Але Вініць, які любіў цяпер ейную душу, яе адну толькі кахаў цяпер тым больш і, калі сядзеў пры заснуўшай, бачыў у ёй увесь свет.
LXIX
Вестка пра цудоўную ашчаду Лігіі хутка разнеслася сярод ацалеўшых ад паграму хрысціян. Вызнавальнікі пачалі сходзіцца, каб аглядаць тую, над якою яўна аказалася ласка Хрыстовая. Прыйшоў насамперш Назарка з Мырыямай, у якіх дагэтуль хаваўся Апостал Пётр, а за імі прыходзілі іншыя. Усе разам, поспал з Вініціем, Лігіяй ды хрысціянскімі нявольнікамі Пятронія, слухалі з увагай расказу Урсуса пра той голас, што адазваўся ў ягонай душы і загадаў яму змагацца з дзікім зверам, і ўсе адыходзілі з льгою й надзеяй, што Хрыстус, аднак, не дазволіць выкараніць да астанку сваіх вернікаў на зямлі, пакуль Сам не прыйдзе на страшны суд. І гэна надзея падтрымоўвала іхнія сэрцы, бо пераслед не ўціхаў і дагэтуль. Каго толькі публічны голас паказваў як хрысціяніна, таго гарадскія вігілы воміг хапалі ў вязніцу. Ахвяр, праўда, было ўжо менш, бо агул вызнавальнікаў быў ужо вылаўлены й вымучаны, а хто ўцалеў, той або ўцякаў з Рыму, каб на далёкай правінцыі перачакаць буру, або старанна хаваўся, не адважваючыся збірацца на супольныя малітвы інакш, як у арэнарыях за горадам. Аднак жа яшчэ сачылі іх, і хоць фактычна ігрышчы былі скончаны, перахоўвалі іх на наступныя або судзілі паадзіночна. А хоць народ рымскі не верыў ужо ў іхнюю віну, дык аднак жа агалошвалі іх за непрыяцеляў чалавецтва й дзяржавы, і эдыкт супраць іх трываў у даўнай сіле.
Апостал Пётр праз доўгі час не смеў паказацца ў доме Пятронія; урэшце, аднак, аднаго вечару Назар паведаміў, што прыйдзе. Лігія, якая ўжо магла сама хадзіць, і Вініць выбеглі на спатканне яго й пачалі абнімаць яму ногі, а ён вітаў іх з расчуленнем тым больш, што няшмат яму засталося ўжо авечак у гэным статку, над якім даў яму ўладу Хрыстус ды над доляй якога плакала цяпер ягонае сэрца. Дык вось жа, калі Вініць сказаў яму: «Вучыцелю, дзякуючы табе Збаўца вярнуў мне яе!», ён адказаў: «Вярнуў яе дзеля тваёй веры дый дзеля таго, каб не замоўклі ўсе вусны, славячыя Ягонае імя». І, мусіць, думаў тады пра тыя тысячы дзяцей сваіх, параздзіраных дзікім звяр’ём, пра тыя крыжы, якімі набіты былі арэны, ды пра тыя слупы вагністыя ў агародах Бестыі, бо гаварыў гэта з вялікаю жаласцю. Вініць і Лігія зацемілі таксама, што валасы ягоныя збялелі зусім, цэлая постаць прыгнулася, а ў абліччы гэтулькі меў суму й цярпення, як бы сам прайшоў тыя пакуты й боль, праз якія прайшлі ахвяры шалёнага людажэрства Нэрона. Але абое разумелі ўжо, што, калі Хрыстус сам паддаўся пакутам і смерці, не можа ўхіліцца ад яе ніхто. Аднак жа балела ім сэрца, гледзячы на Апостала, прыгнечанага векам, працай і болем. Дык Вініць, які за некалькі ўжо дзён маніўся спаткацца з Пампоніяй і далей ехаць на Сіцылію, пачаў прасіць яго, каб разам з імі выехаў з Рыму.
Але Апостал палажыў яму на галаве руку й адказаў: — Чую вось у душы словы майго Ўсеспадара, які сказаў мне над Тыбэрыядскім морам: «Калі ты быў малодшым, падпярэзваўся й хадзіў, кудой хацеў, але як састарэешся, выцягнеш твае рукі, а іншы падпярэжа цябе й павядзе, куды ты не хочаш». Вось жа, пара ўжо мне пайсці за статкам маім.
А бачачы маўчанне іх, не зразумеўшых, што кажа, дадаў: — Дабягае да канца мая праца, але гасціннасць і адпачынак меціму толькі ў майго Ўсеспадара.
Пасля звярнуўся да іх і гаварыў далей: — «Не забывайце аба мне, бо я вас так палюбіў, як бацька родных дзяцей, а што толькі ў жыцці рабіцімеце, рабеце на хвалу Богу».
Так гаворачы, падняў над імі свае старыя дрыжачыя далоні і багаславіў іх, а яны туліліся да яго, прадчуваючы, што мо гэта апошняе багаслаўленне атрымоўваюць з ягоных рук.
Было ім суджана, аднак, яшчэ раз яго бачыць. Пасля некалькіх дзён пазней Пятроні прынёс грозныя весткі з Палатыну. Там выявілася, што адзін з цэзаравых вызвольнікаў быў хрысціянінам, і знойдзена ў яго лісты Пятра й Паўла, а таксама лісты Якуба, Юды й Яна. Прабыванне Пятра ў Рыме было ўжо Тыгэліну даўно ведамым, але ён думаў, што той згінуў разам з тысячамі іншых хрысціян. Цяпер вось выдавалася, што два старшыны новае веры жывуць да гэтых пор у сталіцы, дык вырашана знайсці іх за ўсякую цану і злавіць, бо спадзяваліся праз іхнюю смерць вырваць апошнія карэнні ненавіснае веры. Пятроні чуў ад Вестына, што сам цэзар выдаў загад, каб у працягу трох дзён Пётр і Павал былі ўжо ў Мамэртынскай вязніцы, ды што цэлыя аддзелы прэторыянаў выслана для ператрэскі на Затыбры.