Выбрать главу

Пятроні прыгледзеўся ўважней прыгожаму абліччу хлапца, ягоным блакітным вачам, буйным валасом, пасля спытаў: — А ты ж адкуль, маладзец, з якога краю?

— Я галілейчык, спадару.

— Ці хацеў бы ты Лігію вызваліць?

Хлапец падняў вочы ўгару: — Хоць бы й за цану собскага жыцця.

Вініць скончыў малітву й звярнуўся: — Скажы старажом, хай уложаць яе ў труну, бы мёртвую. Ты дабяры сабе спадручнікаў ды вынесяце яе ўночы. Недалёка ля гнілых ямаў знойдзеце чакаючую на вас лектыку і аддасцё тым людзям труну. Вартаўніком абяцай ад мяне гэтулькі золата, колькі кожны магчыме падняць, — пры гэтых словах аблічча ягонае ажывілася зноўку, абудзіўся ў ім ваяк, якому надзея вярнула даўнюю энергію. А Назарка аж пачырванеў з радасці і, узняўшы рукі, адазваўся: — Хай Хрыстус аздаровіць яе, бо будзе вольнай.

— Ты перакананы, што варта згодзіцца? — пытае Пятроні.

— Яны? Спадару, каб толькі былі пэўнымі, што не спаткае іх за гэта кара і пакута!

— Так! — пацвердзіў Вініць. — Вартаўнікі хацелі згадзіцца нат, каб уцякла, тым хутчэй згодзяцца вынесці яе быццам мёртвую.

— Ёсць, праўда, чалавек, — кажа Назарка, — які спраўджае распаленым жалезам, ці трупы, якія выносяць, ёсць мёртвыя. Але гэны бярэ нат па некалькі сэстэрцыяў за тое, каб не датыкацца да твару памёршага. За адзін аўрэус даткнецца труны, не да цела.

— Скажы яму, што атрымае цэлы капшук залатнікоў, — кажа Пятроні. — Але патрапіш падабраць пэўных спадручнікаў?

— Патраплю падабраць такіх, якія б за грошы прадалі собскія жоны й дзеці.

— Дзе іх знойдзеш?

— У самай вязніцы або на мейсцы. А варта, раз падкупленая, увядзе, каго захачу.

— Калі так, дык увядзі, як найміта, мяне, — запрапанаваў Вініць.

Але Пятроні пачаў адрайваць рашуча, каб не рабіў гэтага. Прэторыяне маглі б яго пазнаць, нат пераапранутага, і ўсё магло б спракудзіцца. «Ані ў вязніцы, ані пры Гнілых Ямах! — казаў. — Трэба, каб усе — і цэзар, і Тыгэлін — былі перакананыя, што яна памерла, бо інакш у тым жа моманце выслалі б за ёю посціг. Падазрэнне магчымем знячуліць толькі такім чынам, што, калі яе вывезуць у Альбанскія горы або далей, на Сіцылію, мы застанемся ў Рыме. Праз тыдзень, напрыклад, або аж праз два ты хварэцімеш і заклічаш Нэронавага лекара, які загадае табе выехаць у горы. Тады злучыцеся, а пасля…»

Тут на хвілінку задумаўся ды, махнуўшы рукою, дадаў: — Пасля мо прыйдуць іншыя часы.

— Хай Хрыстус будзе ёй міласцівы, — кажа Вініць, — бо ты згадваеш пра Сіцылію, а яна ж хворая і можа памерці… — Уладзім яе тым часам бліжэй. Яе аздаровіць самое паветра, абы адно ўдалося яе вырваць з турмы. Няўжо ты не маеш дзе ў гарах якога арандатара, якому мог бы даверыць?

— Чаму не? Маю, так! — адказаў хутка Вініць. — Ёсць ля Карыёлі ў гарах адзін чалавек, які на руках мяне насіў, як я быў малы, і які не перастаў мяне любіць дагэтуль.

