Тым часам яна расплюшчыла вочы і, бачачы, што Вініць на яе глядзіць, збліжылася да яго з словамі: — Я пры табе.
А ён ёй: — Бачыў я ў сне тваю душу.
XXVI
Назаўтра прачнуўся аслабленым, але з галавою халоднаю і без гарачкі. Здавалася яму, быццам прабудзіў яго шэпт гутаркі, але як расплюшчыў вочы, нікога не бачыў перад сабою, Лігіі не было пры ім, толькі Урсус, нагнуўшыся над камінкам, разграбаў попел, шукаў жару і, знайшоўшы, пачаў раздзьмухваць яго так, як бы рабіў гэта не вуснамі, а кавалёвым мяхом. Вініць, прыпомніўшы сабе, што чалавек гэны задавіў учора Кратона, з цікавасцю цырковага смакуна прыглядаўся магутным плячам, моў цыклопавым, і падобным да калюмнаў сцёгнам.
— Дзякую Мэркураму, што не скруціў карку, — падумаў у душы. — На Палукса! Калі ўсе лігі да яго падобныя, дунайскія легіёны мецімуць з імі калісь цяжкую работу!
А ўголас адазваўся: — Эй, нявольнік!
Урсус выхіліў голаў з коміна і, ухмыльнуўшыся прыязна, сказаў: — Дай Бог добры дзень, спадару, ды добрае здароўечка, але я чалавек вольны, а ня ёсць нявольнік.
Вініцію, які меў ахвоту распытаць Урсуса пра родны край лігаў, словы гэныя зрабілі пэўную прыемнасць, бо гутарка з чалавекам вольным, хоць бы і простым, больш дагаджала ягонай рымскай патрыцыянскай самагоднасці, чым гутарка з нявольнікам, якога ані права, ані звычай не прызнавалі за чалавека.
— Дык ты не Аўлюсаў? — спытаў.
— Не, спадару, я служу Каліне, як маці ейнай служыў, але па сваёй ахвоце.
Ды зноў схаваў голаў у пелюсці, каб падзьмухаць вуглі, да якіх падкінуў дравец, пасля выхіліўся й кажа: — У нас няма нявольнікаў.
Але Вініць спытаў: — Дзе Лігія?
— Толькі што адыйшла, але я варыціму табе снеданне, спадару. Сядзела над табою ўсю ноч.
— Чаму ж ты яе не выручыў?
— Калі ж сама хацела, мая справа слухаць.
Тут вочы ягоныя нахмурыліся, і праз момант дадаў: — Каб яе не слухаў, дык ты, спадару, ужо не жыў бы.
— Няўжо каешся, што не забіў мяне?
— Не, спадару! Хрыстус забараняе забойства.
— А Атацын? А Кратон?
— Нельга было йнакш, — мармытнуў Урсус.
І пачаў прыглядацца сваім рукам як бы з жалем, бо яны, відаць, засталіся паганскімі, хоць душа прыняла хрост.
Потым паставіў на чаране гарнушак і, прыкуліўшыся перад комінам, уставіў задуменныя вочы ў агонь.
— Гэта твая віна, спадару, — кажа ўрэшце. — Нашто было падымаць руку на каралеўскую дачку?
У Вініцію спершку закіпела годнасць, бо як прастак і барбар смее не толькі так звяртацца да яго, але йшчэ й дакараць яму. Да тых усіх апошніх незвычайнасцяў і непраўдападобнасцяў маеш табе яшчэ й гэта. Але, будучы слабым і не маючы пад рукою сваіх нявольнікаў, устрымаўся, бо ахвота выдабыць весткі з жыцця Лігіі перамагла.
Дык, супакоіўшыся, пачаў выпытваць пра вайну лігаў з Ваніем і свэвамі. Урсус ахвотна расказваў, але мала больш ведаў аб гэтым, як Аўл Плаўт, ад якога ўжо пра гэную вайну Вініць чуў. Урсус не быў у бітве, бо мусіў ісці з закладніцамі ў няволю Атэлія Гістэра. Ведаў толькі, што лігі збілі свэваў і языгаў, але ваявода, іхні князь, быў забіты. Незабаўна пасля таго сэмноны падпалілі ім лясы на граніцы.
Лігі лётам вярнуліся, каб помсціць крыўду, а закладніцы засталіся ў Атэлія, які спачатку загадаў ганараваць іх як княгіні. Пазней маці Лігіі памерла. Рымскі ваявода не ведаў, што рабіць з ейнай дачкою. Урсус маніўся вяртацца з ёю на бацькаўшчыну, але баяўся ў дарозе дзікіх звяроў і плямёнаў; таму, як толькі прыйшла вестка, што нейкае пасольства ёсць у Пампонія, якое суліць дапамогу супраць маркоманаў, Гістэр адаслаў іх да Пампоніі. Прыбыўшы да яго, даведаліся аднак, што ніякага пасольства не было, і такім чынам дасталіся з Пампоніем у Рым, дзе пасля трыўмфальных цэрэмоніяў аддаў ён дзяўчынку Пампоніі Грэцыне.
Вініць, хоць не было нічога новага ў гэтым апавяданні, слухаў з прыемнасцю, нязмерную бо ягоную гордасць пляменную гладзіла тое, што навочны сведак сцвярджаў каралеўскае паходжанне Лігіі. Як дачка князёўская, яна ж магла б у свеце цэзара заняць становішча, роўнае дочкам найпершых родаў, тым больш, што народ ейны ніколі не ваяваў з Рымам, а хоць барбарскі, мог аказацца грозным, бо, як сведчыў Атэлій Гістэр, меў вялікі лік ваякоў. Урсус цалкам пацвярджаў тое сведчанне, на пытанне бо Вініціева пра лігаў адказаў: — Мы седзімо ў лясох, але зямлі ў нас столькі, што ніхто не ведае, дзе канец пушчы, і народу ў ёй шмат. Ёсць таксама і гарады драўляныя ў лясох, у якіх ёсць поўны дастатак, бо што сэмны, маркоманы, вандалы і квады нарабуюць па свеце, дык мы ім адбіраем. Яны не смеюць супраць нас выступаць, толькі як бываюць вятры, паляць нам лясы. І не баімося ні іх, ні рымскага цэзара.