Выбрать главу

Асілак адвярнуў голаў: — Хто пытае?

— Не пазнаеш мяне? — пытае юнак.

— Патушыў святлік, як жа магу цябе пазнаць?

Але Вініць згледзеў у гэным моманце Лігію, што ляжала на плашчы пры сцяне, дык, не кажучы нічога, укленчыў пры ёй. Тады пазнаў яго і Урсус ды адазваўся: — Хвала Хрысту! Толькі не будзі яе, спадару.

Вініць, стоячы на каленях, углядаўся ў яе праз слёзы. Міма поцемку мог адрозніць ейнае аблічча, белае, бы алебастр, і паблажалыя плечукі, рукі.

Вулкан любові, падобны да раздзіраючага болю, страсянуў ягонай душой аж да глыбіні, напаўняючыся пачуццем любасці, перапоўненай літасцю, шанаваннем і захапленнем. Нагнуўшыся аж да зямлі, пачаў цалаваць беражок вопраткі, на якой спала найдаражэйшая ў свеце галованька.

Урсус праз доўгі час моўчкі глядзеў на яго, у канцы, аднак, пацягнуў хлапца за туніку.

— Спадару, — пытае, — як сюды пралез? Ці мо прыходзіш яе ратаваць?

Вініць устаў, праз хвіліну змагаўся з расчуленнем.

— Дай спосаб! — кажа.

— Я думаў, ты яго знойдзеш. Мне адзін толькі прыйшоў у голаў… Паглядзеў на краты і, як бы сам сабе паказваючы, гавора: — Так!.. Але там вартаўнікі… — Сотня прэторыянаў, — дасказаў Вініць.

— Дык… не пройдзем!

— Не!

Ліг пацёр лоб рукою ды зноў пытае: — Ну, а як жа ты сюды ўвайшоў?

— Маю тэсару ад загадчыка Гнілых Ямаў, — і нагла замоўк, як бы яму нейкая думка бліснула ў галаве.

— На пакуту Збаўцы! — пачаў гаварыць хутка. — Я тут застануся, а яна хай возьме маю тэсару, абвіне голаў хусцінаю, акрыецца накідкаю ды выйдзе. Паміж грабароў-нявольнікаў ёсць некалькі недаросткаў, дык прэторыяне не пазнаюць яе, а дабярэцца да Пятроніевага дому, той яе ўсцеражэ!

Ліг спусціў голаў на грудзі й адказвае: — Не схацела б, бо кахае цябе, дый прытым яна ж хворая, не можа яшчэ на нагах стаяць.

Праз момант дадаў: — Калі ты, спадару, і крывічэсны Пятроні не маглі яе з вязніцы выдабыць, дык хто ж здолее ўратаваць яе?

— Адзін Хрыстус!..

І замоўклі абодва. Ліг у простай сваёй галаве думаў сабе: «Адыж Ён мог бы і ўсіх ацаліць, а калі гэтага не робіць, дык, відаць, прыйшла чарга пакутаў і смерці».

І згаджаўся на смерць для сябе, але шкада яму было да глыбіні душы гэнага дзіцяці, што на руках ягоных вырасла і якое палюбіў больш, чым собскае жыццё.

Вініць зноў укленчыў пры Лігіі. Праз ваконныя краты ўкрадаліся ў падзямелле касулі месяца і асвятлялі яго лепш, чым адзіны святлічок, што мігацеў шчэ над дзвярыма.

Нараз Лігія расплюшчвае вочы і, палажыўшы свае распаленыя далоні на руках Вініція, адзываецца: — Бачу цябе, я ведала, што ты прыйдзеш.

А ён кінуўся да ейных рук і давай прыкладаць іх да галавы, да сэрца, пасля, падняўшы іх крыху, прыгалубіў да сваіх грудзей.

— Я прыйшоў, мілая! Хай цябе Хрыстус сцеражэ ды ратуе, Лігійка наймілейшая!..

І не мог болей гаварыць, бо сэрца ягонае скавытала ў грудзях з болю й любові, а болю не хацеў перад ёю адкрываць.

— Я, бачыш, хворая, Марк, — прагаварыла Лігія, — і ці на арэне, ці тут, у вязніцы, мушу памерці… Але я малілася, каб цябе перад смерцю ўбачыць, і ты прыйшоў: Хрыстус мяне выслухаў!

Ён яшчэ не мог вымавіць слова, а толькі песліва прыціскаў яе да грудзей.

Тады яна гавора далей: — Я не раз бачыла цябе праз вакно ў Туліянуме і ведала, што хочаш прыйсці. А цяпер Збаўца даў мне хвіліну прытомнасці, каб маглі мы развітацца. Я ўжо йду да Яго, Марк, але кахаю цябе і заўсёды кахаціму.

Вініць перамогся, здушыў у сабе боль і адазваўся паўголасам, стараючыся быць спакойным: — Не, дарагая, ты не памрэш. Апостал мне нагадаў верыць і абяцаў маліцца за цябе, а ён жа Хрыстуса ведаў, Хрыстус любіў яго, дык просьбы ягонай не ўдарэмніць… Каб ты мелася памерці, Пётр бы не казаў мне спадзявацца, а ён мне так гаварыў: «Май надзею!» Не, Лігійка! Хрыстус змілуецца нада мною… Ён не хоча твае смерці, Ён яе не дапусціць… Прысягаю табе на імя Збаўцы, што Пётр за цябе моліцца!

Цішыня. Апошні святлічок над дзвярыма патух, затое святло месяца лунала праз усё атворышча. У кутку насупраць запішчала дзіцятка ды заціхла.

Звонку толькі даходзіў гоман прэторыянаў, якія, адбыўшы чародную варту, гулялі пад сцяною ў scriptae duodecim.

— Ох, Маранька, — адазвалася Лігія. — Хрыстус сам маліўся Айцу: «Аддалі ад мяне гэны келіх горычы», адыж яе выпіў. Хрыстус сам памёр на крыжы, а цяперака гінуць за Яго тысячы, дык чаму ж мяне адну меў бы ашчадзіць? Хто ж я такая, Марк?

Я чула, як Пётр казаў не раз, што і ён будзе замучаны, што ж я значу перад ім? Як прыйшлі па мяне прэторыяне, я баялася смерці й пакуты, але цяпер ужо не баюся.