Выбрать главу

— Ведаць усё ды служыць навінамі тым, хто іх патрабуе.

— І хто за іх плаціць?

— Ах, спадару, патрабую купіць пісара. Інакш мудрасць мая памрэ разам са мною.

— Калі ты дагэтуль не сабраў нат на цэлы плашч, дык заслугі твае хіба надта сціплыя.

— Скромнасць перашкаджае мне іх выяўляць. Але падумай толькі, доміне, што няма сяння такіх дабрадзейнікаў, якіх было поўна даўней і для якіх абсыпаць золатам заслугу было так міла, як палыкнуць астрыгу з Путэолі. Не заслугі мае малыя, толькі ўдзячнасць людская малая. Як часамі ўцячэ дарагі нявольнік, хто яго знойдзе, калі не адзіны сын майго бацькі? Як з’явяцца на сценах напісы на боскую Папею, хто пакажа зламыснікаў? Хто вышнарыць у кнігароў верш на цэзара? Хто данясе, што гавораць у дамох сенатараў ды рыцараў? Хто адносіць лісты, якіх не хочуць паручыць нявольнікам? Хто падслухоўвае навіны пры дзвярах цырульнікаў? Для каго не маюць тайніц віняры й пякарнікі, каму давяраюць нявольнікі, хто ўмее пранізаць вачыма кожны дом ад атрыюма да агароду? Хто ведае ўсе вуліцы, завулкі, хто чуе, што гавораць у тэрмах, у цырку, на гандлёвых рынках, у школах ланістаў, у будах-гандлярнях, дзе прадаюць нявольнікаў, ды нат у арэнарыях?..

— На богі, даволі, даражэнькі мудрэц! — адазваўся Пятроні. — Бо гатовы мы шчэ патануць у тваіх заслугах, сумленнасці, мудрасці ды красамоўстве.

Годзе! Хацелі мы ведаць, хто ты, ну й ведаем!

Вініць быў рады, бо думаў, што гэты чалавек, бы той гончы сабака, раз пушчаны на троп, не спыніцца, пакуль не знойдзе сховішча.

— Добра, — кажа. — Ці патрабуеш інструкцыяў?

— Патрабую зброі.

— Якое? — спытаў здзіўлены Вініць.

Грэк наставіў жменю, а другою рукою зрабіў жэст лічэння грошай.

— Такія сяння часы, спадару, — кажа, уздыхаючы.

— Дык будзеш аслом, — адзываецца Пятроні, — які здабывае крэпасць мяшкамі золата.

— Я толькі небагаты філязоф, спадару, — пакорна адказвае Хілон. — Золата маеце вы.

Вініць шпурнуў яму капшук, які грэк схапіў на ляту, дарма што сапраўды не меў двух пальцаў на правай руцэ. Пасля задзёр голаў дый кажа: — Я больш ведаю ўжо, спадару, чым ты спадзяешся. Ведаю, што дзяўчыны не вырвалі Аўлы, я ўжо гутарыў з іхняй службай. Ведаю, што яе няма на Палатыне, дзе ўсе затурбаваныя малою хвораю аўгустай, і мо нат дацемліваю, чаму маніцёся шукаць малодухны з маёю помачай, а не вігілаў ды цэзаравых жаўнераў. Ведаю, што дапамог ёй уцячы слуга родам з таго ж самага краю, што й яна. Не мог ён шукаць дапамогі ў нявольнікаў, нявольнікі бо трымаюцца ўсе разам, дык не выступалі б проці тваіх пасланцоў. Маглі яму дапамагчы толькі сувернікі.

— Слухай, Вініць, — перарваў Пятроні, — ці я табе гэтага самага слова ў слова не казаў?

— Гонар для мяне, — ганарыцца Хілон. — Дзяўчына, спадару, — казаў, звяртаючыся да Вініція, — бессумніўна верыць у тое самае боства, што і найцнатлівейшая з рымлянак, сапраўдная матрона Пампонія. Я чуў і тое, што Пампонію судзілі дамавым судом за веру ў нейкае чужое боства, не мог, аднак, ад ейных слуг даведацца, што там за боства ды як завуцца ягоныя вызнавальнікі. Каб мог аб гэтым даведацца, пайшоў бы да іх, стаў бы найпабажнейшым між імі, здабыў бы іхні давер. Але ты, спадару, можа магчымеш мне даць аб гэтым якую вестку, бо ж прабыў колькінаццаць дзён у доме шляхотнага Аўла?

— Не магу, — адказаў Вініць.

— Вы распытвалі мяне доўга пра розныя рэчы, дарагія спадары, і я адказваў на пытанні, дазвольце ж цяпер і мне ў вас запытацца: ці не бачыў, паважаны трыбуне, якіх фігурак, ахвяр, якіх-небудзь знакаў, амулетаў на Пампоніі або на тваёй боскай Лігіі? Ці не прыкмеціў часам, мо малявалі знакі, якія для іх толькі зразумелыя?

— Знакі?.. Пачакай!.. Але! Бачыў раз, як Лігія намалявала на пяску рыбу.

— Рыбу? Аа! Ооо! Раз гэта зрабіла ці колькі разоў?

— Адзін раз.

— І ты пэўны, спадару, што намалявала… рыбу? Га?

— Так, пэўны! — пацвердзіў зацікаўлены Вініць. — Няўжо ведаеш, што гэта значыць?

— Ці ведаю?! — мармытаў Хілон.

І, скланіўшыся, быццам на развітанне, дадаў: — Хай фартуна абсыпае вас пароўну ўсякімі дарамі, дастойныя спадарыкі!

— Загадай даць сабе плашч, — сказаў яму на дарогу Пятроні.

— Уліс дзякуе табе за Тэрзытэса, — адказаў грэк і, скланіўшыся яшчэ раз, выйшаў.

— Я кажу, што ён знойдзе Лігію! — адазваўся радасна Вініць. — Але кажу таксама, калі б існавала дзяржава злыдняў, ён мог бы каралём быць у той дзяржаве.

— Бессумніўна. Мушу з гэтым стоікам пазнаёміцца бліжэй, але тым часам скажу выкадзіць па ім атрыюм.

А Хілон Хіланід, ахінуўшыся сваім новым плашчом, падкідаў у жмені пад ягонымі хвандамі капшук ад Вініція, любуючыся ягоным цяжарам ды звонам. Ідучы не спяшаючыся ды аглядаючыся, ці з дому Пятронія не сочаць, мінуў портык Лівіі і, дайшоўшы да рагу схіла Вірбіюса, падаўся на Субуру.