А ён падняў мырэнскую кружу, чаруючую вясёлкавымі тонамі красак, проста бясцэнную, і мовіць: — А вось тая, з якой адліў на гонар Цыпрыйскае Спадыні. Хай ад гэнае хвіліны нічые вусны да яе не датыкаюцца ды нічые рукі на гонар іншае багіні з яе не ўпушчаюць!
І бразнуў каштоўную судзіну на пасыпаную ліловымі кветкамі шафрану падлогу, а калі распырснулася на дробныя драбочкі, мовіў далей, бачачы навокал здзіўленыя вочы: — Весяліцеся, дарагія, заміж дзівіцца. Старасць, нядужасць — гэта сумныя таварышы апошніх гадоў жыцця. Але я вам даю добры прыклад і раду: можна, бачыце, іх не чакаць і, пакуль прыспеюць, адыйсці дабрахотна, як я адыходжу.
— Што ты хочаш рабіць? — адазвалася адразу некалькі галасоў.
— Хачу весяліцца, віно піць, музыкі слухаць, любавацца гэтай вось боскай фігурай, што вобак мяне бачыце, а пасля заснуць з увенчанаю галавою. Я ўжо развітаўся з цэзарам, і ці хочаце паслухаць, што я на развітанне яму напісаў?
Гэта сказаўшы, выцягнуў з-пад пурпуровага ўзгалоўя ліст і пачаў чытаць наступнае: «Ведаю, цэзар, што нецярпліва чакаеш майго прыбыцця, і што тваё вернае сэрца прыяцеля тужыць па мне днямі й начамі. Ведаю, што абсыпаў бы мяне дарункамі, даверыў бы мне прэфектуру прэторыі, а Тыгэліну загадаў бы быць тым, на каго стварылі яго багі: пастухом мулаў у тых тваіх маёмасцях, якія дасталіся табе ў спадчыне па атручаным Даміцыю. Выбачай аднак, бо прысягаю на Гадэса і на цень твае маці, жонкі, брата і Сэнэкі, што прыбыць да цябе не магу. Жыццё ёсць вялікім скарбам, а я з таго скарбу ўмеў выбіраць найбольш вартасныя каштоўнасці, але ў жыцці ёсць таксама рэчы, якіх даўжэй сцярпець немагчыма. Ох, прашу не думаць, што мяне загідзіла тое забойства маткі, жонкі, брата, што спаліў Рым і выслаў да Эрэбу ўсіх сумленных людзей твае дзяржавы. Не, мой праўнуча Хронаса. Смерць ёсць прызначэннем людскога пагалоўя, а ад цябе іншых учынкаў нельга было спадзявацца. Але калечыць сабе вушы праз доўгія яшчэ гады тваім пяяннем, аглядаць твае даміцыянскія тонкія ножкі, шалеючыя ў пырэйскім танцы, слухаць твае музыкі, твае дэкламацыі ды твае паэзіі! — вось што перамагло мае сілы і ўзбудзіла тугу да смерці. Рым затыкае вушы, цябе слухаючы, свет з цябе смяецца, а я даўжэй чырванець за цябе не хачу і не магу.
Выццё хоць бы й цэрбера, мой мілы, да твайго пяяння падобнае, менш будзе мне дакучнае, бо я не быў ніколі ягоным прыяцелем, дый за голас ягоны саромецца не маю абавязку. Бывай здароў, але не спявай; забівай, але не пішы вершаў; атручвай, але не танцуй; падпальвай, толькі не грай на цытры! Таго табе жадае і гэтую апошнюю раду пасылае Арбітр Элеганцыі».
Бяседнікі патрухлелі, ведалі бо, што ўтрата дзяржавы менш сперунавала б Нэрона. Сцямілі таксама, што чалавек, які напісаў гэты ліст, мусіць памерці, а прытым іх саміх абняла дрыгата страху, што такога ліста слухалі.
Але Пятроні разрагатаўся так шчырым і вясёлым смехам, як бы тут пра найнявіннейшы жарт гутарылася; ён перавёў вачыма па прысутных і адазваўся: — Весяліцеся, адкіньце трывогу! Ніхто не патрабуе хваліцца, што гэнае пісьмо чуў, а я пахвалюся ім хіба самому Харону падчас пераправы.
Пасля таго кіўнуў на грэка-лекара і выцягнуў да яго руку. Дазнаны грэк воміг перавязаў яе залатою перапаскаю і падрэзаў жылы на перагібе рукі.
Кроў пырснула на ўзгалоўе і абліла Эўніку, якая, падпёршы голаў Пятронія, нахілілася да яго.
— Мілы, няўжо ты думаў, я цябе пакіну? Хоць бы багі абдарылі мяне несмяротнасцю, а цэзар уладаю над светам, пайшла б за табою!
Пятроні ўсміхнуўся, крыху падняўся, дакрануўся вуснамі да ейных вуснаў і адказаў: — Хадзі за мною!
Пасля дадаў: — Ты сапраўды кахала мяне, боская мая!..
А яна выцягнула лекару сваю ружовую руку, і па хвіліне кроў ейная пачала злівацца й лучыцца з ягонай крывёю.
Даў знак хараводу, і зноў зазвінелі цытры й галасы. Прапяялі «Гэрмадыёса», а пасля загрымела песня Анакрэонта, у якой паэт скардзіцца, што знайшоў раз пад дзвярыма ззябнутае й заплаканае дзіцятка Афрадыты. Забраў яго, абагрэў, высушыў крылейка, а яно, няўдзячнае, пранізала яму ў адплату сэрца стралою, з тае пары не меў супакойства.
А яны, прытуліўшыся, прыгожыя, бы два боствы, слухалі, усміхаючыся й бялеючы. Пятроні пасля гэнай песні загадаў далей разносіць віно і стравы, потым пачаў гутарыць з суседнімі бяседнікамі пра малаважныя рэчы, але мілыя, пра якія звычайна талкавалі на банкетах. Урэшце падазваў грэка, каб падвязаў яму на хвіліну жылы, бо пачаў марыць яго сон, а ён хацеў бы яшчэ аддацца Гіпносу, пакуль Танатос не закалыша яго навекі.