Нэрон быў раздражнёны і гнеўны, як цёмная хмара, бо прадстаўленне скончылася зусім інакш, чым ён жадаў. На Пятронія спачатку не хацеў нат і глядзець, але той, не трацячы раўнавагі, падыйшоў да яго з цэлаю свабодаю арбітра элеганцыі і сказаў: — Ці ведаеш, боскі, што мне прыйшло ў голаў? Напішы песню пра красуню, якую воля ўладара свету вызваляе з рог дзікага тура і аддае каханку.
Грэкі маюць чулае сэрца, я пэўны, што такая песня іх ачаруе.
Думка гэная, паміма раздражнёнасці, прыпала да смаку Нэрону, прыпала падвойна: раз — як тэма да песні, а другое — ён жа мог сябе ў ёй выславіць як вялікадушнага ўладара свету, дык паглядзеў на Пятронія й сказаў: — Так, можа й праўду кажаш! Але ці выпадае мне апяваць уласную дабрыню?
— Не патрабуеш згадваць свайго імені. Кожны ў Рыме здагадаецца й так, пра што будзе мова, а з Рыму разыходзяцца весткі на ўвесь свет.
— І ты пэўны, што гэта падабацімецца ў Ахайі?
— На Палукса! — прыцвердзіў Пятроні.
І адыйшоў задаволены: быў цяпер пэўны, што Нэрон, якога ўсё жыццё было нагінаннем рэчаіснасці да літаратурных помыслаў, не захоча папсаваць сабе тэмы, а тым самым звяжа рукі Тыгэліну. Гэта не змяняла, аднак жа, ягонага намеру выпраўлення Вініція з Рыму, як толькі здароўе Лігіі перастане быць перашкодаю. Вось жа, убачыўшы яго наступнага дня, сказаў яму: — Вывязі яе на Сіцылію. Адно здарэнне сведчыць, што з боку цэзара вам, здэцца, нічога не пагражаціме, але Тыгэлін гатовы скарыстаць нат і з атруты, калі не праз нянавісць да вас, дык да мяне.
Вініць усміхнуўся на гэта й адказаў: — Яна была на рагах тура, адыж Хрыстус яе ашчадзіў.
— Дык ахвяруй яму сто валоў, — стаяў пры сваім Пятроні, — але не дамагайся ашчады другі раз… Ці памятаеш, як Эол спаткаў Адысея, калі вярнуўся прасіць яго другі раз памысных вятроў? Боствы не любяць паўтараць адно й тое самае.
— Як толькі выздаравее, адвязу яе да Пампоніі Грэцыны, — кажа Вініць.
— І гэта будзе тым лепш, што Пампонія ляжыць хворая. Казаў мне пра гэта сваяк Аўлюсаў, Антыстыюс. Тут тым часам будуць дзеяцца такія рэчы, што людзі забудуцца пра вас, а ў сянняшніх часах найшчаслівейшыя тыя, пра каго ўсе забыліся. Хай Фартуна будзе вам сонцам зімою, а ценем улетку.
Гэта сказаўшы, пакінуў Вініція ягонаму шчасцю, а сам пайшоў распытаць Тэоклеса пра жыццё й здароўе Лігіі.
Але ёй ужо небяспека не пагражала. У вязніцы дабіла б яе гнілое паветра й нявыгады, але цяпер даглядала яе найруплівейшая апека, дастатак, а нат і камфорт. Па загаду Тэоклеса цераз два дні пачалі выносіць яе ў агароды, акружаючыя віллу, дзе прабывала доўгі час. Вініць убіраў ейную лектыку ў анемоны, а злашча ў ірысы, каб прыгадаць ёй атрыюм у доме Аўлаў. Не раз гутарылі ў цянёчку, пабраўшыся за рукі, пра даўны боль і трывогі. Лігія талкавала яму, што Хрыстус наўмысна вёў яго праз пакуты, каб змяніць ягоную душу й падняць да сябе, а ён згаджаўся й адчуваў, што ў ім нічога не засталося з даўнейшага патрыцыя, які не прызнаваў іншага права акрамя собскага жыцця. Але ў гэных успамінах не было нічога горкага. Здавалася ім абаім, што цэлыя гады прайшлі над іхнімі галавамі, што тая страхотная мінуўшчына засталася ўжо далёка па-за імі. Цяпер атуляе іх супакой, якога ніколі перад тым не адчувалі. Нейкае новае жыццё, надта салодкае і ўтульнае, ішло да іх і авалодвала імі. У Рыме цэзар мог сабе буяніць і наганяць трывогу ўсяму свету, а яны, чуючы над сабою апеку без параўнання магутнейшую, не баяліся ўжо ні ягонай злосці, ні дзікіх шалаў, як бы ён перастаў быць іхнім валадаром, іхняга жыцця й смерці. Раз, на надвячэрры, пачулі яны рыкі львоў у віварыях. Калісь гэта Вініція праймала трывогаю, як злавесная варажба — цяпер пераглянуліся толькі ўсмешліва ды паднялі абое вочы да вячэрніх зораў. Іншы раз Лігія, не могучы ад слабасці яшчэ хадзіць, засынала, закалыханая агародняю цішынёю, а ён сядзеў пры ёй і, углядаючыся ў спячае аблічча, мімахоць думаў, што гэта ўжо не тая Лігія, якую спаткаў у Аўлаў. Вязніца й хвароба знасілі часткова ейную прыгажосць. Тады, у Аўлаў, і пасля, калі прыйшоў адбіраць яе ў Мырыямы, была так цуднай, бы статуя, бы кветка; цяпер твар ейны стаўся амаль не празрысты, рукі зблажалі, фігура зблажала ад хваробы, вусны збляднелі, і вочы нат выдаваліся менш блакітнымі, чым тады. Залатавалосая Эўніка, якая прыносіла ёй кветкі і каштоўныя тканіны для прыкрывання ног, выглядала пры ёй, бы цыпрыскае боства. Эстэта Пятроні дарма намагаўся вышукваць у ёй даўныя прывабы і, паціскаючы плячыма, думаў у душы: ці варты быў гэны цень Элізэйскіх палёў такіх захадаў, болю й пакутаў, якія амаль не высмакталі жыццё Вініцію?