Але як перацягнутая струна мусіць парвацца, так і яго зламала ператуга.
Мярцвячая бледнасць выступіла на твары, і цела пачало пруцянець. Няйначай, просьба ягоная выслухана, падумаў, бо вось паміраціме. Здавалася яму, што і Лігія ўжо хіба мусіла памерці, і што Хрыстус іх бярэ такім чынам да сябе. Арэна, бель тогаў незлічонае публікі, святло тысячных лямпаў і светачаў — усё разам знікла яму ўваччу.
Але гэна немач не трывала доўга. Па хвіліне апрытомнеў, а дакладней, збудзіла яго тупанне нецярплівае публікі.
— Ты хворы, — кажа яму Пятроні, — загадай аднесціся дамоў!
І, не зважаючы на тое, што падумае цэзар, устаў, каб узяць пад руку Вініція ды вывесці яго. Сэрца перапоўнілася літасцю, а прытым дражніла яго да немагчымасці задавальненне цэзара, які пільна вывучаў праз шмарагд боль Вініція, можа, на тое, каб магчы пасля ў патэтычных строфах апісаць гэта й заслужыць на «брава» бязглуздых слухачоў. Вініць адмоўна хільнуў галавою. Мог памерці ў гэным амфітэатры, але не мог з яго выйсці. Адыж прадстаўленне магло за хвіліну распачацца.
І праўда, бадай у тым жа моманце прэфект шпурнуў на арэну чырвоную хусціну, а на той знак заскрыгіталі завесы брамы насупраць цэзарскага подыюма, і з цёмнае шчалюгі выходзіць на ясна асвечаную арэну Урсус.
Волат маргнуў павекамі, відаць, ад надмеру святла, падыйшоў на сярэдзіну арэны, разглядаючыся наўкола, як бы хацеў распазнаць, з чым яму прыйдзецца спаткацца. Усім аўгустыянам і большасці публікі было вядома, што ён задушыў Кратона, дык, гледзячы на яго, зашумелі, загулі ўсе лавы. У Рыме не мала было гладыятараў, шмат перавышаючых нармальную меру чалавека, але падобнага вочы квірытаў яшчэ не бачылі. Касій, што стаяў у подыюме за цэзарам, выглядаў насупраць яго, бы малы хлапчук. Сенатары, вясталкі, цэзар, аўгустыяне ды народ з захапленнем знатоцкім ды аматарскім аглядалі ягоныя магутныя, грубыя, бы бярвенні, сцёгны, падобныя да двух злучаных шчытоў грудзі ды Геркулесавыя плечукі-рукі. Пошум магутнеў з кожнай хвілінай. Для гэнае публікі не магла папросту існаваць большая раскоша, як агляданне такіх мускулаў падчас ігры, напружання й змагання.
Шум і гоман змяніўся ў крык і гарачкавыя пытанні, дзе жыве народ, які гадуе падобных вялікалюдаў; а той стаяў пасярод амфітэатру нагі, падабнейшы да каменнага калоса, чым да чалавека, з сціплаю сумнаю мінаю барбара і, бачачы пустую арэну, пазіраў здзіўленымі сваімі блакітнымі вачыма дзіцяці то на публіку, то на цэзара, то на краты кунікулаў, адкуль чакаў катаў.