Заціхла ўсё наўкола, дрыгата праняла ўсіх, усе вочы мімахоць звярнулія ўгару.
А галава пакутніка зварухнулася злёгку, і пачуўся з верхавіны слупа падобны да енку голас: — Выбачаю!..
Хілон кінуўся, кланяючыся, аж да самай зямлі, выючы, бы падстрэленая звярака, і, набраўшы зямлі ў абедзве шчопці, пасыпаў сабе ёю голаў.
Тым часам полымя стрэліла ўгару, абняло грудзі й твар Глаўка, распляло міртавую карону на галаве ягонай і заняло стужкі наверсе слупа, які заяснеў увесь вялікім ярым святлом.
Але Хілон па хвіліне ўстаў з тварам так змененым, што аўгустыянам выдавалася, бачаць перад сабою іншага чалавека. Ягоныя вочы гарэлі незвычайным бляскам, на зморшчаным чале маляваўся духовы ўздым: недалужны перад хвілінаю грэк выглядаў цяпер, бы які духоўнік, натхнёны боствам, які маніцца выявіць невядомую праўду.
— Што яму сталася? Ашалеў? — азвалася некалькі галасоў.
А ён адвярнуўся да натаўпу і, выцягнуўшы ў гару правую руку, пачаў крычаць так, каб не толькі аўгустыяне, але й масы народныя маглі яго пачуць: — Народзе рымскі! Прысягаю на маю смерць, што вось гінуць людзі нявінныя, а падпальвачом — вось хто!!!.. І паказаў пальцам на Нэрона.
Настала мёртвая цішыня. Дваране атрупелі. Хілон усцяж стаяў з выцягнутаю дрыжачаю рукою ды пальцам, паказваючым на цэзара. Раптам зрабілася сумятня. Народ нападобу хвалі, збуджанае нечаканым віхрам, кінуўся да старца, каб лепш яму прыгледзецца. Тут і там адазваліся крыкі: «Трымай яго!», «Гора нам!» У натаўпе разлягаюцца свіст і вераск: «Агенабарбус! Маткабойца!
Падпальвач!» Сумятня магутнела з кожнай хвілінай. Баханткі, лямантуючы на ўвесь свет, пачалі хавацца на вазы. Раптам некалькі перагарэлых слупоў павалілася, рассыпаючы навокал іскры і пабольшваючы сумяціцу. Сляпая стоўчаная хваля народу падхапіла Хілона й панесла яго ў сярэдзіну агароду.
Усюды слупы пачалі таксама перагарваць і падаць упоперак вуліц, напаўняючы алеі дымам, іскрамі, смуродам смаліны і людскога цела. Гаслі светачы далейшыя й бліжэйшыя. У вагародах пацямнела. Вестка пра тое, што сталася, пераходзіла з вуснаў у вусны, змененая й пабольшаная. Адны расказвалі, што цэзар самлеў, іншыя — быццам сам ён прызнаўся, што падпаліў Рым, трэція — што цяжка занямог, іншыя ўрэшце — што вынеслі яго, як мёртвага, на возе. Сям-там адзываліся галасы спачуцця для хрысціян: «Не яны спалілі Рым, дык нашто было гэтулькі крыві, пакутаў і несправядлівасці? Ці ж гэта багі не будуць мсціцца за нявінных, і якія ж піякулы здолеюць зноў іх перапрасіць?» Словы «innoxia corpora» паўтараліся штораз часцей. Жанчыны голасна літаваліся над дзецьмі, якіх гэтулькі кінута дзікім звяром, папрыбівана да крыжоў або спалена ў гэных праклятых агародах. Аж у канцы спачуццё ахвярам змянілася ў ліхадумства цэзару й Тыгэліну. Але былі й такія, каторыя, раптам затрымоўваючыся, задавалі сабе або іншым пытанні: «Што гэта за боства, якое дае такую сілу ў пакутах і смерці?!» І вярталіся дамоў задуманыя… Хілон блукаўся шчэ па агародах, не ведаючы, куды кінуцца. Цяпер пачуваўся зноў нядужым і хворым старцам. Часамі спатыкаўся, зачапіўшыся за недагарэлае цела, за галавешку, выбухаючую іскрамі, часамі садзіўся, паглядаючы навокал беспрытомным вокам. У вагародах зрабілася ўжо прыцемна; белы месяц толькі выхіляўся з-за дрэваў, рассвятляючы слабым святлом алеі, счарнелыя слупы ды змененыя ў бясформныя масы недагаркі ахвяр. Старому грэку здалося, быццам на месяцы бачыць аблічча Глаўка, вочы якога глядзяць на яго ўсцяж, дык хаваўся ад святла. Урэшце, аднак, выйшаў з ценю і мімахоць, як бы папіханы нейкаю няведамаю сілаю, пайшоў да фантана, дзе аддаў духа Глаўкас.