Выбрать главу

— Чуеш, цэзар! — зацеміла Папея.

— Няўжо гэта можа быць? — адзываецца Нэрон.

— Мог я дараваць собскую крыўду, — расказваў далей Хілон, — але, даведаўшыся пра вашую, хацеў яе прапароць нажом. На жаль, перашкодзіў мне крывічэсны Вініць, ейны каханак.

— Вініць? Але ж яна ад яго ўцякла!

— Уцякла, ды знайшоў, бо не мог жыць без яе. За смяхотную аплату дапамагаў я яму шукаць яе і знайшоў на Затыбры дом, дзе жыла між хрысціянамі. Пайшлі мы туды разам, а з намі твой асілак Кратон, якога шаноўны Вініць наняў дзеля бяспекі. Але Урсус, нявольнік Лігіі, задушыў Кратона.

Гэта чалавек страшэннае сілы, ён быком скручвае галовы, як макаўкі. Аўлюс і Пампонія любілі яго за гэта.

— На Геркулеса! — не вытрымаў Нэрон. — Смяротнік, які задушыў Кратона, годзен помніка на Форуме. Але памыляешся або хлусіш, стары, бо Кратона забіў нажом Вініць.

— Так вось людзі абармочваюць багоў. О, валадару, я ж бачыў собскімі вачыма, як трашчалі рэбры Кратона ў рукох Урсусавых, які пасля паваліў і Вініція. Забіў бы яго, каб не Лігія. Вініць доўга пасля хварэў, але яны даглядалі яго, спадзеючыся, што з любові станецца хрысціянінам. І стаўся.

— Вініць?!

— Так.

— А можа, і Пятроні? — спытаў сквапна Тыгэлін.

Хілон пачаў бруціць-муціць, заціраць рукі, пасля кажа: — Дзіўлюся з твае праніклівасці, спадару! О!.. Быць можа! Зусім можа быць!

— Во цяпер цямлю, чаму так ён бараніў хрысціян.

Але Нэрон пачаў смяяцца: — Пятроні — хрысціянін!.. Пятроні — вораг жыцця й раскошы! Не дурэце мяне й сябе саміх ды не дамагайцеся веры ў гэта, а то я гатовы і ўва ўсё не верыць.

— Але крывічэсны Вініць стаўся хрысціянінам. Прысягаю на гэны бляск, які ад цябе лунае, што кажу праўду, і што нічым іншым так не брыджуся, як лгунствам, Пампонія — хрысціянка, малы Аўлюс — хрысціянін, і Лігія, і Вініць. Я служыў яму шчыра, а ён за тое на просьбу Глаўка схвастаў мяне розгамі, мяне — старога, хворага, галоднага. Я прысягнуў на Гадэса, што адпомшчуся яму за гэта. О, валадару, адпомсці за маю крыўду, а я вам выдам Апостала Пятра, і Ліна, і Клета, і Глаўка, і Крыспа, самых старшын, і Лігію, і Урсуса, пакажу вам іх сотні, тысячы, пакажу дамы малітвы, магільнікі — усе вашыя турмы не змесцяць іх!.. Без мяне не здолееце іх знайсці! Да гэтых пор шукаў я ад бяды пацехі ў філязофіі, хай жа яе цяперака знайду ў ласках, якія сплывуць на мяне… Стары я ўжо, а не каштаваў жыцця, пара мне ўжо супачыць!..

— Хочаш быць стоікам пры поўнай місцы! — кажа Нэрон.

— Хто табе прыслужваецца, тым самым яе напаўняе.

— Праўду кажаш, філёзафе.

Але Папея не выпускала з памяці сваіх ворагаў. Гарачка яе да Вініція была, праўду кажучы, кароткім капрызам похаці, якая загарэлася з прычыны зайздрасці, гневу і зраненага самалюбства. Аднак абыякавасць маладога патрыцыя закранула яе глыбока і сэрца напоўніла мсцівасцю. Як так смеў, бач, іншую паставіць вышэй за яе! Лігію зненавідзела ад першай хвіліны, калі ўбачыла красу гэнай паўночнай лілеі. Пятроні мог цэзару гаварыць колькі заўгодна пра «вузкі стан», але не ёй, аўгусце. Дазнаная Папея з першага погляду сцяміла, што ў цэлым Рыме адна толькі Лігія можа з ейнаю красою канкураваць, а нават перамагчы. І ад тае пары прысягнула згубіць яе.

— Доміне, — налягае, — памсціся за наша дзіця!

— Спяшайцеся! — акцэнтуе Хілон. — Не марудзьце! Бо Вініць схавае яе.

Я пакажу дом, куды яны зноў вярнуліся пасля пажару.

— Дам табе дзесяцёх чалавек ды йдзі цяпер, — гавора Тыгэлін.

— Спадару, ты не бачыў Кратона ў руках Урсуса. Калі дасі пяцідзесяцёх, пакажу дом толькі здалёк. Але калі не закратуеце Вініція, дык я прапаў.

Тыгэлін глянуў на Нэрона.

— Ці не было б добра, о боскі, расквітацца адразу з дзядзькам і сястрынцам?..

Нэрон падумаў крыху і вырашыў: — Не! Не цяпер!.. Народ не паверыў бы ўталкоўванню, што Пятроні, Вініць або Пампонія Грэцына падпалілі Рым. Занадта прыгожыя мелі дамы… Сяння трэба іншых ахвяр, а тыя пойдуць пазней.

— Дык дай мне, спадару, ваякоў дзеля аховы, — дамагаецца Хілон.

— Тыгэлін падумае пра гэта.

— Жыцімеш тым часам у мяне, — супакойваў прэфект.

Радасць залунала з аблічча Хілона.

— Выдам усіх! Толькі не марудзьце! Спяшайцеся! — пад’юджваў ахрыплым голасам Хілон.