Выбрать главу

Дзеялася гэта мо якіх дзён дванаццаць пасля твайго выезду. Ад тае пары ён быў у мяне некалькі разоў. Сам расказваў мне, што здабыў між хрысціянамі вялікае значэнне. Кажа, калі дагэтуль не знайшлі Лігіі, дык дзеля таго, што іх ёсць ужо непералічная колькасць у самым Рыме, дык не ўсе знаюцца ды не ўсё могуць ведаць, што між імі дзеіцца. Да таго ж яны асцярожныя і наагул маўклівыя, ён аднак заручае, што абы толькі дайшоў да старшын, якіх завуць прэзбітэрамі, патрапіць ад іх выцягнуць усе тайніцы. Некалькіх ужо пазнаў і спрабаваў іх распытваць, але асцярожна, каб праз поспех не выклікаць падазрэння ды не ўтрудніць справы. І хоць цяжка чакаць, чую, што праўду кажа, і чакаю.

Даведаўся ён таксама, што на малітвы маюць супольныя мейсцы, пераважна за брамамі гораду, у пустых дамох, а нат у арэнарыях. Там аддаюць шанаванне Хрысту, пяюць і частуюцца. Такіх зборышчаў даволі шмат. Хілон думае, што Лігія ходзіць наўмысна ў іншую малельню, чым Пампонія, дзеля таго, каб пры нагодзе суду і допытаў смела магла прысягнуць, што не ведае аб ейным сховішчы. Можа, прэзбітэры параілі ёй гэтую асцярожнасць. Як Хілон пазнае ўжо гэныя мейсцы, хадзіціму з ім разам і, калі багі дазволяць мне ўбачыць Лігію, бажуся табе Ёвішам, што тады ўжо не выйдзе з маіх рук.

Не перастаю думаць аб самых мейсцах малітвы. Хілон не хоча, каб я з ім хадзіў. Баіцца, але я не магу дома ўседзець. Пазнаю яе і ўначы. Пазнаў бы ўсюды ейны голас і манеры. Сам пайду пераапрануты і буду сачыць кожнага ўваходзячага і выходзячага. Заўсёды аб ёй думаю, дык пазнаю.

Хілон павінен узаўтра прыйсці, і пойдзем. Вазьму з сабою зброю. Некалькі маіх нявольнікаў, высланых на правінцыю, вярнуліся без нічога. Але я цяпер пэўны, што яна ёсць тутака, у горадзе, можа нат недалёка. Я сам адведаў шмат дамоў пад прэтэкстам найму. У мяне будзе ёй у сто разоў лепш, бо там гняздзіцца цэлы мурашнік галоты. Адыж я ёй нічога не пашкадую. Пішаш, добра выбраў, дык выбраў вось турботы і згрызоты. Пойдзем перш-наперш у тыя дамы, якія ў горадзе, пасля за брамы. Надзея чагось ад кожнага заўтра спадзяецца, інакш нельга жыць. Ты кажаш, трэба ўмець кахаць, і я ўмеў гутарыць з Лігіяй пра каханне, а цяпер толькі тужу, толькі чакаю Хілона, і дома не магу вытрымаць. Бывай!»

XVI

Хілон, аднак, не вяртаўся даволі доўга, так што Вініць не ведаў, што аб гэтым урэшце думаць. Добра ўцееў сабе, што каб напэўна яе знайсці, дык трэба шукаць паволі. Кроў ягоная ды гвалтоўная натура бурыліся супраць рассудку. Сядзець, згарнуўшы рукі й нічога не робячы, не мог ні за што. А зноў жа абяганне гарадскіх завулкаў у цёмным нявольніцкім плашчы, выглядаўшае на дарэмны самападман, не магло яго таксама задаволіць. Вызвольнікі ягоныя, людзі даволі спрытныя, якім на ўласную руку загадаў пошукі, аказаліся ў сто разоў менш зручнымі ад Хілона. Тым часам, апрача кахання, якое чуў да Лігіі, радзілася яшчэ ў ім заўзятасць іграча, які конча хоча выйграць.

Вініць такім ужо быў заўсёды. Ён не здольны быў зразумець, што можа якаянебудзь справа не ўдацца, што трэба адрачыся намераў. Вайсковая дысцыпліна, праўда, на нейкі час зацугляла ягоную самаволю, але адначасна ўшчапіла ў яго перакананне, шго кожны выданы падуладным загад мусіць быць выкананы, а даўжэйшы побыт на ўсходзе, сярод людзей гнуткіх і да нявольніцкага послугу прывыклых, умацаваў толькі ягоную веру, што для ягонага жадання няма межаў. Стагнала цяпер у ім самалюбства. Было пры тым у гэных няўдачах і ў самай згубе Лігіі штось незразумелае, нейкая загадка, над разгадваннем якое мучыў сабе голаў… Адчуваў, што Актэ праўду казала: Лігія не была да яго халоднай. Але калі так, дык чаго было ўцякаць ад ягонага раскошнага дому, ад ягонага кахання ды салодкіх пястошчаў, уцякаць на тулянне й нэндзу? На гэнае пытанне не ўмеў ён знайсці адказу, да сведамасці ягонай ледзь даходзіла пэўнае няяснае адчуццё, што між ім і Лігіяй ды між іхнімі светаглядамі, між светам ягоным, Пятроніевым, а Лігіі й Пампоніі існуе нейкая розніца і непаразуменне глыбокае, моў пропасць, якое нельга выраўняць. Тады здавалася яму, што мусіць развітацца з Лігіяй, дык яшчэ горш траціў раўнавагу, якую спрабаваў утрымоўваць у ім Пятроні. Былі хвіліны, у якіх і сам ужо не ведаў, ці кахае Лігію, ці ненавідзіць, ведаў толькі, што мусіць яе знайсці, хай зямля яго глыне, калі яе не ўбачыць ды не прысвоіць. Сілай уявы часта аглядаў яе, як жывую й прысутную, прыгадваў сабе кожнае высказанае да яе або ёю слова. Чуў яе блізка, адчуваў на грудзях і руках, і тады гарачка жады парывала яго неймаверна. Кахаў яе, да сябе заклікаў. А на ўспамін, што і яна яго кахала й гатова была дабравольна споўніць ягоныя жаданні, душыў яго няўтульны жаль, а сэрца залівала хваля салодкае песлівасці. Іншы раз падыходзіла такая злосць, што аж бялеў з закатнасці й пагражаў Лігіі пакутамі. Жадаў яе не толькі мець, але мець стаптанаю нявольніцаю, а адначасна адчуваў, што каб прыйшлося яму выбіраць, ці быць ейным нявольнікам, ці не бачыць яе болей у жыцці, дык згадзіўся б быць нявольнікам. Бывалі дні, у якіх нат думаў і аб розгах, але гатовы быў адначасна сляды розаг тых на ейным ружовым целе цалаваць. Дакучала нат яму думка, што быццам шчасліўшым быў бы, каб яе забіў.