Тым часам Пётр пачаў мову, гаварыў спачатку, як бацька, што вучыць і дакладае, як павінны жыць. Нагадваў ім, каб выракліся збыткаў, раскошы ды каб мілавалі ўбогасць, нявіннасць абычаяў, праўду, каб цярпліва зносілі крыўду й праслед, каб слухалі старшых і ўлады, каб высцерагаліся здрады, крывадушнасці й абгавору, а ў канцы — каб давалі добры прыклад і самі між сабою, і паганам. Вініція, якому добрым выдавалася толькі тое, што дапамагала здабыць Лігію, а благім — што перашкаджала гэтаму, раздражнялі і гневалі некаторыя з тых радаў, здавалася бо яму, што старац, заляцаючы нявіннасць і змаганне з похацямі, не толькі граміць ягонае каханне, але й Лігію знеахвочвае да яго ды наганяе ёй упорства. Калі яна, думаў, ёсць тут і слухае гэных слоў шчыра, дык у гэнай хвіліне прымушана думаць аб ім як аб ворагу тае навукі і нягодніку.
Думка гэта ўзбудзіла ў ім злосць: «Ну і што ж за навіну пачуў я, — вайцяў сабе. — І гэта маецца быць тая нязнаная навука? Кажны гэта ведае й не раз ужо аб гэтым чуў. Або ж не заляцаюць убоства і абмежавання патрэб цынікі, або ж не паляцаў цноты Сакрат як рэч старую, але карысную? Першы-лепшы стоік, нат такі Сэнэка, што мае пяцьсот цытрыновых сталоў, славіў сціплую памяркоўнасць, заляцаў праўду, цярплівасць у горы, сталасць у нядолі — усё гэта старое ўжо, моў прылеглае збожжа, што мышы цярэбяць, бо людзі яго есці не хочуць за тое, што ад старасці пратухла»… І разам з гневам закрадаўся ў душу знявер, спадзяваўся бо адкрыць новыя чароўныя тайніцы, а прынамсь маніўся пачуць якога парываючага вымоваю рэтора, тым часам чуў толькі дужа простыя, без ніякае прыкрасы словы. Дзіўнай яму толькі здавалася тая загадкавая цішыня і ўважлівасць слухачоў. Старац гаварыў далей да тых заслуханых людзей аб тым, як маюць быць добрымі, ціхімі, справядлівымі, убогімі й чыстымі не таму, каб у гэным жыцці толькі мець супакой, але каб па смерці жыць вечна з Хрыстом у такім вяселлі, у такой славе, росквіце і радасці, якіх ніхто ніколі на зямлі не асягне. Вось тут Вініць, паміма ўпярэджання й знеахвоты, не мог не даследзіць розніцы між навукаю старца і навукаю цынікаў, стоікаў ці іншых філязофаў, тамтыя бо заляцалі цноты толькі як рэч разумную і практычную ў жыцці, а ён прыракаў за яе несмяротнасць, і то не абы-якую марную несмяротнасць падземную ў нудзе, нікчомнасці, процьме, але светазарную, роўную амаль несмяротнасці багоў. Пры тым гаварыў ён аб ёй, як аб рэчы зусім пэўнай, дык пры такой веры цнота набірала папросту безгранічнай цаны, а жыццёвая бяда-гора выглядала чымсь надта маленькім, сціплым, бо цярпець да часу для пазнейшага шчасця — зусім іншая рэч, чым цярпець толькі для кадука натуры. Старац талкаваў далей, што цноту і праўду трэба любіць не для іх саміх, бо найвышэйшым прадвечным дабром і цнотай ёсць сам Бог, вось жа хто мілуе іх, той мілуе Бога і праз тое сам становіцца ягоным мілым дзіцем. Вініць не цяміў гэтага добра, але ведаў ужо з гутаркі Пампоніі Грэцыны з Пятроніем, што Бог той, на думку хрысціян, ёсць адзіны і ўсёмагутны, а пачуў цяпер, што ёсць ён таксама і найвышэйшым дабром ды ўсёпраўдай, мімаволі здавалася яму, што перад такім Дэміюргам Ёвіш, Сатурн, Апалон, Юно, Веста і Венус выглядалі б моў якая разгуканая кучка, у якой буяняць усе разам і кажны на сваю руку. Але найбольш малады чалавек сумеўся, як старац пачаў навучаць аб тым, што Бог ёсць таксама і ўсёміласцяй, вось жа хто любіць людзей, той спаўняе найвышэйшае ягонае прыказанне. Але мала любіць людзей свайго народу, Бог-Чалавек за ўсіх бо праліў кроў і між паганаў знайшоў сабе выбранцаў, як, напрыклад, цэнтурыён Карнэлі, ды мала любіць тых, хто нам робіць дабро, Хрыстус бо дараваў і жыдом, што выдалі яго на смерць, і ваякам рымскім, што прыбівалі яго да крыжа, дык трэба тым, што робяць нам крыўду, не толькі прабачаць, але любіць іх і плаціць ім дабром за зло; мала любіць добрых, трэба любіць і благіх, любоўю толькі льго злосць з іх выкараніць.