XXIV
Але пачаў таксама трывожыцца, каб якая няпрошаная дапамога звонку не знішчыла яму радасці. Хілон мог паведаміць прэфекта гораду аб ягонай загубе або вызвольнікаў дому, дык інтэрвенцыя вігілаў была магчымай. Праз голаў, праўда, прабегла яму думка, што ў такім выпадку мог бы загадаць схапіць Лігію й замкнуць у сваім доме, але пачуваў, што рабіць ён гэтага не павінен — дый не здолее. Быў ён чалавекам самавольным, адчайным і даволі папсаваным, а пад прычыну й закатным, але аднак жа не быў ні Тыгэлінам, ні Нэронам. Ваяцкае жыццё выгадавала ў ім пэўнае пачуццё справядлівасці, веры й столькі сумлення, каб зразумець, што такі ўчынак быў бы страшэнна подлым. Быў бы, можа, здольным пусціцца на яго ў нападзе злосці пры поўным здароўі, але ў гэнай хвіліне быў расчулены й хворы, дык расходзілася яму толькі пра тое, каб ніхто не стаў паміж ім і Лігіяй.
Сцяміў таксама надзіва, што ад тае хвіліны, калі выказалася Лігія па ягоным баку, ані яна сама, ані Крысп не жадаюць ад яго ніякіх запэўніванняў, так, як бы былі перакананыя, што пры благой нагодзе абароніць іх нейкая надпрыродная моц. Вініць, у галаве якога пасля выслухання навукі Апостала ў Острыянуме пачала блытацца й зацірацца розніца між рэчамі магчымымі й немагчымымі, не быў таксама далёка ад думкі, што так быць магло б. Аднак жа, дзякуючы цверазейшай думцы, сам прыгадаў ім гутарку пра грэка ды зноў зажадаў, каб прывялі яму Хілона.
Крысп згадзіўся на гэта, і пастанавілі выслаць Урсуса. Вініць добра ведаў ужо Хілона й ягоную зыгзакаватасць, дык дакладна расталкаваў лігу, як да яго дабрацца й злавіць, і, напісаўшы некалькі слоў на таблічцы, звярнуўся да Крыспа: — Даю таблічкі, Хілон бо чалавек аглядны й хітры, які часта, мною пакліканы, загадваў адказваць маім людзям, што няма яго дома, рабіў гэта злашча тагды, калі не меў для мяне добрых навін і баяўся майго гневу.
— Абы яго толькі я знайшоў, дык прывяду, ці хацеціме, ці не, — запэўніваў Урсус.
Пасля чаго, узяўшы накідку, борзда выйшаў. Знайсці яго ў Рыме не было лёгка, нат пры найлепшым адрасе, але Урсусу ў такіх выпадках дапамагаў інстынкт ляснога чалавека ды адначасна добрая абазнанасць з горадам, так што незабаўна знайшоўся ў памяшканні Хілона.
Не пазнаў яго, аднак. Упярод бачыў яго толькі раз у жыцці, дый тое ўначы. Той пастаўны й самаўпэўнены старац, які набухторваў яго забіць Глаўка, так быў непадобны да гэтага згорбленага ў абцас са страху грэка, што нельга было падумаць, каб гэта яны былі адной асобай. Хілон таксама, скеміўшы, што Урсус глядзіць на яго, як баран на новыя вароты, ахрабрэў. Не пагражала яму, знача, падазрэнне, што ўвёў яго наўмысна ў бяду. Прытым здагадаўся, што хрысціяне не забілі Вініція, мабыць, дзеля таго, што не асмеліліся падняць рукі на паважаную асобу.
— Гэта знача й мяне Вініць заслоніць у патрэбе, — падумаў, — бо ж не выклікае мяне на тое, каб забіць.
Дык, каўтнуўшы крыху духу, спытаў: — Мілы чалавеча, ці не прыслаў часам мой прыяцель Вініць па мяне лектыку?.. Ногі бо вось мае папухлі, не магу далёка йсці.
— Не, — адказаў Урсус, — пойдзем пехатою.
— А як не пайду?
— Не рабі гэтага, бо мусіш ісці.
— І пайду, але з уласнае ахвоты. Ніхто мяне не прымусіць, бо я чалавек вольны й прыяцель прэфекта. Як мудрэц, маю раду й на гвалт — бо ўмею ператвараць людзей у дрэвы й звяроў. Але пайду, пайду! Апрану толькі накідку крыху цяплейшую й каптур, каб не пазналі мяне, бач, нявольнікі таго кварталу, інакш бо затрымоўвалі б нас бесперастанку, каб цалаваць мне ў руку.
Сказаўшы гэта, уздзеў іншую хламіду, на голаў напусціў вялікі каптур, каб Урсус не прыпомніў, бач, сабе ягонага выгляду, як выйдуць на святло.
— Куды ж мяне вядзеш?.. — спытаў у дарозе Урсуса.
— На Затыбра.
— Я нядаўна ў Рыме й ніколі там не быў, але й там, думаю, жывуць дастойныя людзі.
Але наіўны Урсус, які нядаўна чуў ад Вініція, што грэк быў з ім на магільніку ў Острыянуме, дый бачыў, як уваходзіў з Кратонам у дом Лігіі, затрымаўся на момант і кажа: — Не махлюй, стары чалавеча, ты ж сяння быў з Вініціем у Острыянуме ды пад нашаю брамай.
— Ах! — спахапіўся Хілон. — Дык гэта ваш дом стаіць на Затыбры? Я нядаўна, бач, у Рыме, дык і не ведаю добра, як завуцца розныя кварталы.
Так, мілы дружа! Быў я пад вашаю брамаю і заклінаў у імя гонару Вініція, каб не ўваходзіў. Быў і ў Острыянуме, а ведаеш чаго? Жадаю навярнуць Вініція, дык хацеў, каб ён паслухаў найстарэйшага Апостала. Асвець Божа ягоную й тваю душу! Ты ж, здэцца, хрысціянін і хіба ж прагнеш, каб праўда запанавала над зямлёю?