Выбрать главу

Александрыя — маецца на ўвазе горад на востраве Фарос, ля якога знаходзіўся знакаміты маяк (больш за 100 м вышынёю), пабудаваны ў пачатку III ст.

перад н. э., адно з сямі цудаў свету. Мэмфіс — сталіца Старажытнага Егіпту (на поўдзень ад сучаснага Каіра), знакамітая праз свае святыні. Волас Ізыды — калі мужа Ізыды, Озырыса, забіў ягоны брат Сэт, жанчына сабрала кавалкі парэзанага цела і пахавала іх; пазней Озырыс уваскрос з ейнай дапамогаю ды заўладарыў у падземным свеце. Мемнон — у грэцкай міфалогіі валадар Этыёпіі, хаўруснік траянцаў; лічылася, што велізарная фігура, узведзеная ў Егіпце за часамі фараона Аменхатэпа III (2-я палова ХV ст. перад н. э.), увасабляла менавіта Мемнона; пашкоджаная землятрусам, статуя вывяргала на досвітку гук, пра які казалі, што гэта Мемнон вітае сваю матку, багіню Эос; статуя Мемнона была таксама адным з цудаў свету.

С. 184: Апіс — егіпскі бог урадлівасці.

С. 185: Арэс — бог вайны ў грэкаў, атоесамліваны з рымскім Марсам.

С. 186: Сажалка Агрыпы — мяркуюць, што яна размяшчалася на так званым Полі Агрыпы, крыху на ўсход ад Марсавага поля. Дыяна Эфеская — горад Эфес славіўся сваёю святыняю Артэміды (Дыяны).

С. 194: Афрыканскі Сэкст — неправамоцна дапушчаны пераклад імя аўтарам беларускага тэксту; маецца на ўвазе Сэкстый Афрыкан, знакаміты сенатар, консул 59 г. Рэгул Аквілін — вядомы даказчык і абвінаваўца. Сулій Нэрулін — тут недакладнасць: гаворка павінна весціся не пра консула 50 г. Сулія Нэруліна, а пра зводнага брата Карбулона, вядомага даказчыка Публія Сулія Руфа.

С. 196: На Пасінунцкую Цыбулу! — Горад Пасінунт у цэнтральнай частцы Малое Азіі блізу Дындымэнскае гары быў цэнтрам культу Кібулы.

С. 199: Атэ — у грэцкай міфалогіі ўвасабленне неўтаймоўнага гневу, раз’юшанасці. Фрэгеле — горад у Лацыі, 90 км на паўднёвы ўсход ад Рыма.

С. 203: Паркі — у рымскай міфалогіі багіні лёсу, атоесамліваюцца з грэцкімі Мойрамі.

С. 205: Пэрсый Флак Аўл (34–62) — рымскі паэт-сатырык. …выданне эклогаў Віргілія… — «Эклогі», або «Буколікі» — зборнік твораў рымскага паэта Публія Віргілія Марона (70–19 гг. перад н. э.).

С. 208: Флора — рымская багіня раслін, кветак і садоў. Пратэй — у грэцкай міфалогіі сын Пасейдона, марское боства, здольнае пераўвасабляцца ў разнастайныя істоты.

С. 209: Карнэліюсы — старадаўні і знакаміты патрыцыянскі род. …На сына Леты — г. зн. на Апалона. Перыяданіцэс — заўсёдны пераможца ў спаборніцтвах. …ў Гармадыёса й Арыстагітана след… — Гармадыёс і Арыстагітан у 514 г. перад н. э. забілі Гіпарха, брата афінскага тырана Гіпіюса; іхнія імёны сталі мяноўнымі для ўсіх змагароў супраць тыраніі.

С. 211: …Брыяр мучыў соннага Сатурна… — Брыяр у грэцкай міфалогіі быў адным з так званых сотнярукаў, як менавалі сыноў бога неба Урана і багіні зямлі Геі, бо ў гэтай жудаснай істоты было пяцьдзесят галоў і сотня рук; Брыяр дапамагаў Зэўсу ў барацьбе супраць тытанаў і Хронаса, якога паводле адной з рэдкіх версій міфа ён захапіў сонным на адным з астравоў Брытанскага мора. …аб краёх гіпербарэйскіх… — У антычныя часы міфічную краіну гіпербарэяў уяўлялі недзе на Поўначы, «за Барэем».

С. 212: Формінга — ліра, гарфа.

С. 213: …шэсць белых ідумыйскіх… вогіраў… — вобласць Ідумыя на поўдні Палестыны славілася сваімі коньмі. …калісь нат самому Юлію Цэзару крычала пры трыумфальным уездзе ў Рым… — Гэты эпізод меў месца ў 46 г. перад н. э., калі Цэзар адзначаў свой гальскі трыумф; звычай рытуальнага асмейвання зухаватых ваяводаў быў даволі распаўсюджаны і ў войску, і ў народзе.

Алкмеон — у грэцкай міфалогіі герой, які забіў сваю матку Эрыфілу за тое, што яна калісьці здрадзіла ягонага бацьку Амфіарая.

С. 214: Ліцыніян Пізон Кай Кальпурній — радавіты патрыцый, прыхільнік строгай маралі; быў усыноўлены цэзарам Гальбо і загінуў разам з ім у 69 г. Нэрва Марк Кокцэй (нар. у 32 г.) — рымскі цэзар (96–98 гг.). Анній Юній Галлён — брат Сэнэкі, здольны прамоўца, скончыў самагубствам у 65 г. Квінтыян Афраній — сенатар, катаваны за ўдзел у змове Пізона.