Відовішча затраціла ўсякі від рэчаіснасці, а змянілася як бы ў шалёны танец крыві, як бы ў страшэннае снішча, як бы ў пракудную дзікую крозу збітага з глузду розуму. Мера была перабраная. Сярод рыку, выцця і сковыту ў розных пунктах на лавах разлягаўся раздзіраючы спазматычны рогат жанчын, сілы якіх урэшце не датрымалі. Людзям стала жудасна. Твары пахмурнелі. Пачалі адзывацца галасы: «Годзе! Даволі!»
Але звяр’ё лягчэй было ўпусціць на арэну, як загнаць назад. Цэзар знайшоў, аднак, спосаб супакаення арэны, які быў разам і новым дзівам для цікаўных. Ува ўсіх праходах паміж лавак з’явіліся гурткі чорных статных нумідаў з лукамі ў руках. Народ здагадаўся, што маецца быць, і прывітаў іх энтузіястычна, а яны падыйшлі да обрубу і, прылажыўшы стрэлы к цяцівам, пачалі пранізваць імі табуны звяроў. Было гэта сапраўды новае відовішча. Танклявыя чорныя фігуры перагіналіся ўзад, напружваючы гнуткія лукі і пускаючы страла за стралою. Варчанне цяціваў і свіст пярэстых канцоў стрэл мяшаліся з выццём звяр’я і крыкамі подзіву глядзельнікаў. Ваўкі, мядзведзі, пантэры і людзі, якія засталіся яшчэ жывымі, покатам падалі адно каля другога. Там-сям леў, пачуўшы стралу ў баку, кідаўся нагла і заядла цапаў зубамі, каб схапіць і схрэшчыць дрэўца. Іншыя скавыталі з болю. Драбнейшая дзічына, перапудзіўшыся, ганялася навослеп па арэне, біла мызамі ў краты, а стрэлы прымеж таго вурчалі й вурчалі ўсцяж, пакуль усё, што жыло на арэне, не легла ў апошніх подрыгах канання. Тады ўбеглі на арэну сотні цыркавых нявольнікаў з рыдлёўкамі, лапатамі, тачкамі, кашамі да выносін валяючагася слуння, мяшкамі з пяском. Адны плылі за другімі, і на ўсім круговішчы закіпела работа. Борзда выпратвалі трупы, кроў, кал, перакапалі, зраўнавалі і пасыпалі грубым слоем свежага пяску. Пасля чаго ўбеглі амуркі, рассяваючы лісткі ружаў, лілеяў і ўсялякага квяцця. Запалілі зноў кадзільніцы і знялі велярыюм, бо сонца ўжо было даволі нізка. Публіка, пераглядаючыся здзіўленымі вачыма, пыталася, што за відовішча яшчэ чакае яе сяння.
Ну і чакала такое, якога ніхто не спадзяваўся. Цэзар, якога праз нейкі час не відаць ужо было на подыюме, раптам паказваецца на ўквечанай арэне ў пурпуровым плашчы і залатым вянку. Дванаццацёх спевакоў з цытрамі ў руках ідзе за ім, а ён, трымаючы срэбную лютню, выступае важным крокам на сярэдзіну і, схіліўшыся некалькі разоў глядзельнікам, падыймае вочы ў неба і стаіць праз момант, бы чакаючы натхнення.
Пасля крануў струны й пачаў пяяць:
Песня пераходзіла паволі ў жаласную, поўную болю элегію. У цырку зрабілася нямая цішыня. Праз хвіліну цэзар, сам расчулены, пяяў далей: