Будзьце ж сапраўды багамі й каралямі, бо кажу вам, што можаце сабе на гэта дазволіць. Пагражаў ты, цэзар, нядаўна судам патомных вякоў, але не забудзь, што яны выдадуць прысуд і на цябе. На боскую Кліо! Нэрон, валадар свету! Нэрон-бог спаліў Рым, бо быў так магутным на зямлі, як Зэўс на Алімпе! Нэрон-паэт любіў так паэзію, што ахвяраваў ёй айчыну! Як свет ёсць светам — ніхто нічога падобнага не даканаў, на нішто падобнае не адважыўся. Заклінаю цябе ў імя дзевяці Лібетрыд, не выракайся такое славы, бо песні цябе апявацімуць да сканчэння вякоў. Кім жа ў параўнанні з табою будзе Прыям? Кім Агамемнан? Кім самыя богі? Гэта не важна, ці падпал Рыму ёсць рэчай добрай, важна тое, што ёсць рэчай вялікай, незвычайнай! А пры тым заручаю табе, што народ не падыме на цябе рукі!
Гэта няпраўда! Будзь адважны! Высцерагайся праступкаў, не годных цябе, табе пагражае толькі тое, што патомныя вякі некалі магчымуць сказаць: «Нэрон спаліў Рым, але як труслівы цэзар і маладушны паэт не прызнаўся да вялікага чыну са страху і зваліў віну на нявінных!»
Словы Пятронія звычайна рабілі моцнае ўражанне на Нэрона, але гэтым разам сам Пятроні не пацяшаўся надзеяй, бо сцяміў, што выказаныя нядаўна словы — гэта апошні спосаб, які пад шчасце і ўратаваў бы хрысціян, ды загубіў бы яго самога. Не хіснуўся аднак, бо расходзілася яму поспал і пра Вініція, якога мілаваў, і пра азарт, які яго забаўляў. «Косці кінуты, — казаў сабе, — і паглядзімо, наколькі ў малпе страх пра собскую скуру пераважыць прагу славы».
І ў душы не сумняваўся, што, аднак, пераможа страх. Прымеж таго, па словах ягоных залягло цяжкае маўчанне. Папея і ўсе прысутныя глядзелі ў вочы Нэрону, бы ў абраз, а той закапыліў губу аж пад самыя ноздры, як рабіў заўсёды, калі не ведаў, што пачаць; цяжкая турботлівасць і знеахвота маляваліся ў ягоным твары.
— Доміне! — адазваўся, бачачы гэта, Тыгэлін. — Дазволь мне адыйсці, бо, калі хочуць выставіць на згубу тваю асобу, а пры тым завуць маладушным цэзарам, маладушным паэтам, вушы мае не могуць знесці такіх слоў.
«Прайграў», — падумаў Пятроні.
Але звярнуўся да Тыгэліна, пранізаў яго вокам, у якім іграла вялікапанская пагарда, пагарда вытанчанае асобы для нікчомніка, і кажа: — Тыгэлін, цябе я назваў камедыянтам, бо ты камедыянт нат і цяпер.
— Ці таму, што не хачу слухаць тваіх зняваг?
— Таму, што прыкідваешся безгранічным прыяцелем цэзара, а перад хвілінай пагражаў яму прэторыянамі, зразумелі мы гэта ўсе і ён таксама.
Тыгэлін, які не спадзяваўся, што Пятроні асмеліцца кінуць яму на стол гэткія косці, збялеў, абязглуздзеў і занямеў. Але была гэта апошняя перамога арбітра элеганцыі над праціўнікам, бо ў тым жа моманце Папея адазвалася: — Доміне, як можаш дазволіць, каб нат думка такая прайшла праз чыюсьці галаву, а тым больш, каб хто асмеліўся выказаць яе ўголас у тваёй прысутнасці!
— Спыні рызыканта! — азваўся Вітэлі.
Нэрон зноў падняў губу і, скіраваўшы на Пятронія свае шклястыя вочы блізагляда, сказаў: — Дык так ты адплачваешся мне за любасць, якою я цябе ганараваў?
— Калі няпраўду гавару, дакажы мне гэта, — адказвае Пятроні, — але ведай, што гавару гэта з наказу любові да цябе.
— Пакарай рызыканта! — паўтарае Вітэлі.
— Зрабі гэта! — адзываецца шчэ некалькі галасоў.
У атрыюме зрабілася сумятня і шум, бо людзі пачалі адыходзіць ад Пятронія. Адыйшоў нат Тулій Сэнэцыё, ягоны сталы прыдворны таварыш, і малады Нэрва, які аказваў яму дагэтуль найжывейшую прыязнь. Незабаўна Пятроні сам застаўся з левага боку атрыюма і, разгортваючы са смехам хванды тогі, чакаў, што скажа ці рабіціме цэзар. А цэзар адзываецца: — Дамагаецеся кары, адыж гэта мой прыяцель і таварыш, дык хоць зраніў мне сэрца, хай ведае, што гэнае сэрца для прыяцеляў мае толькі… прабачэнне.
«Прайграў і прапаў!» — падумаў Пятроні.
Цэзар устаў, нарада была скончана.
L
Пятроні пайшоў, а Нэрон з Тыгэлінам перайшлі да атрыюма Папеі, дзе чакалі на іх людзі, з якімі прэфект нядаўна гутарыў. Было там двух рабінаў з Затыбра, апранутых у доўгія ўрачыстыя шаты, з мітрамі на галавах, малады пісар, іхні памочнік, і Хілон. Убачыўшы цэзара, святары пабялелі і, падняўшы на вышыню пляча рукі, пахілілі галовы аж да рук.
— Авэ, манарх манархаў, кароль каралёў! — адазваўся старэйшы. — Вітай, валадару зямлі, апякуне выбранага народу і цэзар, льве між людзьмі, панаванне якога — гэта сонечная светласць, гэта цэдр лібанскі, свежая крыніца, пальма цяністая, бальзам ерыхонскі!..
— А богам мяне не называеце? — спытаў цэзар.