Выбрать главу

Гатовы быў аддаць за яе тыя ўсе, а да іх яшчэ Рым і цэлы свет у прыдатку.

Быў бы загледзеўся і ўтануў зусім, каб не Хілон, які цягнуў яго за край адзежы, баючыся, каб чаго не накуралесіў, што б магло навесці небяспеку. Хрысціяне тым часам пачалі маліцца й пяяць. Цераз хвіліну загрымела «Маран-ата», пасля вялікі Апостал пачаў вадою з вадаліву хрысціць тых, што прэзбітары рэкамендавалі як прыгатаваных да хросту. Вініцію здавалася, ноч гэта ніколі не скончыцца. Хацеў зараз ісці за Лігіяй ды забраць яе ў дарозе або ў памяшканні.

Урэшце некаторыя пачалі расходзіцца. Хілон тады шапнуў: — Выйдзьма пад браму, бо мы не знялі каптуроў, і людзі глядзяць на нас.

І так сапраўды было. Калі ўсе пад час мовы Апостала паадхілялі каптуры, каб лепей чуць, яны не зрабілі гэтага. Рада Хілона была слушная. Стоячы пры браме, маглі цікаваць на ўсіх выходзячых, а Урсуса не цяжка было распазнаць па росту і паставе.

— Пойдзем за імі, — сказаў Хілон, — паглядзімо, да якога дому ўваходзіцімуць, а заўтра або й сяння абставіш усе сходы ў доме нявольнікамі ды забярэш яе.

— Не! — запярэчыў Вініць.

— А што рабіцімеш, спадару?

— Увойдзем за ёю ў дом і схопім яе воміг цяпер; ты ж падручыўся, Кратон?

— Так ёсць, — адказаў волат, — і аддаюся табе, спадару, у нявольнікі, калі не зламлю хрыбта гэтаму буйвалу, што пільнуе яе.

Хілон пачаў адрайваць і заклікаць іх на ўсе багі, каб не рабілі гэтага. Адыж Кратон меў быць узятым толькі дзеля абароны на выпадак, калі б іх пазналі, не для хапунства дзяўчыны. Калі брацімуць толькі самі ўдвух, налезуць на смерць і, чаго лепшага, могуць яе ўпусціць з рук, а тады яна схаваецца ў іншым мейсцы або ўцячэ з Рыму. І што тады рабіцімуць? Чаму не йсці дарогаю больш пэўнаю? Пашто выстаўляць сябе на згубу і ўсю справу на ліхую долю?

Вініць, хоць устрымоўваў сябе, каб тут жа на магільніку зараз не хапіць у абдымкі Лігіі, прызнаваў, што грэк меў рацыю, і быў бы мо паддаўся ягонай радзе, каб не Кратон, ласы на зыск.

— Замкні, спадару, гэтаму старому маркачу губу, — зікнуў, — або дазволь мне спусціць кулак на голаў яму. Раз у Буксэнтуме, куды запрашаў мяне на йгрьшча Луцый Сатурнін, напала на мяне ў гасподзе сямёх п’яных гладыятараў, і аніводзін не выйшаў з цэлымі рэбрамі. Не кажу цяпер хапаць дзяўчыну, з грамады, бо маглі б нам пад ногі кідаць каменне, але як пераступіць парог дому, схаплю табе яе і занясу, куды хочаш.

Вініць усцешыўся, слухаючы гэта, і адазваўся: — Так і будзе, на Геркулеса! Узаўтра маглі б не знайсці яе прыпадкам дома, і, як спалохалі б дом, адвялі б яе далей.

— Гэны ліг выдаецца мне надта моцным! — заскігліў Хілон.

Мусілі яшчэ доўга чакаць, і куры пачалі пяяць на світанні, пакуль угледзелі выходзячага з брамы Урсуса, а з ім Лігію. Ішло з імі некалькі іншых асоб. Хілону здавалася, быццам пазнае Вялікага Апостала, вобак яго йшоў другі старац, шмат меншы ростам, дзве пажылыя жанчыны і падлетак, які свяціў лятарняю. За гэнаю грамадою йшла маса верных, можа, са дзвесце асоб. Вініць, Хілон і Кратон патанулі ў гэнай масе.

— Так, спадару, твая малодухна знаходзіцца пад дастойнаю апекай. Гэта ён з ёю, Вялікі Апостал. Бач бо як людзі кленчаць перад ім.

Людзі сапраўды кленчылі, але Вініць не глядзеў на іх. Не спускаючы ані на хвіліну з вачэй Лігію, думаў толькі аб здабычы і, напрактыкаваны ў войнах, снаваў сабе ў галаве з цэлаю ваяцкаю прэцызыяй падступны план хопу. Усведамляў, што крок, на які важыўся, быў адчайны, але ведаў, што такія крокі найчасцей удаюцца.