Пятроні падаў яму таблічкі.

— Напішы яму, каб падскочыў сюды ўзаўтра. Пасланца вышлю ўміг.

Гэта сказаўшы, заклікаў загадчыка атрыюма і выдаў яму адпаведныя даручэнні. Цераз некалькі хвілін конны нявольнік рушыў нанач да Карыёлі… — Я хачу, каб Урсус быў пры ёй у дарозе… — кажа Вініць. — Было б больш надзейна… — Спадару, — гавора Назарка, — гэта чалавек надлюдское сілы, ён выламіць краты й пойдзе за ёю. Ёсць адно вакно ў высокай сцяне, ля якога няма варты. Прынясу Урсусу вяроўку, а астатняе ён сам даканае.

— На Геркулеса! — кажа Пятроні. — Хай вырываецца, як мага, але толькі не разам з ёю і не ў два або тры дні пасля яе, бо пайшлі б і вышнарылі б ейнае сховішча. На Геркулеса! Ці хочаце згубіць яе й сябе? Забараняю вам згадваць яму пра Карыёлі або ўмываю рукі.

Яны абодва прызналі яму праўду й замоўклі. Хутка Назарка пачаў развітвацца, абяцаючы падскочыць узаўтра ледзь свет. З вартаю меўся дамовіцца яшчэ тае ж ночы, але перад тым хацеў забегчы да маткі, якая была неспакойная пры такіх няпэўных часах. Памагатараў вырашыў не шукаць на мейсцы, але знайсці й падкупіць аднаго з тых, якія разам з ім выносілі трупы з вязніцы.

Пры самым выхадзе, аднак, затрымаўся шчэ і, адцягнуўшы на бок Вініція, пачаў яму шаптаць: — Спадару, не скажу пра наш намер нікому, нат роднай матцы, але Апостал Пётр абяцаў прыйсці да нас з амфітэатру, і яму адкрыю ўсё.

— Можаш у гэным доме гаварыць моцна, — запэўнівае Вініць. — Апостал Пётр быў у амфітэатры з людзьмі Пятронія. Але я сам думаю пайсці з табою, — і загадаў падаць сабе нявольніцкую накідку ды выйшлі. Пятроні супакоіўся.

— Жадаў я для яе смерці ад гэнай гарачкі, — думаў. — Для Вініція гэта было б яшчэ найменш страшным. Але цяпер вось я гатовы ахвяраваць залаты трыножнік Эскулапу ў заплату за ейнае выздараўленне… Эх ты, Агенабарбе! Манішся зладзіць сабе відовішча з болю закаханага! Ты, аўгуста, перш-наперш зайздросціла красы дзяўчыне, а цяпер зжорла б яе жыўцом за тое, што згінуў твой Руфій… А ты, Тыгэлін, жадаеш згубіць яе на злосць мне!.. Паглядзімо! Я вам кажу: вочы вашы не аглядацімуць яе на арэне, бо ці памрэ собскаю смерцю, ці вырву вам яе, бы сабакам, з пашчы… І вырву так, што не ведацімеце пра гэта, а пасля колькі разоў гляну на вас, гэтулькі разоў падумаю: во дурні, якіх перахітрыў Пятроні… І — з пачуццём самазадавальнення пайшоў у трыклініюм, дзе разам з Эўнікай селі вячэраць. Лектар чытаў ім праз гэты час ідыліі Тэокрыта. На двары вецер нагнаў хмары ад боку Сорактэ, і наглая бура змуціла цішыню пагоднае летняе ночы. Час ад часу разлягаліся грымоты на сямі ўзгорках, а яны, лежачы побач сябе за сталом, слухалі сялянскага паэта, які спеўнай дарыйскай гаворкай апяваў ім каханне пастыраў; пасля, укалыханыя, пачалі збірацца да салодкага супачынку. Але перад гэтым шчэ вярнуўся Вініць.