— Буду шукаць яе, спадару, і знайду! — адманваецца паспешна.
Замоўклі, у цішы чутны толькі зяханне ўзбуранага Вініція ды далёкія песні працуючых у агародзе нявольнікаў. Цераз момант грэк, бачачы ўжо на твары маладога патрыцыя супакаенне, пачаў гаварыць: — Смерць прайшла ля мяне, але я так смела глядзеў ёй у вочы, бы Сакрат. Не, спадару, я не кажу, што не шукаціму дзяўчыны, я жадаў толькі звярнуць увагу, што пошукі яе надта ж для мяне небяспечныя. Сумняваўся, вашэць, у сваім часе, што існуе на свеце нейкі Эўрыцы, а хоць на ўласныя вочы пераканаўся, што сын бацькі майго казаў табе праўду; думаеш вось, што лгу аб Глаўку. На жаль, ня ёсць ён выдумкай; каб я мог зусім бяспечна ацірацца ля хрысціян так, як даўней, аддаў бы за тое старую бедную маю нявольніцу, якую анагдай купіў дзеля апекі над маім старэчым калецтвам. Але бо Глаўк жывы, і каб мяне хоць раз убачыў, дык не ўбачыў ужо мяне больш ты, спадару, а тады хто б табе знайшоў красуню?
Тут замоўк ды пачаў выціраць слёзы, пасля гаворыць далей: — А пакуль Глаўк жыве, як жа мне яе шукаць, магу знячэўку нарвацца на таго злыдня і згіну, а разам са мною скончацца й пошукі.
— Да чаго ты дагаворваешся? Дай раду! Што думаеш пачаць?
— Арыстотэлес нас вучыць, спадару, што меншыя рэчы трэ пасвячаць дзеля большых, а кір Прыам казаў часта: старасць не радасць. Вось жа ярмо старасці й гора гныбіць Глаўка так даўно ўжо і цяжка, што смерць была б для яго вызваленнем. Так кажа і Сэнэка… — Блазнуй з Пятроніем, не са мною, кажы, чаго хочаш?
— Калі цнота ёсць блазнотай, хай дазволяць багі назаўсёды застацца мне блазнам. Манюся, спадару, спратаць Глаўка, бо пакуль ён жыве, і жыццё маё і пошукі заўсёды будуць у небяспецы.
— Дык наймі людзей, якія кіямі затаўкуць яго, я ім заплачу.
— Здзяруць з цябе, спадару, дый магчымуць парушыць сакрэт. Абармотаў у Рыме ёсць столькі, колькі пяску на арэне; каб ты ведаў, аднак, як даражацца, калі сумленны чалавек патрабуе іхняга разбойніцтва. Не, дастойны трыбуне! Ануж бы вігілы спаймалі? Дый прызналіся, хто іх наняў? А мяне не выявяць, імя бо маё не ведацімуць. Чаму б не даверыць мне, бо, не кажучы ўжо аб маёй сумленнасці, памятай, расходзіцца тут пра дзве іншыя рэчы: пра маю ўласную скуру ды пра абяцаную мне заплату.
— Колькі ж хочаш?
— Патрэбна мне тысяча сэстэрцыяў, падумай бо, спадару, сам: мушу знайсці сумленных абармотаў, такіх, якія б, узяўшы задатак, не прапалі б з ім разам без вестак. За добрую работу — добрая заплата! Прыдалося б таксама і мне што-небудзь на абмыццё слёз па Глаўку… Перад багамі клянуся, як мне дораг ён! Калі сяння дастану тысячу сэстэрцыяў, за два дні душа яго будзе ў Гадэсе, і там толькі (калі душы наагул маюць памяць і дар мыслі) пазнае, як спагадаў я яму. Людзі знайдуцца хоць бы й сяння, загадаю ім, што ад заўтрашняга вечара за кожны дзень жыцця Глаўка здымаю ім па сто сэстэрцыяў. Маю таксама адзін помысел, які выдаецца мне беспахібным.
Вініць яшчэ раз прыабяцаў яму жаданую суму, але забараніў далей гаварыць аб Глаўку, а замест таго спытаў, якія больш прыносіць навіны, дзе праз апошні час быў, што бачыў ды што выследзіў. Але Хілон не шмат новага мог яму сказаць. Быў яшчэ ў двух дамох малітвы і зважаў рупна на ўсіх, асабліва на жанчынаў, але не прыкмеціў ніводнай падобнай да Лігіі. Хрысціяне, аднак, быццам уважаюць яго за свайго, а пасля выкуплення Эўрыцыя ганаруюць яго, як наслядоўніка Хрыста. Даведаўся таксама ад іх, што адзін іхні вялікі заканадаўца, нейкі Павал з Тарсу, ёсць у Рыме, у вязніцы, з прычыны жыдоўскага на яго даносу, дык задумаў пазнаёміцца з ім. Але найбольш усцешыла яго іншая вестка, менавіта: найвышэйшы святар цэлае сэкты, вучань і намеснік Хрыстовы, якому Хрыстус паверыў кіравецтва хрысціянства, маецца таксама хутка прыехаць у Рым. Усе хрысціяне, ведама, старацімуцца пабачыць яго ды паслухаць навучання. Маюцца быць вялікія зборышчы, дзе і ён, Хілон, зразумела, будзе прысутны, а нат магчыма ўвесці туды і Вініція. Тады знойдуць Лігію напэўна. А як не будзе Глаўка, не будзе й небяспекі. Помсціцца, пэўна, можа і помсціліся б, але наагул гэта спакойныя людзі.
Тут Хілон пачаў расказваць з пэўным подзівам, што ніколі не бачыў між імі распусты, атручвання студняў і вадаліваў, не даследзіў, каб былі непрыяцелямі роду людскога, каб аддавалі шанаванне аслу ці елі мяса дзяцей. Не, гэтага не бачыў. Пэўне знайдзе між імі й такіх, якія за грошы спратаюць Глаўка, але іхняя навука, наколькі яму вядома, не заахвочвае да ніякага злачынства, наадварот, наказвае дараваць вінаватаму.
Вініць прыгадаў сабе, што казала яму ў Актэ Пампонія Грэцына, і наагул гутаркі Хілона слухаў з радасцяй. Хаця пачуццё яго да Лігіі выглядала бы нянавісць, рабілася яму, аднак, лягчэй, як пачуў, што навука, якую і яна і Пампонія вызнавалі, не была ані злачыннаю, ані плюгаваю. Радзілася, аднак, у ім нейкае пачуцце, што менавіта яна — тая таемная нязнаная чэсць для Хрыстуса — стварыла пропасць між ім і Лігіяй, дык пачаў адначасна і баяцца тае навукі, і ненавідзець яе.