Хілон схіліў голаў.
— Што за здраднік? Юдавы сын, сын яду ягонага, што быццам прыкідваецца хрысціянінам і ходзіць у дом малітвы па тое толькі, каб ачарняць братоў перад цэзарам, што цэзара моў не хочуць прызнаваць за Бога, што затручваюць вадалівы, душаць дзяцей ды намагаюцца знішчыць гэты горад так, каб на каменні камення нат не засталося. За некалькі дзён вось будзе выданы прэторыянам загад арыштаваць старцаў, жанчын, дзяцей ды паслаць на смерць так, як нявольнікаў Пэданія Сэкунда.
І ўсё гэта спрычыніў той Юдаш. Але калі першага Юды ніхто не скараў, не помсціў, баронячы Хрыста падчас мукаў, дык хто захоча ўкараць гэтага, хто разатрэ вужаку перш, чым судзіціме цэзар, хто згладзіць, хто абароніць ад загубы веру ў Хрыста?
Урбан устаў нагла й кажа: — Я даканаю гэтага, войча!
Хілон таксама ўстаў, праз момант глядзеў у твар жарнамолу, асветлены месяцам, пасля, кладучы важна далонь на ягонай галаве, гавора: — Ідзі да хрысціян, — загадаў важна, — ідзі ў дамы малітвы й пытай братоў пра Глаўка, лекара, і як толькі табе яго пакажуць, у імя Хрыста, забі!
— Пра Глаўка? — паўтарыў жарнамол, як бы жадаў уцвярдзіць сабе ў памяці тое імя.
— Ведаеш яго?
— Не, не ведаю. У Рыме ёсць тысячы хрысціян, дык не ўсе з сабою знаюцца. Але заўтра ў Острыянуме збяруцца браты і сёстры ноччу ўсе да аднае душы, бо прыехаў вялікі Апостал Хрыстовы, які будзе тамака навучаць, там брацця пакажуць мне Глаўка.
— У Острыянуме? — спытаў Хілон. — Гэта ж за горадам. Усе брацця і сёстры? Уначы? За брамамі Острыянума?
— Так, ойча. Гэта наш магільнік, між дарогамі Салярыя і Намэнтана. Ці ж ты не ведаеш нічога пра навучанне там Вялікага Апостала?
— Не быў праз два дні дома, дык не атрымаў ад яго весткі, дый не ведаю, дзе той Острыянум, нядаўна бо ж прыехаў з Карынту, дзе апякуюся хрысціянскаю гмінаю… Але так ёсць! Калі Хрыстус даў табе такое натхненне, пойдзеш, сынку, уначы да Острыянума, там знойдзеш між братамі Глаўка і заб’еш яго, вяртаючыся назад у горад, за гэта будуць адпушчаны табе ўсе твае грахі. А цяпер pах з табою!..
— Ойча… — Ну што, слуга Баранка?
На твары работніка села цяжкая задума. Нядаўна вось забіў чалавека, а можа й двух, а навука Хрыстова забараняе забойства. Не забіў іх, праўда, дзеля ўласнае абароны, бо і гэта не можна! Не забіў, барані Божа, дзеля нажывы… Біскуп сам даў яму на помач братву, але забіваць не дазволіў, ён жа забіў нехаця, бо пакараў яго Бог сілаю вялікаю… І цяпер вось цяжка пакутуе… Іншыя пяюць пры жорнах, а ён, небарака, усё думае пра свой грэх, пра абразу Баранка… Колькі ён ужо вымаліўся, колькі выплакаў слёз! Колькі разоў перапрашаў Баранка! І дагэтуль пачуваецца грэшным. А цяпер зноў вось абяцаў забіць здрадніка… Яно мо й добра! Уласную бо крыўду толькі можна прабачаць, дык заб’е яго хоць бы на вачах усіх братоў і сёстраў, якія ўзаўтра будуць у Острыянуме. Але хай Глаўка перш асудзяць старшыны гміны, біскуп ці Апостал. Забіць не цяжка, а забіць здрадніка нават і міла, бы воўка ці мядзведзя, але што, калі заб’ю невінаватага?
Як жа браць на сумленне новы грэх, новую абразу Баранка?
— На суд няма часу, мой сыне, — вырашыў Хілон, — бо здраднік проста з Острыянума пойдзе да цэзара ў Анцыюм або схаваецца ў таго патрыцыя, якому служыць; даю вось табе знак, па забойстве Глаўка пакажаш яго ці біскупу, ці Вялікаму Апосталу, а яны багаславіцімуць твой учынак.
Сказаўшы гэта, дастаў грашавік, выскраб нажом на сэстэрцыі знак крыжа і аддаў яго работніку.
— Во прысуд на Глаўка і знак табе. Пакажы толькі, зрабіўшы сваё, біскупу, дык адпусціць табе і гэтае і тамтыя забойствы.
Работнік выцягнуў руку, але, успомніўшы надта яшчэ свежае папярэдняе забойства, жахнуўся, небарака.
— Ойча, — адазваўся, быццам молячы, — няўжо бярэш на сваё сумленне гэты ўчынак, няўжо сам ты чуў Глаўка, як прадаваў братоў?
Хілон скеміў, што трэ даць нейкія доказы, выказаць якія-небудзь прозвішчы, інакш бо ў душу асілка залезе сумніў. І нараз прыдатная думка мігнула ў галаве.
— Слухай, Урбан, — кажа, — я жыву ў Карынце, але родам я з Кос, і тут, у Рыме, вучу Хрыстоваю навукаю адну служніцу з маіх старон, якая завецца Эўніка. Служыць яна як вестыпліка ў аднаго цэзаравага прыяцеля, нейкага Пятронія. Вось жа ў адным доме чуў я, як Глаўк падручаўся выдаць усіх хрысціян дый апрача таго абяцаў іншаму цэзараваму завушніку, Вініцію, знайсці яму між хрысціянамі дзяўчыну… Тут замоўк і глянуў, здзіўлены, на жарнамола, у якога вочы загарэліся раптам бы ў звера, а твар нахмурыўся дзікім гневам і злосцю.
— Што табе? — спытаў сопалаху.
— Нічога, ойча. Заб’ю Глаўка ўзаўтра!..