І па хвіліне зніклі абодва ў цёмных сенях.
Хілон даў чосу да рову найбліжэйшае вуліцы і давай вызіраць з-за вугла, чакаючы, што будзе.
XXII
Вініць толькі ў сенях зразумеў усю цяжкасць справы. Дом быў абшырны, колькіпаверхавы, адзін з такіх, якіх тысячы будавана ў Рыме дзеля даходнасці з памешканняў, і звычайна будавана з такім поспехам і неакуратнасцю, што не было амаль году, каб некалькі з іх не заваліліся на галовы кватарантам. Гэта былі сапраўдныя вуллі, надта высокія і надта вузкія, поўныя каморак і закамаркаў, у якіх гняздзілася ўбогая маса. У горадзе, у якім шмат якія вуліцы не мелі назову, дамы такія не мелі нумароў; собснікі паборы належнасці павяралі нявольнікам, каторыя, не маючы ад гарадскіх уладаў загаду падаваць прозвішчы лакатараў, часта не ведалі іх самі. Дапытацца каго ў такім доме было не раз вельмі цяжка, асабліва калі пры браме не было стоража.
Вініць з Кратонам праз доўгія, падобныя да калідору, сенцы ўвайшлі на вузкі, забудаваны з чатырох бакоў, панадворак, моў супольны для ўсяго дому атрыюм з вадалівам пасярэдзіне, струмень якога спадаў у каменную місу, умураваную ў зямлю. Пры ўсіх сценах беглі ўгару вонкавыя сходы, часткова каменныя, часткова драўляныя, вядучыя на галярэю, з якое ўваходзілася ў памяшканні. Унізе былі таксама кватэры, некаторыя зачыняліся драўлянымі дзвярыма, іншыя толькі ваўнянымі, па большай частцы павытрапанымі, падзёртымі ці палапленымі занавесямі.
Было заранне, і на панадворку ані жывое душы. Відаць, у цэлым доме йшчэ ўсе спалі, з выключэннем тых, што нядаўна вярнуліся з Острыянума.
— Што рабіцімем, спадару? — спытаў, затрымоўваючыся, Кратон.
— Чакайма тут: можа, хто з’явіцца, — адказаў Вініць. — Не трэ, каб нас бачылі на надворку.
Тут здагадаўся, што рада Хілона была практычная. Каб меў з сабою колькідзесят нявольнікаў, можна было б абсадзіць браму, якая, здэцца, была адзіным выхадам, і ператрэсці ўсе кватэры, а так трэба адразу трапіць у памешканне Лігіі, бо інакш хрысціяне, якіх напэўна ў гэтым доме было шмат, магчымуць упярэдзіць, што яе шукаюць. Дзеля таго было таксама небяспечным і распытвацца незнаёмых асоб. Вініць праз хвіліну надумоўваўся, ці не вярнуцца па нявольнікаў, ажно воміг з-за аднае занавесі выходзіць чалавек з сітам у руцэ ды йдзе да вадаліву.
Юнак на першы пагляд пазнаў Урсуса.
— Гэта ліг, — шапнуў Вініць.
— Ці зараз паламаць яму косці?
— Чакай.
Урсус не дагледзеў іх, бо стаялі ў змроку сеняў, і пачаў спакойна паласкаць у вадзе агародніну, што была ў сіце. Пасля доўгае, бач, ночы, збаўленае на магільніку, маніўся прыгатаваць з яе снеданне. Па хвіліне, скончыўшы работу, узяў мокрае сіта й знік за заслонаю. Кратон і Вініць лучылі за ім, думаючы, што патрапяць проста ў памешканне Лігіі.
Але, надзіва, заслона зачыняла ад надворку не памяшканне, а другі цёмны калідор, на канцы якога відзён быў агародчык з некалькімі цыпрысамі і міртавымі кустамі, за ім дамок, прылеплены да глухое задняе сцяны суседняе камяніцы. Абодва скемілі нараз, што гэтая абставіна для іх памысная. На двары бо магло зрабіцца збяговішча ўсіх жыхароў, а наўзбочча дамку аблягчала сітуацыю. Хутка ўвінуцца з абаронцамі, а злашча з Урсусам, ды з ухопленай Лігіяй таксама хутка выдабыцца на вуліцу, а там ужо дадуць сабе рады. А можа, ніхто іх і не зачэпіць; калі зачэпяць, скажуць, што расходзіцца пра цэзараву закладнічку; а ў незвычайным выпадку Вініць звернецца да вігілаў.
Урсус ужо бадай уваходзіў у дамок, ажно шорах нечых крокаў закрануў ягоную ўвагу, затрымаўся і, угледзеўшы двух чалавек, палажыў сіта на балюстрадзе ды завярнуўся да іх.
— А чаго тут шукаеце? — спытаў.
— Цябе! — адсек Вініць.
Па чым, кіўнуўшы Кратону, загадаў рэзкім прыцішным голасам: — Бі!
Кратон кінуўся бы тыгрыс і ў адной хвіліне, перш, чым ліг змеркаваўся, хапіў яго ў свае сталёвыя рукі.
Вініць надта быў пэўны ягонай надлюдскае сілы, дык не чакаў выніку барацьбы, а, мінуўшы іх, падскочыў да дзвярэй дамка, піхнуў іх і ўвайшоў у цёмную камору, рассветленую, аднак, распаленым камінкам. Бляск гэтага камінку падаў проcта на твар Лігіі. Другою асобай, што сядзела пры камінку, быў той старац, спадарожнік Лігіі і Урсуса з Острыянума.
Вініць ускочыў так раптоўна неспадзявана, што Лігія й не паспела агледзецца, як схапіў яе ўполкі і, падняўшы ўгару, кінуўся назад да дзвярэй. Старац паспеў, праўда, яму заступіць дзверы, але ён, прыціснуўшы дзяўчыну адною рукою, другою адапхнуў яго. Каптур асунуўся з ягонай галавы, і тады ў абліччы гэнага знаёмага а страшнага твару сэрца Лігіі замерла ад жаху і спаралізавала голас. Хацела крычаць ратунку й не магла. Таксама надарэмна спрабавала ўхапіць за раму дзвярэй, упірацца. Пальцы ейныя слізганулі па камяні, і была б згубіла прытомнасць, каб не ўдарыла ейных вачэй жахлівае відовішча, калі выскачыў з ёю Вініць у вагарод.