— Лігія, — кажа, — ты не дазволіла забіць мяне… А яна салодка адказвае: — Хай Бог дасць табе здароўе.
Для Вініція, сведамага даўнейшых і апошняй крыўд, што маніўся зрабіць ёй, словы гэныя былі сапраўдным бальзамам. Забыўся ў гэнай хвіліне, што ейнымі вуснамі можа гаварыць хрысціянская навука, а чуў толькі, быццам гаворыць каханая жынчына, у адказе якое ёсць нейкая асабістая песлівасць ды надлюдская дабрыня, да глыбіні яго праймаючая. Як упярод аслаб ад болю, так цяпер аслаб з расчулення. Авалодала ім нейкая немач, адначасна і магутная і салодкая. Меў такое ўражанне, як бы ляцеў недзе ў процьму, але пры тым адчуваў, што яму добра, што ён — шчаслівы. У моманце тае салодкае немачы думаў таксама — стаіць над ім боства.
Тым часам Глаўк скончыў прамываць рану ў ягонай галаве і прылажыў да яе гаючую масць. Урсус забраў з рук Лігіі мяднік, а яна, узяўшы са стала чарку з вадою і віном, прыставіла яму да вуснаў. Вініць выпіў прагавіта й пачуў льгу. Пасля перавязкі боль супакоіўся. Раны пачалі тужэць. Вярнулася прытомнасць.
— Дай мне яшчэ, — просіць, — напіцца.
Лігія пайшла ў бакоўку; збліжаецца да яго пасля кароткае гутаркі з Глаўкам Крысп і кажа: — Вініць, Бог не дазволіў табе выканаць благі намер, але дараваў табе жыццё, бо ты апамятаўся. Той, перад каторым чалавек ёсць пылінкай, аддаў цябе безабароннага ў нашыя рукі, але Хрыстус, у якога мы верым, загадвае нам мілаваць нат непрыяцеляў. Дык агледзелі мы табе раны і, як казала Лігія, маліцімемся, каб Бог вярнуў табе здароўе, але даўжэй цябе даглядаць не можам. Дык заставайся з Богам і падумай сам, ці гадзіцца табе далей пераследваць Лігію, якую пазбавіў апякуноў, дому, — і нас, што за зло дабром табе адплацілі?
— Хочаце пакінуць мяне? — спытаў Вініць.
— Хочам выйсці з гэтага дому, у якім можа дасягнуць нас рука прэфекта.
Твой спадручнік забіты, а ты, спадару, між сваімі ляжыш ранены. Не з нашае віны гэта сталася, але на каго ж, як не на нас, спадзе помста права… — Пераследу не бойцеся, — заручыў Вініць. — Я вас засланю.
Крысп не хацеў далей талкаваць, што не толькі пра паліцыю тут расходзіцца, але й Лігію хочуць забяспечыць ад яго.
— Спадару, — кажа, — правая рука твая здаровая, дык вазьмі ось таблічкі і стыль ды напішы слугам сваім, каб прыйшлі па цябе ўвечар з лектыкай ды аднеслі дадому, там табе будзе выгадней, як тут у нашай беднаце. Мы тут кватаруем у беднай удавы, яна зараз прыйдзе з сваім сынам, і тое хлапчанё аднясе твой ліст, бо ўсе мусімы шукаць іншага прытулішча.
Вініць збялеў, бо сцяміў, што хочуць яго разлучыць з Лігіяй, і як зноў страціць яе, дык ніколі ў жыцці можа не аглядаць… Уяўляў сабе, праўда, што паміж ім і ёю ляглі вялікія перапоны, таму, каб асягнуць яе, трэ шукаць нейкіх новых дарог, аб якіх не меў калі яшчэ думаць. Разумеў таксама, што словам ягоным, хоць бы прысягнуў аддаць Лігію назад Пампоніі Грэцыне, маюць права не верыць дый не павераць. Бо мог даўно ўжо зрабіць гэта; мог замест тропіць Лігію пайсці да Пампоніі і прысягнуць ёй, што выракаецца посцігу, хай сама, калі хоча, шукае дзяўчыны. Не, ніякія запэўніванні не здолеюць іх затрымаць, ніякая прысяга не будзе прынята, тым больш, што і прысягаць не было на каго, бо багоў паганскіх, у якіх ён і сам не верыў, уважалі яны за нячыстыя сілы.
Аднак моцна жадаў прыхіліць і Лігію і тых ейных апякуноў якім толькі ўдасца спосабам, але на гэта патрабаваў часу. Ну хоць бы дзянькоў пару яшчэ так соладка паглядзець на яе. Як тапельцу адламак дошкі ці хоць бы якая шчэпка выдаецца ратункам, так і яму выдавалася, што праз гэных пару дзён здалее мо што ёй вымавіць такое, што б яго да яе збліжыла, нешта можа абдумае, нешта памыснае здарыцца.
Дык, сабраўшы думкі, кажа: — Паслухайце мяне, хрысціяне. Учора быў я разам з вамі ў Острыянуме і слухаў вашу навуку, але хоць бы й не ведаў яе, учынкі вашыя пераканалі мяне, што вы людзі сумленныя й добрыя. Скажэце той удаве, што займае гэты дом, хай застаецца ў ім, вы заставайцеся таксама, і мне дазвольце застацца. Хай гэты чалавек, — тут кінуў вокам на Глаўка, — лекар, які знаецца на перавязках ран, скажа, ці можна мяне сяння пераносіць. Я ж хворы, маю зламаную руку, яе хоць праз пару дзён не можна варушыць; і таму кажу вам, нікуды не крануся згэтуль, хіба выцягнеце мяне сілком.
Тут зарвала яму, бо ў разбітых ягоных грудзях не хапіла духу, а Крысп сказаў: — Ніхто, спадару, над табою не рабіціме гвалту, мы толькі вынесем адгэтуль нашы галовы.
На гэта непрызвычаены да пярэчанняў юнак нахмурыў бровы і сказаў: — Дай мне зяхнуць.
Цераз момант пачаў гаварыць далей: — Пра Кратона, якога задушыў Урсус, ніхто не пытаціме: меўся ён ехаць сяння ў Бэнэвэнт, куды выклікаў яго Ватыній, дык усе думацімуць, што выехаў. Як уваходзілі мы з Кратонам у гэты дом, ніхто нас не бачыў, апрача аднаго грэка, які быў з намі ў Острыянуме. Скажу вам, дзе жыве, паклічаце яго — я загадаю яму маўчаць, бо гэта чалавек мною наняты. Да дому майго напішу пісульку, што я таксама выехаў у Бэнэвэнт. Калі б грэк данёс ужо прэфекту аб здарэнні, расталкую яму, што я сам забіў Кратона, і што менавіта ён зламаў мне руку. Так зраблю, бажуся айцом і маці роднаю! Дык можаце тутака заставацца, волас нікому з галавы не спадзе. Паклічце хутка грэка, які завецца Хілон Хіланід.