Выбрать главу

Яшчэ момант — і да вушэй бліжэй сядзячых данёсся як бы трэск ламаных касцей. Звер паваліўся на зямлю з каркам, скручаным насмерць.

Тады волат воміг разблытаў матузы з ягоных рог і, узяўшы дзяўчыну на рукі, пачаў борзда адсопвацца. Твар ягоны збялеў, валасы пазлепліваліся ад поту, рукі й лапаткі былі як бы злітыя вадою. Праз момант стаяў, як паўпрытомны, пасля, аднак жа, падняў вочы і пачаў глядзець на публіку.

А амфітэатр шалеў!

Сцены будынку дрыжалі ад крыку шматтысячнага натаўпу. Ад пачатку існавання відовішчаў ніхто не памятаў такога ўздыму настрою.

З найвышэйшых шэрагаў беглі ў ніжэйшыя, таўкучыся ў праходах між лаўкамі, каб бліжэй прыгледзецца асілку. Адусюль адзываліся галасы пра ласку, заядлыя, упартыя, якія незабаўна змяніліся ў адзін агульны вокрык. Той вялігур стаўся цяпер дарагім для гэтага раскаханага ў фізічнай сіле народу, стаўся першаю ў Рыме асобаю.

А ён зразумеў, што народ дамагаецца для яго жыцця й вольнасці, але, відаць, не расходзілася яму толькі пра сябе, пасля падыйшоў да цэзарскага подыюма і, калышучы цела малодухны на выцягнутых руках, падняў благальныя вочы, казаў бы, маліў: — Над ёю злітуйцеся! Яе ацалеце! Я зрабіў гэта для яе!

Глядзельнікі сцямілі адразу, чаго жадаў. Бачачы абамлелую красуню, якая пры вялігурнай фігуры ліга выдавалася малым дзіцем, расчуліўся натоўп, рыцары й сенатары. Ейная дробная постаць, так белая, як бы вырэзьбеная з алебастру, ейная абамлеласць, страшэнная небяспека, з якое вызваліў яе асілак, а ўрэшце, ейная краса ды ягоная прывязанасць — страсанулі сэрцы! Іншыя думалі, гэта бацька моліць літасці для дзіцяці. Літасць нараз бухнула полымем. Даволі ўжо было крыві, даволі смерці, даволі пакутаў!

Здушаныя слязьмі галасы дамагаліся ласкі для абаіх.

Урсус прымеж таго прасоўваўся вакол арэны і, усцяж калышучы на руках красуню, жэстам і вачыма маліў для яе літасці. Нагла Вініць сарваўся з мейсца, пераскочыў бар’еру, дзелячую першае мейсца ад арэны, і, падбегшы да Лігіі, накрыў тогаю ейнае белае цела. Пасля разарваў туніку на грудзях, адкрыў блізнякі па ранах, атрыманых на армянскай вайне, і выцягнуў да народу рукі.

Тады ярасць народу перабрала ўсякую спатыканую ў амфітэатрах меру.

Грамада пачала выць і грымець тупатам. Дамаганні ласкі сталіся папросту грознымі. Народ заступаўся ўжо не толькі за атлета, але станавіўся ў абароне красуні, ваяка ды іхняга кахання. Тысячы глядзельнікаў звярталіся да цэзара з іскрамі гневу ўваччу й заціснутымі кулакамі. А той усё ж такі ацягаўся й хістаўся. Да Вініція не меў, праўду сказаць, нянавісці, і пра смерць Лігіі яму таксама не расходзілася, але жадаў бы бачыць цела дзяўчыны, распоранае рагамі быка або параздзіранае клыкамі паганых звяроў. Ягоная дзікая сярдзітасць, адзічэлая ўява й похаці знаходзілі сабе нейкую раскошу ў падобных відовішчах. А вось народ намагаўся не дапусціць да яе. На ўспамін пра гэта хмара гневу легла на ягоным азызлым твары. Эгаізм не дазваляў яму таксама паддацца волі народу, а адначасна не смеў ёй дзеля прыроднае баязлівасці супрацівіцца.

Дык пачаў цікаваць, ці прынамсі між аўгустыянамі не зацеміць звернутых уніз пальцаў на знак смерці. Але Пятроні трымаў далонь, звернутую ўгару, гледзячы пры гэтым амаль не задорліва яму ў твар. Забабонны, але пачуццёвы Вестын, які баяўся духаў, але не баяўся людзей, даваў знак ласкі. Тое ж самае рабіў сенатар Сцэвін, Нэрва, тое самае Тулій Сэнэцыё, тое самае слаўны ваявода Скапула, Антыст, тое ж самае Пізон і Ветус, і Крыспін, і Мінуцій Тэрмус, і Понцій Тэлесін, і найважнейшы, ганараваны ў народзе, Трэзэй. Бачачы гэта, цэзар адняў шмарагд ад вока з мінаю пагардліваю й абражанаю, а Тыгэлін, якому абавязкова хацелася зрабіць назадор Пятронію, нагнуўся й кажа: — Не саступай, боскі, маем прэторыян.

Тады Нэрон адвярнуўся ў той бок, дзе каманду над прэторыянамі трымаў строгі і адданы яму Субрый Флавій, а ўбачыў рэч непраўдападобную: міна старога трыбуна была грозная, але залітая слязьмі, і руку трымаў паднятаю на знак ласкі. Прымеж таго народныя масы авалодвала закатнасць. Хмара пылу падымалася з-пад барабанячых ног і прысланяла амфітэатр. Спаміж крычачых адзываліся і галасы: «Агенабарбус! Маткабойца! Падпальвач!»

Нэрон збаяўся. Народ быў у цырку волатам усёўладным. Папярэднія цэзары, а злашча Калігула, асмяляліся часамі ламаць волю ягоную, але гэта заўсёды канчалася закалотам, часамі нат крывавым. Адыж сітуацыя Нэрона была іншая. Перш-наперш, як камедыянт і спявак патрабаваў ласкі народу, па-другое — жадаў яго перацягнуць на свой бок супраць сенату і патрыцыяў, а ўрэшце — пасля пажару Рыму намагаўся ўсімі спосабамі перакабаціць яго сабе і звярнуць гнеў ягоны на хрысціян. Сцяміў, што далей супраціўляцца было небяспечна. Розрух, пачаты ў цырку, мог агарнуць цэлы горад і скончыцца непажаданымі наступствамі. Дык зірнуў яшчэ раз на Субрыя Флавія, на цэнтурыёна Сцэвіна, сваяка сенатара, ды радавых і, спатыкаючы ўсюды зморшчаныя бровы, ускіпелыя твары й раз’іскраныя вочы, даў знак ласкі.