Вартаўнікі, якія нат і ў вязніцы пабойваліся страшэннае сілы гэтага волата, бо не было для яе ані путаў, ані кратаў непераломных, у канцы палюбілі яго за дабрыню. Іншы раз, дзівячыся з ягонай духовай раўнавагі й пагоды, пыталі аб прычыне яе, а ён расказваў ім з такою пэўнасцю пра чакаючае яго жыццё за гробам, што не маглі надзівіцца: як у гэтае падзямелле цёмнае, прасякнутае тухляцінай, можа пранікнуць прамень шчасця. І калі пачынаў іх нагаворваць, каб уверылі ў Баранка, не аднаму прыходзіла ў голаў думка, што служба ягоная ёсць нявольніцкай службай, а жыццё — жыццём бяздольніка, і не адзін задумоўваўся над сваім бяздоллем, канец якому клала толькі смерць.
Адыж іх смерць праймала новым жахам, бо не спадзяваліся пасля яе нічога, а гэны волат лігійскі і малодухна, падобная да краскі, кінутае на вязнічны саламяны бярлог, спатыкалі яе з радасцю, як шчасце.
LXV
Раз вечарам адведаў Пятронія сенатар Сцэвінус і пачаў з ім доўгую гутарку пра цяжкія часы, у якіх жывуць, ды пра цэзара. А гаварыў так адкрыта, што Пятроні, паміма прыязні, пачаў асцерагацца. Наракаў, што свет ідзе крыва ў шалёным кірунку, і што ўсё разам мусіціме скончыцца катастрофай, страшней шчэ, чым пажар Рыму. Гаварыў, што нават і аўгустыяне знеахвочаны, што Фэніюс Руф, віцэ-прэфект прэторыянаў, ледзь церпіць агідныя парадкі Тыгэліна, і што ўсе сваякі Сэнэкі даведзены да крайнасці ўчынкамі цэзара з старым філёзафам ды з Люканам. У канцы пачаў згадваць пра незадавальненне народу, а нат і прэторыян, вялікую частку якіх умеў да сябе прыцягнуць Руф.
— Чаму ты гэта мне гаворыш? — спытаў яго Пятроні.
— Праз руплівасць аб цэзару, — адказаў Сцэвін. — Маю далёкага сваяка сярод прэторыян, які завецца Сцэвін, як і я, і ад яго ведаю, што робіцца ў іхніх аддзелах… Знеахвочанне расце й там… Калігула таксама быў утрапёны чалавек, і бач, што сталася! Знайшоўся такі Касіюс Хэрэй… Страшны гэта быў парыў, і, пэўна, ніхто з нас не адважыўся б яго пахваліць, аднак жа Хэрэй выбавіў свет ад людажэра.
— Інакш кажучы, — спрабуе сумоўцу Пятроні: — «Я Хэрэя не хвалю, але гэта быў удалы чалавек, о, каб багі далі нам такіх як найбольш!»?..
Але Сцэвін змяніў гутарку і пачаў неспадзявана выхваляць Пізона. Славіў род ягоны, ягоную шляхотнасць, ягоную прывязанасць да жонкі, а ўрэшце, розум, раўнавагу і дзіўны дар прыцягвання да сябе людзей.