І зараз апанавалі яго сонныя мроі. Здавалася яму, быццам нясе на руках Лігію праз няведамую вінніцу, а перад імі йдзе Пампонія Грэцына з святліком у руцэ і свеціць. Нейкі голас, бы голас Пятронія, клікаў яго здалёку: «Вярніся!», але ён не слухаў таго клікання, а йшоў далей за Пампоніяй, пакуль не дайшлі да хаты, ля парогу якое стаяў Апостал Пётр. Тады ён паказаў яму Лігію і сказаў: «Ідзем з арэны, ойча, але не можам яе разбудзіць, збудзі ты яе». А Пётр адказвае: «Хрыстус сам прыйдзе яе збудзіць!»
Крозы пачалі пасля блытацца. Бачыў пасля праз сон Нэрона і Папею, трымаючую на руках малога Руфія з акрываўленай галавою, якую абмываў Пятроні, і Тыгэліна, пасыпаючага попелам сталы, застаўленыя дарагімі стравамі, і Вітэлія, пажыраючага тыя стравы, ды шмат іншых аўгустыянаў, сядзячых пры банкеце. Ён сам сядзеў пры Лігіі, але між сталамі хадзілі львы з акрываўленымі грывамі. Лігія прасіла яго, каб вывеў яе, а яго апанавала такая страшная знямога, што не здатны быў нат з мейсца крануцца. Напаследак усе здані змяшаліся ды запалі ў непраглядную цемру.
З глыбокага сну разбудзіла яго толькі сонечная гарачыня ды крыкі тут жа, вобак, дзе сядзеў. Вініць працёр вочы: вуліца раілася ад людзей, а два крыкуны ў жоўтых туніках рассоўвалі доўгімі кіямі натаўп і крычалі, каб далі праход для важнае лектыкі, якую несла чатырох моцных егіпскіх нявольнікаў.
У лектыцы сядзеў нейкі чалавек у белай вопратцы, твару нельга было пазнаць, бо перад вачыма трымаў сувой папірусу і нешта ўважна адчытваў.
— Праход для крывічэснага аўгустыяніна! — паўтаралі крыкуны.
Вуліца, аднак, была так заталочана, што лектыка мусіла на хвіліну затрымацца. Тады аўгустыянін апусціў сувой папірусу, нецярпліва і выхіляючы голаў гукнуў: — Разагнаць мне гэных валындаў! Хутка!
Воміг зацеміўшы Вініція, схаваў голаў і прытка зноў уставіў вочы ў паперу. А Вініць спрасоння працёр рукою твар, думаючы, што гэта шчэ сонная мара. У лектыцы сядзеў Хілон!
Тым часам крыкуны пралажылі дарогу і егіпцяне рушылі ўжо далей, нараз малады трыбун з’арыентаваўся ўміг і падбягае да лектыкі.
— Прывітанне табе, Хілоне! — адзываецца.
— Юнача, — важна адказвае грэк, хаваючы трывогу ў душы, — вітаю цябе, але не затрымоўвай мяне, бо спяшаюся да майго прыяцеля Тыгэліна.
А Вініць, схапіўшы за край лектыкі, нахіліўся да яго і спытаў грозным тонам, пранізваючы вачыма: — Ты выдаў Лігію?..
— Калосе Мэмнона! — заскігліў сопалаху Хілон.
Але ў вачах Вініція не было пагрозы, дык страх старога грэка мінуў хутка. Падумаў: ён жа пад апекаю Тыгэліна ды самога цэзара, двух волатаў, перад якімі ўсё дрыжыць, дый ахоўваюць яго дужыя нявольнікі, а Вініць стаіць перад ім безабаронны, выныджаны, сагнуты болем. Думка гэная вярнула яму смеласць. Вывярнуў на Вініція крывавыя зекры і сыкнуў: — А ты нашто мяне збіў галоднага?
Замоўклі абодва, пасля адзываецца глуха Вініць: — Скрыўдзіў я цябе, Хілоне!..
Грэк, наіндычаны, падняў голаў і, пляснуўшы пальцамі — гэта ў Рыме рабілася на знак насмешлівасці й пагарды, — адказаў так голасна, каб усе маглі пачуць: — Калі маеш, дружа, да мяне просьбу, дык прыйдзі да майго дому на Эсквіліне ранняю парою, тады пасля купання прыймаю гасцей і кліентаў.
І даў знаць ківомігам, а нявольнікі з лектыкай рушылі далей, пагукваючы: — Дарогу, дарогу дайце для чэсцігоднага Хілона Хіланіда!
LV
Лігія ў доўгім, наспех пісаным лісце развітвалася назаўсёды з Вініціем. Ведала, што ў вязніцы нікому не можна было ўжо прыходзіць, і што магчыме угледзець Вініція толькі з арэны. І яна прасіла яго даведацца, калі настане іхняя чарга, і яшчэ прасіла яго, каб быў на ігрышчы, бо жадала хоць раз яшчэ ў жыцці бачыць яго. У ейным лісце не відаць было страху. Пісала, што і яна, і іншыя тужна чакаюць арэны, на якой знойдуць вызваленне з вязніцы. Спадзеючыся, што Пампонія і Аўл прыедуць у Рым, яна прасіла, каб і яны прыйшлі на ігрышчы. У кожным ейным радку вычуваўся духовы ўздым і адарванне ад жыцця, у якім усе жылі ў вязніцы, а поспал з гэтым і моцная вера ў загробнае шчасце.