Уваходзіць Хілон і перарывае гэныя думкі.
— Доміне, — адазваўся грэк, — вось што яшчэ прыйшло мне ў голаў: ануж хрысціяне маюць якія знакі, «тэсэры», без якіх не дапушчаюць да Острыянума? Памятаю, у дамох малітвы так бывае, і такую тэсэру атрымаў я ад Эўрыцыя. Дык дазволь пайсці да яго, распытаць і прызапасіць тыя знакі, калі акажуцца патрэбнымі.
— Добра, чэсны мудрагелю, — адказаў весела Вініць. — Гаворыш як чалавек празорлівы, і трэба цябе за гэта пахваліць. Ідзі да Эўрыцыя ці куды хочаш, але дзеля пэўнасці пакінь на гэтым вось стале капшук, які атрымаў.
Хілон, якому надта ж не даспадобы было расставацца з грашмі, скрывіўся, але выканаў загад і выйшаў. З Карынаў да Цырку, ля якога была крамка Эўрыцыя, не надта было далёка, дык вярнуўся Хілон яшчэ задоўга перад змярканнем.
— Вось знакі, спадару. Без іх нас не ўпусцілі б. Распытваўся я таксама добра, кудою йсці, ды сказаў Эўрыцыю, што патрабую іх толькі для маіх знаёмых, сам бо не пайду, задалёка для мяне старога, што ўзаўтра буду бачыцца з Вялікім Апосталам, які мне перакажа найпрыгажэйшыя ўступы сваёй прамовы.
— Як гэта: не будзеш? Мусіш быць! — паставіўся Вініць.
— Ведаю, што мушу, але пайду добра закаптураны і вам тое самае раю, інакш можам спалохаць птушку.
І неўзабаве пачалі збірацца, пачынала бо ўжо змяркацца. Узялі галійскія вопраткі з каптурамі, узялі лятарні. Вініць апрача таго ўзброіў сябе й таварышаў у кароткія крукаватыя нажы, Хілон жа ўздзеў маску, якую здабыў, варочаючыся ад Эўрыцыя, і выйшлі спешна, каб да адлеглае Намэнтанскае брамы паспець перад яе замкненнем.
XX
Ішлі праз вуліцу Патрыцыяў, уздоўж Віміналу, да даўнейшае Вімінальскае брамы, каля пляцу, на якім пазней Дыаклецыян пабудаваў раскошныя лазні. Мінулі астанкі муру Сэрвія Тулія і праз больш адлюдныя ўжо ходы дайшлі да Намэнтанскае дарогі, а там збочылі да Салярыяў улева, на прыгоркі ды капальні пяску, а таксама магільнікі. Сцямнела ўжо зусім, але месяца яшчэ не было, дык дарогу ім было б знайсці цяжка, каб не дапамагалі хрысціяне, як гэта раней прадбачыў Хілон. Направа, налева і спераду паказваліся кудзебныя істоты, ідучыя да пяскавых сухадолаў. Некаторыя з іх неслі лятарні, акрывалі, аднак, іх вопраткаю, іншыя йшлі поцемку.
Трапныя ваяцкія вочы Вініція адрознівалі па паходцы малодшых ад старцаў, дыбаючых з кіёчкам, ды ад жанчын, закутаных у доўгія столы. Рэдка спатыканыя тутака прахожыя і сяляне, выязджаючыя з гораду, уважалі, мабыць, тых начных вандроўнікаў за рабочых, спяшаючых да арэнарыяў, або за хаўтурныя брацтвы, сябры якіх ладзілі сабе часамі ўначы абрадавыя агапы.
Чым далей малады патрыцый з таварышамі йшлі, тым часцей мігалі лятаранькі ды больш спатыкалі асоб. Некаторыя з іх пяялі прыцішным голасам песні, якія выдаваліся Вініцію вельмі тужлівымі. Час ад часу вушы ягоныя лавілі словы або сказы песні, як, напрыклад, «Устань сонны» або «Згробуўстань!», часамі зноў імя Хрыстовае выходзіла з вуснаў мужчын і жанок. Але Вініць не надта зважаў на словы, бо ў галаве таўклася думка: можа, каторая з тых асобаў ёсць Лігія. Некаторыя, праходзячы міма, гаварылі: «Pax vobis!»
або «Пахвалёны Езус!» — і падыходзіла да яго трывога, трапятала сэрца, бо выдавалася яму, што чуе голас Лігіі. Хутка, аднак, пераканаўся, што рухі і галасы гэныя зводзілі яго, дык перастаў верыць вачам.
Дарога вельмі яму доўжылася. Ваколіцы ведаў добра, але поцемку не мог арыентавацца. На кожным амаль кроку спатыкаў то нейкія вузкія затулкі, то румовішчы, то нейкія нябачаныя будынкі. Урэшце з-за хмар паказаўся беражок месяца, які лепш асвятляў ваколіцу, чым жухлыя лятарні. І вось нешта паказалася ўдалечыні, ці то вогнішча, ці то полымя светача. Вініць нахіліўся да Хілона і спытаў, ці гэта Острыянум?
Хілон, на якога ноч, адлегласць ад гораду й гэныя ведзьмаватыя постаці, відаць, рабілі ўражанне, адказаў крыху няпэўным голасам: — Не ведаю, спадару, не быў ні разу ў Острыянуме. Але маглі б славіць Хрыста дзе-небудзь бліжэй.
А потым, чуючы патрэбу гутаркі і падмацавання адвагі, дадаў: — Сходзяцца бы разбойнікі, адыж не можна ім забіваць, хіба мяне той ліг звёў.
Вініція, думаючага аб Лігіі, таксама задзіўляла тая асцярожнасць і таемнасць, з якою сувернікі ейныя збіраліся на слуханне найвышэйшага духоўніка, дык адазваўся: — Як усе рэлігіі, так і гэта мае між намі сваіх адгерэнтаў, але хрысціяне таксама сэкта жыдоўская. Чаму ж збіраюцца тутака, калі на Затыбры стаяць жыдоўскія святыні, у якіх жыды публічна складаюць ахвяры?