— Застанецца, спадару, пры табе Глаўк, — кажа станоўча Крысп, — і разам з удавой апякавацімуцца табою.
Вініць насупіў бровы яшчэ мацней.
— Слухай, стары чалавеча. Я табе ўдзячны, і выглядаеш на сумленнага й добрага чалавека; чаму не кажаш мне, што на дне душы тоіш? Ты баішся, каб я не паклікаў маіх нявольнікаў ды не забраў Лігіі? Ці ж не так?
— Так! — адказаў суровы Крысп.
— Дык уцям жа: з Хілонам гаварыціму пры вас і пры вас напішу вестку дадому аб маім выездзе, — і што іншых пасланцоў, як вы, пасля не меціму… Раздумай гэта й не дражні мяне больш.
Тут узбурыўся, зморшчыўся ад гневу і з гарачкай талкаваў далей: — Няўжо табе здавалася — я не прызнаюся, што хочу тут застацца, каб бачыць яе?.. Дурань бы адгадаў, хоць бы я не сазнаўся. Але сіламоц не буду яе болей здабываць… А табе скажу нешта іншае. Калі яна тут не застанецца, дык гэтаю вось здароваю рукою пазрываю бандажы, не вазьму ў рот ні вады, ні ежы, і хай смерць мая спадзе на цябе й на тваю браць. Нашто было мяне ратаваць? Чаму не затоўк мяне?
Аж пабялеў з гневу й аслаблення. Лігія, чуючы гэта з бакоўкі і будучы пэўнай, што ён гатовы гэта зрабіць, спалохалася. Не жадала ні за што ягонай смерці. Безабаронны ранены выклікаў толькі літасці яе пра ахвяры, пасвяту й міласэрнасць без межаў, сама ўпаілася тым новым духам да таго, што забылася й аб доме, і аб бацькох, і аб згубленым шчасці, зрабілася з яе адна з такіх маладых хрысціянак, якія пазней змянілі старую душу свету. Вініць так ужо ўрэзаўся ў ейную долю, так накінуўся, што нельга ўжо было пра яго забыць.
Думала пра яго цэлымі днямі й не раз маліла Бога, каб спаслаў такую хвіліну, у якой, ідучы за подыхам навукі, магла б яму выплаціцца дабром за зло, міласэрнасцю за пераслед, зламаць яго, здабыць для Хрыста, збавіць. І цяпер вось, здавалася ёй, такая хвіліна прыйшла, малітвы, знача, Бог выслухаў.
Падыйшла да Крыспа з абліччам як бы натхнёным ды пачала гаварыць так, як бы праз яе гаварыў нейкі іншы голас: — Крысп, хай ён застаецца між намі, і мы застанемся з ім, пакуль Хрыстус яго не аздаровіць.
Стары прэзбітэр, прывыклы бачыць ува ўсім волю Божую, бачачы ейную экзальтацыю, падумаў зараз, а можа, гаворыць праз яе моц вышэйшая, і, затрывожыўшыся ў сэрцы, схіліў свой голаў.
— Хай так станецца, як кажаш, — прыцвярдзіў.
На Вініція, які праз увесь час не спушчаў з яе вачэй, гэная борздая паслухмянасць Крыспа зрабіла дзіўнае й моцнае ўражанне. Здалося яму, што Лігія ёсць між хрысціянамі нейкаю Сыбілаю ці капланкаю ў арэоле сумлення й паважання. І мімахоць сам праняўся тою сумленнасцю. Да адчуванага кахання дамяшалася цяперака як бы нейкая трывожлівасць, пры якой само каханне выглядала на зухвальства. Не мог пры тым асвойтацца з думкай, што адносіны між імі змяніліся, што цяпер не яна ад яго, але ён ад яе залежны, ляжыць вось хворы, зламаны, што перастаў быць напаснікам, здабыўцам, і што стаўся моў безабароннае дзіця на ейнай апецы. Для ягонай гордай удачы і самаволі такія адносіны павінны былі быць паніжаючымі, аднак у гэным выпадку не толькі не адчуваў паніжэння, але быў ёй удзячны, як маці. Былі гэта пачуцці ў ім нечуваныя, яны перад нядаўнім часам не памесціліся б яму ў галаве, сумілі б яны й цяпер яго, каб мог ясна парахункавацца з імі. Ды ён і не пытаў сябе, чаму гэта так ёсць, быццам гэта была рэч натуральная, цешыўся толькі, што застаецца.
І маніўся ёй дзякаваць — з глыбокай пяшчотай ды йшчэ з нейкім пачуццём, так далёка яму няведамым, што й не мог вымысліць, як яго назваць, бо гэта была папросту пакора. Але нядаўняе ўзбурэнне змучыла яго так, што не мог гаварыць, і дзякаваў ёй толькі вачыма, у якіх гарэла радасць, што застаецца пры ёй, што магчыме ёю любавацца ўзаўтра і пазаўтра, можа й доўга.
Радасць тую муціла толькі трывога, каб не страціць таго, што здабыў, так вялікая, што, калі Лігія падала яму зноў вады і калі хапіла яго пры тым ахвота ўзяць яе за руку, баяўся гэтага зрабіць, баяўся — ён, той самы Вініць, які на банкеце ў цэзара цалаваў сіламоц ейныя вусны, а пасля ейных уцёкаў бажыўся, што за валасы цягаціме яе ў кубікулюм або загадае высцябаць.