С. 32: Берэніка — сястра жыдоўскага караля Ірада Агрыпы II, якую пакахаў сын цэзара Веспасыяна Тытус. Янікульскае ўзгор’е — прасцей называлася Янікул, знаходзілася на правым беразе Тыбру за мяжой гораду. Лібітына — рымская багіня мёртвых, смерці й паховінаў.
С. З4: Сакрат — старажытны грэцкі філёзаф (каля 470–399 гг. перад н.
э.), настаўнік Платона. Адкрыў уласны метад філязафавання праз дыялогі або гутаркі некалькіх сумоўцаў, у працэсе якіх і выяўлялася сутнасць; тут пад дыялектыкай маецца на ўвазе майстэрства весці аргументаваную гутарку. Корнут Луцый Аннэй — філёзаф-стоік, вызвольнік Сэнэкі, настаўнік паэтаў Люкана і Пэрсыя, выгнаны Нэронам у 68 г. Ксэнафонэс (каля 570–478 гг. перад н. э.) з горада Калафона, што на заходнім узбярэжжы Малое Азіі. Пармэнід (каля 540–480 гг. перад н. э.) і Зэнон (каля 490–430 гг. перад н. э.) з г. Элеі ў Паўднёвай Італіі, абодва — прадстаўнікі так званай Элейскай школы старажытнагрэцкай філязофіі, якія меркавалі, што сутнасць нельга адчуць, а толькі асэнсаваць; яны сыходзілі з атоесамлівання іставетнага з разумовым. Кімэрыйскія краіны — паводле старажытных уяўленняў гэта вобласць на дальсвеце, дзе ў поўным змроку жыве казачны народ кімэрыйцаў. «Заранка з ружовымі пальчыкамі» — эпітэт багіні світанку Эос (у рымлян — Аўроры). Гельвецыя — вобласць на тэрыторыі сучаснай Швейцарыі. Сэлена — у грэцкай міфалогіі увасабленне месяца. Дыяна — рымская багіня расліннасці; апякунка палявання, народзінаў, увасабленне месяца, атоесамліваецца з грэцкай Артэмідай. Актэон — міфалагічны паляўнічы, які выпадкова ўбачыў купанне Артэміды і быў ператвораны ёю ў аленя ды разарваны ўласнымі сабакамі. Іё — паводле грэцкай міфалогіі гэта дачка аргоскага караля Інаха, якую пакахаў Зэўс і з’явіўся да яе воблакам, хмарай. Даная — дачка аргоскага караля Акрысія, якую таксама пакахаў Зэўс, але бацька, ведаючы ад аракула, што яму наканавана смерць ад рукі ўнука, схаваў дачку ў падзямеллі, куды і спусціўся Зэўс дажджом.
С. 35: Нэрон не звянчаўся з Актэ, хоць яе называлі дачкою цэзара Атала. — Актэ была наложніцаю Нэрона. Наважыўшыся ажаніцца з ёю, цэзар прымусіў шэраг сенатараў даць ілжывую клятву, нібыта яна паходзіць з пэргамскага цэзарскага роду Аталідаў. У Сянкевіча тут недакладнасць, калі імя Атал разглядаць як дакладнае, а не абагульненае: апошні цэзар дзяржавы Пэргам, што знаходзілася на паўночным захадзе Малое Азіі, які дакладна насіў імя Атал, уладарыў тут у 139–133 гг. перад н. э., пасля чаго сама дзяржава стала правінцыяй Рымскай імперыі. Дэметра — грэцкая багіня ўрадлівасці й земляробства, атоесамліваецца з рымскай Цэрэрай.
С. 37: Лярарыюм — мейсца ў хаце з выявамі багоў-ляраў. Віргіній прабіў грудзі свае дачкі, каб вызваліць яе з рук Апія… — Як паведамляе Тытус Лівій (III, 44–60), Віргіній, прадстаўнік старажытнага плебскага роду, быў змушаны забіць сваю дачку, якую пажадаў зрабіць наложніцаю рымскі дзяржаўны дзеяч і заканадаўца сярэдзіны V ст. перад н. э. Апій Клаўдый. Лукрэцыя прыплаціла ганьбу жыццём. — Паводле падання, сын апошняга рымскага цэзара Тарквінія Ганарлівага зганьбіў жонку свайго сваяка Лукрэцыю, якая скончыла самагубствам, і ейная смерць спрычыніла паўстанне, якое ўдарыла нават па вышэйшай уладзе ў Рыме (510/509 гг. перад н. э.).
С. 38: Пеплюм — шырокая сукенка з тонкай тканіны.
С. 40: Пінакатэка — карцінная галярэя.
С. 41: Зэнон (каля 336–264 гг. — перад н. э.) з Цытыюма (горада на Цыпры) — заснавальнік філязофскай школы стоікаў.
С. 42: …застаўшы Пятронія пішучага, вырваў яму трасцінку з рукі… — У той час пісалі кіёчкам па навошчанай дошцы, які яшчэ меў назву стыль і быў з аднаго боку завостраны (для пісання), а з другога закруглены (для выцірання).
С. 43: Люпанарый — публічны дом.
С. 44: Лакуста — знакамітая атручвальніца, якая сама гатавала смяротныя сумесі; з ейнай дапамогай Нэрон пазбавіўся Клаўдыя і Брытаніка. Пратагор з паўночнагрэцкага гораду Абдэр, Продык з Цэоса (вострава ля ўсходняга ўзбярэжжа Сярэдняй Грэцыі) і Горгій з паўднёваітальянскага гораду Лявантына (усе — V ст. перад н. э.) — заснавальнікі сафістыкі; прадстаўнікі гэтага накірунку ў сваіх разважаннях часта сягалі да лагічных парадоксаў, «сафізмаў».