Выбрать главу

І пайшоў. А цераз гадзіну пазней абое ў ружовых вянках і з мутнымі вачыма ляжалі пры стале, застаўленым залатым сервізам. Прыслужвалі ім хлапчаняты, прыбраныя за амуркаў, а яны, папіваючы віно з азялененых кружаў, слухалі гімну да Апалона, пяянага пад акампанемент гарфаў пад батутаю Антэмія.

Не клапаціліся тым, што навокал віллы тырчалі на пажарышчы коміны дамоў ды што вецер разносіў попел згарэўшага Рыму. Пачуваліся шчаслівымі і думалі толькі пра каханне, якое акрасіла й змяніла ім жыццё ў боскі сон.

Гімн яшчэ не быў скончаны, як уваходзіць на залу нявольнік, загадчык атрыюма.

— Спадару, — дакладае трывожным голасам, — цэнтурыён з аддзелам прэторыянаў стаіць перад брамаю і па загаду цэзара хоча цябе бачыць.

Замоўкла пяянне гарфы. Трывога агарнула ўсіх прысутных, бо цэзар у прыязных адносінах звычайна абыходзіўся без прэторыянаў, якія паяваю сваёю не варажылі ў тых часах нічога добрага. Адзін толькі Пятроні не паказваў ніякага трывожлівага ўражання і кажа абыякавым тонам: — Хоць бы абед мне далі спакойна з’есці, — пасля звяртаецца да загадчыка атрыюма: — Хай увойдзе!

Нявольнік знік за заслонай; незабаўна цяжкімі крокамі ўваходзіць на залу знаёмы Пятронію сотнік Апэр, узброены ўвесь і з жалезным шаломам на галаве.

— Крывічэсны спадару, — зарапартаваў, — вось пісьмо ад цэзара.

Пятроні выцягнуў нядбайліва сваю белую руку, узяў таблічкі і, кінуўшы на іх вокам, падаў іх спакойна Эўніцы.

— Чытаціме вечарам новую песню з «Троікі», — кажа, — і заклікае мяне, каб прыйшоў.

— Маю загад толькі аддаць пісьмо, — адазваўся сотнік.

— Так. Адказу не будзе. Але можа б, сотнік, супачыў хвіліну пры нас і выпіў кратэр віна?

— Дзякую табе, шляхотны спадару. Ад кратэру віна не адмоўлюся за тваё здароўе, але супачыць не магу, бо я службова.

— Чаму гэта праз цябе прысылаюць пісьмо, заміж праз нявольніка?

— Можа, таму, што мяне выслана ў гэты бок за іншай патрэбай.

— Ведаю, — кажа Пятроні, — супраць хрысціян.

— Так, спадару.

— Ці посціг даўно распачаты?

— Некаторыя аддзелы на Затыбра выслана яшчэ перад палуднем, — гэта сказаўшы, сотнік строс з чашы кроплю віна на гонар Марса, перакуліў яе й дзякуе: — Хай багі заспакояць табе ўсе твае жаданні.

— Вазьмі і кратэр гэны, — прапануе Пятроні. І даў знак Антэміёсу, каб канчаў гімн да Апалона.

— Рудабароды пачынае гульню са мною й Вініціем, — казаў сабе, як гарфы адазваліся зноў. — Адгадваю намер! Хацеў пералякаць мяне, дасылаючы позву праз цэнтурыёна. Вечарам выпытваціме сотніка, як я яго прыняў. Не, не! Не вельмі ўцешышся, лютая дзікая малпа! Ведаю, дакукі не даруеш, ведаю, што згуба мяне не міне, але калі спадзяешся, што благальна пазіраціму табе ў вочы, што аглядацімеш на маім абліччы страх і пакору, дык памыляешся.

— Цэзар піша, спадару: «Прыдзеце, калі маеце ахвоту», — пытае Эўніка. — Ці пойдзеш?

— Маю адпаведны настрой і магу слухаць нат ягоных вершаў, — адказаў Пятроні, — дык пайду, тым больш, што Вініць не можа йсці.

І праўда: па абедзе ды па абыднай прагулцы аддаўся ў рукі нявольніц, упрыгажаючых валасы, і нявольніц, укладаючых хвалды тогі. Цераз гадзіну пазней стройны, моў бажок, загадаў несціся на Палатын. Гадзіна ўжо была позняя, вечар ціхі, цёплы, месяц так ярка свяціў, што лямпадарыі, ідучыя перад лектыкай, пагасілі светачы. Па вуліцах і сярод румовішчаў снавалі падпіўшыя грамады людзей, папрыстройваныя віццёзеленню, з галінкамі мірту і лаўру ў руках з цэзаравых агародаў. Дастатак збожжа ды спадзева вялікіх ігрышчаў весялілі людзей. Дзе-нідзе чутны былі песні на гонар «боскае ночы» й кахання; дзе-нідзе танцавалі пры святле месяца; колькі раз нявольнікі мусілі гукаць для вольнага праходу Пятроніевай лектыкі, народ расступаўся, віватуючы на гонар свайго ўлюбенца.

А ён думаў пра Вініція і дзівіўся, чаму няма ад яго весткі. Быў ён эпікурэйцам і эгаістам, але сутычнасць з Паўлам, з Вініціем ды штодзённыя чуткі пра хрысціян крыху яго перайнакшылі, хоць сам аб тым не ведаў. Веяў ад іх нейкі вецер на яго, які пасеяў у ягонай душы таёмныя зярняты. Па-за ўласнаю асобаю пачалі яго цікавіць іншыя людзі. Да Вініція, праўда, быў заўсёды прывязаны, бо ў дзіцячых гадох надта любіў ягоную матку, сваю сястру, а цяпер быў супольнікам ягоных турботаў, якія так цікавілі яго, як бы трагедыя якая.

Не траціў надзеі, што Вініць выперадзіў прэторыян і ўцёк з Лігіяй або, у найгоршым выпадку, адбіў яе. Але аддаваў перавагу таму, каб мець у гэнай справе пэўныя весткі, спадзяваўся бо розных пытанняў, на якія лепш было б быць падрыхтаваным.