паверыць, што бяду не яны спрычынілі. Тыгэлін раіўся ў гэтай справе з Даміцыем Афрам, а нат і з Сэнэкай, хоць яго ненавідзеў.

Папея, разумеючы таксама, што згуба Нэрона спрычыніла б і ёй канец, пытала рады ў сваіх павернікаў і гебрайскіх святароў, бо праўдападобна вызнавала веру Еговы. Нэрон вымысляў свае спосабы, часта страшныя, часцей блазноцкія, і то дрыжаў ад страху, то блазнаваў па-дзіцячаму, а перад усім наракаў.

Раз нейк у ацалеўшым ад пажару доме Тыбэрыя адбывалася доўгая й бясплённая нарада. Пятроні быў тае думкі, каб, кінуўшы турботы, ехаць у Грэцыю, пасля ў Егіпет і Малую Азію. Тым болей, што аб гэным падарожжы было вырашана даўно, дык нашто яго адкладаць тады, як у Рыме і маркотна, і небяспечна.