Выбрать главу

С. 216: Вэлябр — гандлёвы квартал між Капітолем і Палатынам. Лаўрэнтум — горад у Лацыі між Остыяй і Анцыюмам.

С. 217: Остыя — партовы горад блізу сутокі Тыбру, 25 км ад Рыму.

С. 226: Авідый Назон Публій (43 перад н. э. — 18 н. э.) — выдатны рымскі паэт.

С. 227: Эсхілос (525–456 гг. перад н. э.) — вялікі грэцкі драматург, заснавальнік класічнай грэцкай драматургіі. Пракуратар — у часіны імперыі дзяржаўная асоба, што кіравала правінцыяй. Арэопаг — сход старэйшын, гарадская рада.

С. 228: …будзем, бы той Дэмакрыт… — Як паведамляюць антычныя аўтары, грэцкі філёзаф-атаміст Дэмакрыт (460–371 гг. перад н. э.) не мог без смеху глядзець на розныя дробязі, што гэтак клапоцяць і вабяць людзей.

…бы Амонскі Ёвіш… — У часіны імперыі егіпскі бог сонца Амон часта атоесамліваўся з Ёвішам і шанаваўся сукупна з ім.

С. 233: …закаханы, як Троіл у Крэсыдзе… — У грэцкай міфалогіі Троіл быў траянскім прынцам, сынам Прыяма (або Апалона); сюжэт пра каханне Троіла і Крэсыды з’явіўся толькі ў сярэднявеччы, а ў антычнай літаратуры не сустракаецца; тут Сянкевіч дапускае анахранізм.

С. 234: Эўтэрпа — муза лірычнай паэзіі.

С. 235: Ардэя — калябярэжны горад у 40 км на поўдзень ад Рыма. Бовіла і Устрынум — мястэчкі на Апійскай дарозе блізу Рыма.

С. 237: Сабінскія горы — горны масіў на паўночны ўсход ад Рыма.

С. 239: …ад часаў Брэнна… — Брэнн верхаводзіў галамі, якія ў 390 або 387 г. перад н. э. захапілі й спалілі Рым.

С. 241: Порта Трыгенія — Трыгенійская брама ля паўднёвага схіла Авентына. Бонэ Дэа — Добрая Багіня, старажытнае рымскае боства ўрадлівасці й дастатку. Ручай Мэркура — на Апійскай дарозе крынічка перад Капэнскай брамаю.

С. 242: Што ж горшае мог зрабіць для Рыму Мітрыдат… — Маецца на ўвазе Мітрыдат VI Еўпатор (111 — 63 гг. перад н. э.), валадар Понта, дзяржавы на паўднёва-ўсходнім узбярэжжы Чорнага мора, непрымірымы вораг Рыма.

С. 243: Наўмахія Аўгуста — штучнае возера за Тыбрам, зладжанае на загад Аўгуста для «вялікай гульні ў марскі бой». Уся атока ў агні! — так званы востраў (атока) Эскулапа на Тыбры, насупраць Капітолю; месца, дзе знаходзілася святыня Эскулапа (Асклепіёса), спалучалася з берагамі Тыбру цераз масты Фабрыцыя і Цэста, якія захаваліся да нашага часу.

С. 244: Катэхумен — чалавек, які рыхтуецца да прыняцця хросту. Ватыканскі ўзгорак — за Тыбрам, на паўночны захад ад Рыма.

С. 245: Кадэтанскае поле — за Тыбрам, ля Ватыканскага ўзгорка. …бы сарочка Нэсусава… — Як распавядае міф, кентаўр Нэсус, вядомы сваёй падступнасцю, паквапіўся на жонку Геракла Дэяніру і… напароўся на мужыка. Каб адпомсціць Гераклу, перад смерцю Нэсус прапаноўвае Дэяніры сваю кроў, якая нібыта дапаможа жанчыне захаваць каханне Геракла. Пазней Дэяніра скарыстала параду Нэсуса і прасычыла ягонай крывёю Гераклаў хітон; калі кроў тая ператварылася ў атруту, Геракл спазнаў жудасныя пакуты, а потым і смерць.

С. 246: …багаты будзеш, як Мідас… — Міфічны ўладар Фрыгіі Мідас атрымаў ад Дыяніса здольнасць пераўтвараць у золата ўсё, чаго даткнецца.

С. 247: …Рым…азараў усю Кампанью… — Тут недакладнасць: пажар Рыма, пэўна, добра было відаць у самім Лацыі, але не ў Кампаньі, якая знаходзілася ад Рыма як найменш у 140 км.

С. 248: Амфітэатр Флавіяна — так званы Калізэй, будаўніцтва якога завершана ў 80 г., даваў мейсцы звыш 50 тысячам чалавек. Лівія — жонка цэзара Аўгуста. Люцына — рымская багіня нараджэння дзяцей, падчас атоесамлівалася з Юнонай. Егова (вытворн. ад Яхвэ) — госпад (старажытнагабрэйск.), табуіраванае імя вышэйшага боства ў юдаізме.