Выбрать главу

Урсус трымаў у руках нейкага чалавека, цалкам перагнутага ўзад, з абвісшаю галавою ды акрываўленымі вуснамі. Угледзеўшы іх, яшчэ ўдарыў кулаком па той галаве і вокамгненна прыскочыў, бы раз’юшаны звер, да Вініція.

— Смерць! — падумаў малады патрыцый.

Нараз чуе, бы праз сон, крык Лігіі: «Не бі!» Пасля адчуў, як, моў пярун, развязала яму нешта рукі, якімі яе абнімаў, урэшце зямля пад ім закружылася, і дзённае святло згасла ўваччу…

Хілон, схаваны за вуглом нарожнага дому, чакаў, што станецца, цікавасць змагалася ў ім са страхам. Гадаў сабе: калі ўдасца ім схапіць Лігію, дык добра будзе быць пры Вініцію. Урбана не баяўся ўжо, бо быў таксама пэўны, што Кратон адолее яго. Затое ўважаў, што калі б на пустых дагэтуль вуліцах пачалася суталака, калі б хрысціяне ці іншыя людзі жадалі ставіць супраціў Вініцію, тады ён кінецца да іх як прадстаўнік улады, як выканаўца волі цэзара, а ў скрайнім выпадку пакліча вігілаў на помач маладому патрыцыю проці вулічнай галайстры і тым прыдбае сабе новыя ласкі. У душы думаў, што ўчынак Вініція ёсць неразважны, аднак, зважаючы на страшэнную моц Кратона, можа ўдасца. «Калі б прыйшло крута, сам трыбун нясціме дзяўчыну, а Кратон расчышчаціме дарогу». Час, аднак жа, яму надта доўжыўся: карціла яму тая цішыня ў сенях, на якія здалёк зорыў вокам. «Калі не трапяць у ейную крыёўку, а наробяць галасу, дык спалохаюць яе».

Думка гэтая не надта яго й засмуціла, бо разумеў, што ў такім выпадку зноў будзе патрэбен Вініцію ды зноў патрапіць з яго выціснуць значную колькасць сэстэрцыяў.

— Што б ні зрабілі, — гадаў сабе, — для мяне зробяць, хоць ніводзін з іх да гэтага не дадумоўваецца… Багі, багі, дазвольце мне толькі… І нагла абарваўся, здавалася бо яму, быццам нешта выхілілася з сяней, дык, прыціснуўшыся да сцяны, цікаваў, стрымліваючы оддых у грудзях.

І не памыліўся, бо з сяней высунулася паўгалавы нейкае і пачала разглядацца навокал.

Па хвіліне, аднак, знікла.

— Гэта няйначай Вініць або Кратон, — падумаў Хілон, — але калі схапілі дзеўку, чаму яна не крычыць ды чаго выглядаюць на вуліцу? Людзей і так напаткаюць, пакуль бо да Карынаў дойдуць, рух зробіцца на горадзе. Што гэта? На ўсенькія багі несмяротныя!..

І нагла астанкі валасоў вожыкам сталі яму на галаве. У дзвярах паказаўся Урсус з абвісаючым на плечуку целам Кратона і, з’арыентаваўшыся яшчэ раз, пачаў з ім бегчы пустою вуліцаю да рэчкі.

Хілон пры сцяне зрабіўся так пласкі, як кавалак тынку.

— Згіну, калі мяне ззорыць, — падумаў.

Але Урсус борзда прабег каля нарожнага дому і знік за наступным будынкам, а Хілон, доўга не чакаючы, сунуў у глыб папярэчнае вулачкі, звонячы сопалаху зубамі і з вёрткасцю, якою, бадай, і юнак не задзівіў бы.

— Як спанатрыць мяне здалёк, варочаючыся, дык дагоніць і заб’е, — талкаваў сабе. — Ратуй мяне, Зэўсе, ратуй, Апола, ратуй, Гермесе, ратуй, Божа хрысціян!

Уцяку з Рыму, вярнуся ў Мэзамбрыю, выбаўце мяне толькі з рук гэтага дэмана!

І той ліг, што задушыў Кратона, выдаваўся ў гэнай хвіліне сапраўды нейкаю надлюдскаю істотаю. Бегучы, думаў, мо гэта які бог у постаці барбара. У той хвіліне верыў ува ўсіх багоў цэлага свету, ува ўсе німфы, з якіх звычайна кпіў. Марочылася яму таксама ў галаве, што Кратона мог забіць хрысціянскі Бог, і валасы зноў дубам сталі на галаве, як падумаў: нашто заводзіўся з такою магутнасцю.

Аж, прабегшы некалькі завулкаў і спаткаўшы нейкіх работнікаў, воддаль насупраць ідучых, крыху супакоіўся. У грудзях не хапала ўжо й паветра, дык сеў на парозе дому і пачаў рогам сярмягі выціраць на лбе пот.

— Стары я ўжо і патрабую супакою, — кажа сабе.

Людзі, што йшлі насупраць, збочылі ў нейкую вулічку, і зноў агарнула яго чорная думка. Горад яшчэ спаў. Раніцаю рух падымаўся ўпярод у багатых кварталах места, дзе нявольнікі багатых дамоў мусілі ўставаць дадня, а ў тых, дзе жыла люднасць вольная, утрымоўваная коштам гаспадарства, дармаедская, уставалі — злашча зімою — даволі позна. Хілона, праседзеўшага крыху на парозе, пачаў праймаць холад, дык устаў і, пераканаўшыся, што не згубіў капшука, Вініціевага дарунку, пацягнуўся паволі да рэчкі.

— Мо дзе агледжу цела Кратона, — казаў сабе. — О, багі! Гэны ж ліг, калі ёсць чалавекам, мог бы за год зарабіць мільёны сэстэрцыяў, калі бо ўдушыў Кратона, як шчанё, дык хто ж яго падолее?

За кожны выступ на арэне далі б яму столькі золата, колькі важыць сам.