Выбрать главу

С. 24: Апіць — багацей і гурман часоў Аўгуста й Тыбэрыя, чыё імя пазначана на кнізе «Аб кулінарным штукарстве», паходжанне якой усё ж адносяць да больш позняга перыяду. Архітраў — ніжэйшая з трох частак перакрыцця (антаблемента); уяўляе сабою гарызантальную бэльку, што абапіраецца на капітэлі калюмнаў. Трыгліфы — элементы пліткавай аблямоўкі сярэдняй часткі перакрыцця. Тымпан — трохкутнае поле франтона (верхняй часткі фасада) без карніза вакол яго, дзе размяшчаліся розныя скульптуры ды іншыя рэльефныя ўпрыгожанні. Кастар і Палукс — у грэцкай міфалогіі так званыя Дыяскуры, браты-блізнюкі, сыны Зэўса, багі-ахоўнікі ваяроў і мараходаў. Веста — паводле рымскай міфалогіі багіня-ахоўніца хатняга агменю й дзяржавы. Ростры — Растральная трыбуна, г. зн. упрыгожаная загнутымі насамі захопленых варожых караблёў. Сістра — трашчотка накшталт кастаньетаў. Самбука — музычны інструмент кшталту гарфы.

С. 25: Квірыт — паўнапраўны рымскі грамадзянін. Жыхары Сэрыкума — кітайцы. Аронт — галоўная рака Сірыі, якая ўпадала ў Міжземнае мора насупраць Антыохіі. Нарбонская Галія — паўднёва-ўсходняя частка сучаснай Францыі ля ўзбярэжжа Міжземнага мора. Сэрапіс — сінкрэтычнае боства эліністычнага Ўсходу, якое атоесамліваецца адразу з егіпскім Азырысам, грэцкімі Зэўсам, Плутонам, Апалонам, Пасейдонам; гэтаму боству падпарадкоўваліся ўсе стыхіі прыроды. Ізыда — у егіпскай міфалогіі багіня ўрадлівасці, вады й ветру, апякунка мараходаў. Кібелля — фрыгійскае боства ўрадлівасці, «Маці багоў»; оргіястычны культ Кібеллі распаўсюдзіўся ў Рыме з II ст. перад н. э. Субура — ажыўлены раён Рыма ў нізінах між узгор’ямі Эсквілін, Квірынал і Вімінал, на поўнач ад Карынэ, дзе на аднайменнай вуліцы было шмат забягалавак і прытонаў. Пэданій Сэкунд — рэальная асоба, колішні прэфект Рыма (61 г.).

С. 26: Пандатарыя — востраў ля ўзбярэжжа Кампаньі, куды ссылалі асуджаных у часы імперыі. Рэбелій Плаўт — нашчадак Аўгуста па жаночай лініі; прадчуваючы ад яго канкурэнцыю свайму самаўладству, у 59 або 60 г. Нэрон загадаў выслаць яго з Рыма. Мора — папулярная гульня, дзе адзін раптоўна выкідвае пальцы, а другі вокамгненна павінен адгадаць іхнюю колькасць. Святыня Ёвіша Статара — храм, які размяшчаўся на схіле Палатынскага ўзгор’я, дзе, паводле падання, заснавальнік гораду Ромул маліўся да Ёвіша, каб спыніў уцёкі рымскіх ваяроў ад ворага (Статар з лаціны і абазначае «Спыняльнік»).

С. 27: Крыспініла Кальвія — багатая матрона, што ладзіла для Нэрона оргіі. Норыкум — рымская правінцыя на тэрыторыі сучаснай Аўстрыі. Таблінум — галярэя, крытая тэраса.

С. 28: Арфей — у грэцкай міфалогіі знакаміты спявак і музыка, які зачароўваў сваім мастацтвам нат жывёлы й расліны. Прэнэста — старажытны горад Лацыя, 30 км на ўсход ад Рыма. Прахадны Дом — назва Нэронавага палаца на Палатыне й Эсквіліне перад пажарам; сваімі памерамі палац гэты быў падобны хутчэй на невялікі горад.

С. 29: Перыстыль — унутраны двор, абнесены калюмнадаю. Анній Паліён — сябра Клаўдыя Сэнэцыё.

С. 30: Наўзікая — у грэцкай міфалогіі дачка караля феакаў Алкіноя, якая дапамагла Адысею, калі таго бурай выкінула на востраў феакаў.

С. 31: …танагрскіх кшталтаў… — г. Танагра ва ўсходняй частцы Грэцыі славіўся вырабам тэракотавых статуэтак, якія вызначаліся надзвычайнай пластыкай. Псыхэ — у антычнай міфалогіі увасабляла захопленую каханнем чалавечую душу; адлюстроўвалася ў выглядзе матылька або дзяўчынкі з крылцамі. У мастацтве гэты вобраз знайшоў развіццё ў саюзе Псыхэ з богам кахання Эрасам (Амурам). Анакрэонт — грэцкі паэт 2-й паловы VI ст. перад н. э., які апяваў каханне й застольную весялосць. Гарацый Флак Квінт (65–08 гг.

перад н. э.) — выдатны рымскі паэт.