І выйшлі на прыцемку. За мурамі гораду, за сухадоламі, зарослымі трыснягом, знайшлі на дзікім узбоччы вінніцу. Зборышча адбывалася пад павеццю, у якой абыдна выраблялася віно. Да Вініціевых вушэй пры ўваходзе данёсся прыцішны гоман малітвы, а ўвайшоўшы, угледзеў пры мутным асвятленні лятаранькаў колькідзесят асоб на каленях, затопленых у малітве. Адгаворвалі яны нешта падобнае да літаніі. Хор галасоў, поспал мужчынскіх і жаночых, раз за разам паўтараў: «Хрысце, змілуйся!» Вібраваў у гэных галасох глыбокі сум і жаль.
Пётр быў прысутны, стаяў на каленях перад драўляным крыжам, прыбітым да сцяны паветкі, і маліўся. Вініць пазнаў здалёк ягоны белы голаў і паднятыя рукі. Першаю думкай маладога патрыцыя было праціснуцца праз грамаду, кінуцца да ног апосталавых і крычаць: «Ратуй!», але ці то настрой малітвы, ці аслабленне ўвагнула пад ім калені, і пачаў разам з усімі енчыць, згарнуўшы моцна рукі: «Хрысце, змілуйся!» Каб быў прытомны, дык сцяміў бы, што не толькі ў ягонай просьбе зычэў енк, што не ён толькі прынёс сюды свой боль, свой жаль і сваю трывогу, не было ў гэным зборышчы аніводнай душы людское, якая б не страціла дарагіх сэрцу асоб, а калі найшчырэйшыя ды найадважнейшыя з вызнавальнікаў былі ўжо закратаваныя, калі кожная хвіліна прыносіла вестку пра знявагі й пакуты ў вязніцах, калі гром няшчасця перарос усе здагады, калі засталася ўжо толькі гэтая жменька — не было сярод яе аніводнага сэрца, якое б не хіснулася ў веры і не пытала з сумлівам: дзе Хрыстус? Чаму дазваляе, каб зло сталася магутнейшым за Бога?!
А ўсё ж благалі шчэ Яго роспачна міласэрнасці, бо ў кожнай душы тлела дагэтуль іскра надзеі, што прыйдзе, выкараніць зло, скіне ў продню Нэрона і заваладае светам… Яшчэ трывожна маліліся, гледзячы на неба, яшчэ прыслухоўваліся. Вініцій таксама, чым больш паўтараў: «Хрысце, змілуйся!», тым больш авалодвала экстаза, як калісь у хаце фосара. Вось клічуць Яго з глыбокім болем ахвяры адхлані, вось кліча Пётр, дык хіба проміццю раздзярэцца неба, здрыганецца зямля, і сыйдзе Ён, святазарны, міласэрны, але й грозны, вывышыць сваіх верных, а процьме загадае глынуць пераследвальнікаў.
Вініць закрыў рукамі твар і прыпаў да зямлі. Нараз наўкола западае цішыня, казаў бы, жах заткнуў усім вусны. Мусіць нешта цяпер стацца, можа, цуд? Быў пэўны: калі падымецца й расплюшчыць вочы, убачыць святло, ад якога слепне зор смяротны, і пачуе голас, ад якога сэрца млее.
Але цішыня трывала ўсцяж. Перарывае ўрэшце яе прычытанне жанчыны.
Вініць устаў і глядзіць агарошанымі вачыма. У павеці замест надземнае яснасці мігацяць кволыя агеньчыкі святлікоў ды касулі месяца, што ўкрадаліся праз атворышча ў страсе, напаўняючы яе срэбным святлом. Людзі, кленчучыя побач з Вініціем, падносяць залітыя слязьмі вочы да крыжа. Тамсям адзываюцца іншыя прычытанні, а звонку даносіцца асцярожнае пасвістванне вартаўнікоў. Нараз устае Пётр і, звярнуўшыся да грамады, гавора: — Дзеці, падымеце сэрцы да Збаўцы нашага і ахвяруйце Яму вашыя слёзы!
І змоўк. Знячэўку спаміж грамады адзываецца голас жанчыны, поўны жаласнай скаргі й бязмежнага болю: — Я ўдава, адзінюсенькага сына мела, які карміў мяне… Вярні мне яго, Усеспадару!
Зноў цішыня. Пётр стаяў перад покатам ляжачай грамадою, стары, стурбаваны, казаў бы, увасабляў сабою немач і згрыбеласць.
Нараз падымаецца другі голас: — Каты зняважылі мае дочанькі, і Хрыстус на гэта дазволіў!
Пасля трэці: — Сама я адна засталася з дзяцьмі, а як возьмуць мяне, хто ім дасць хлеба й вады?
Па тым — чацверты: — Ліна, якім перш пагрэбавалі, цяпер узялі й палажылі на пакуты, Госпадзе!
Ды зноў, пяты: — Як дадому вярнуся, возьмуць нас прэторыяне. Дзе нам падзецца?
— Гора нам! Хто нас затуліць?!
І так у начной цішы падымалася скарга за скаргай. Стары рыбак прымкнуў вочы і трос белаю сваёю галавою над гэным людскім болем і трывожлівай журбою. Зноў настала маўчанне, толькі вартаўнікі прыцішна перасвістваліся звонку.
Вініць сарваўся на ногі зноў, каб праціснуцца праз грамаду да Апостала і зажадаць ад яго ратунку, але нагла ўявіў перад сабою як бы пропасць, і ногі адмовілі послуху. Што будзе, калі Апостал выявіць сваю немач, калі сцвердзіць, што рымскі цэзар магутнейшы, чым Хрыстос Назарэнскі? Гэная думка падняла яму валасы на галаве, бо адчуў, што тады гэная продня глыне не толькі астанкі ягонай надзеі, але й яго самога, і ягоную Лігію, і любоў ягоную да Хрыста, і веру ягоную, і ўсё, чым жыў, а застанецца толькі смерць і ноч, моў безбярэжнае мора.