Едзем таксама і да Бэнэвэнту падзіўляць шавецкія раскошы Ватынія, адтуль пад апекай боскіх братоў Алены — у Грэцыю. У сабе самым зацеміў я адну рэч: між шалёнымі становішся шалёным, а прынамсь пачынае смакаваць шалы-балы. Грэцыя і падарожжа з тысячамі цытраў, нейкі трыўмфальны карагод Бакха сярод увенчаных міртовай зеленню, вінаградавым лісцем німфаў і бахантак, вазы з запрэжанымі тыгрысамі, краскі, тырсы, вянкі, воклічы «эвоэ!», музыка, паэзія й воплескі Гэлады, усё гэта добрае, але мы тут гадуем яшчэ смялейшыя замыслы. Нам заманілася стварыць нейкую байковую дзяржаву пальмаў, сонца, паэзіі ды ператворанае рэчаіснасці, ператворанага ў раскошу жыцця. Нам хочацца забыць пра Рым, а цэнтр свету ўфундаваць недзе між Грэцыяй, Азіяй і Егіптам, жыць жыццём не людскім, але жыццём багоў, не ведаць будзёншчыны, блукацца ў залатых галярэях у цяні пурпуровых вятругаў па Архіпелагу, быць Апалонам, Озырысам і Баалем у аднэй асобе, ружавець моў зараніца, сонцам залаціцца, месяцам серабрыцца, валадарыць, пяяць і сніць… І ці паверыш, я, што маю яшчэ на сэстэрцыю рассудку, а на аса толку, паддаюся гэным фантазіям-мроям. Паддаюся таму, што, калі гэта ўсё немагчымае, дык прынамсі велізарнае й незвычайнае… Такая байковая імперыя сном калісь патомкам нашым выдавалася б. Паколькі Венус не прыбярэцца ў постаць Лігіі або хоць такое нявольніцы, як Эўніка, ды паколькі не прыхарошыць яго мастацтва, дык жыццё само ёсць нікчэмным, пустым і часта мае аблічча малпы. Але Рудабароды не ажыццёвіць сваіх помыслаў хоць бы й дзеля таго, што ў той байковай дзяржаве паэзіі і Ўсходу не павінна быць мейсца на здраду, подласць і смерць, а ў ім пад відам паэта сядзіць марны камедыянт, дурнаваты фурман і нікчэмны тыран. Душым людзей, калі нам чым-небудзь заваджаюць. Бедны Таркват Сыланус ёсць ужо ценем. Падрэзаў сабе жылы перад некалькімі днямі. Лекан і Ліцыній прымаюць кансулат са страхам, стары Тразэй не пазбегне смерці, бо смее быць чэсным. Тыгэлін і дагэтуль не можа выстарацца для мяне загаду, каб падрэзаў сабе жылы.
Я, бач, патрэбны яшчэ не толькі як арбітр элеганцыі, але як чалавек, без якога рады і густу магла б няўдацца экспедыцыя ў Ахайю. Часта, аднак, думаю, што раней ці пазней мусіціме на гэтым скончыцца, і ці ведаеш, пра што тады расходзіцца: каб Рудабародаму не дасталася тая мірэнская чара, якую ты знаеш ды любуеш. Калі падчас смерці мае будзеш пры мне, дык аддам яе табе, а калі будзеш далёка, дык паб’ю яе. Бывай здароў і наймі Кратона, бо інакш другі раз табе выдзяруць Лігію. Як перастане табе быць патрэбны Хіланід, прыйшлі яго мне, дзе буду. Можа, зраблю з яго другога Ватынія, і мо мужы консульства ды сенатары будуць яшчэ дрыжаць перад ім, як дрыжаць перад тамтым рыцарам-дратаўкаю. Як знойдзеш Лігію, дай мне знаць, ахвярую за вас пару лебедзяў і галубоў у тутэйшай круглай святыні Венеры. Бачыў я раз у сне Лігію на тваіх каленях, шукаючую тваіх цалункаў. Пастарайся, каб гэны сон спраўдзіўся. Хай жа неба твайго не засноўваюць хмары, а калі й заснуюць, дык хай маюць колер і пах ружаў. Бывай здароў!»
XIX
Толькі што скончыў Вініць чытаць, як у бібліятэку ўсоўваецца ціха неспадзяваны Хілон, бо служба мела загад пушчаць яго ў кожную пару дня й ночы.
— Хай боская маці твайго крывічэснага продка Энэя будзе міласціва табе так, як мне быў міласцівы боскі сын Майі.
— Гэта знача?.. — спытаў Вініць, зрываючыся ад стала, пры якім сядзеў.
Хілон падняў голаў і кажа: — Эўрыка!
Малады патрыцый узгарэўся так, што праз даўжэйшую хвіліну не мог слова прамовіць.
— Бачыў яе? — спытаў нарэшце.
— Бачыў Урсуса, спадару, і гутарыў з ім.
— І ведаеш, дзе схаваліся?
— Не, доміне. Хто іншы мо праз самае сябелюбства даў бы від лігу, што згадаў, хто ён такі, або пачаў бы выпытваць, дзе жыве, і дастаў бы куксача, ад якога ўсе зямныя стравы сталіся б нямілымі, або ўзбудзіў бы недавер вялігура і спрычыніў бы тое, што тае ж самае ночы пашукалі б іншага сховішча. Гэтага я не зрабіў. Даволі мне ведаць, што Урсус працуе ў млынара каля Эмпорыюма, які завецца Дэмас, так, як твой вызвольнік, а даволі мне гэтага таму, што цяпер кожны твой надзейны чалавек магчыме пайсці ягоным следам і выследзіць іхняе сховішча. Я прыношу табе толькі пэўнасць, спадару, што калі Урсус тут, дык і боская Лігія ёсць у Рыме, і другую вестку: сянняшняе ночы напэўна яна будзе ў Острыянуме… — У Острыянуме? Дзе гэта? — перапытаў Вініць, жадаючы мабыць зараз бегчы на тое мейсца.