Выбрать главу

— Багі далі рымлянам верхаводства над усёй зямлёю, — адазваўся сурова Вініць.

— Багі — гэта нячыстыя сілы, — адказаў сціпла Урсус, — а дзе няма рымлян, там няма і верхаводства.

Тут паправіў агонь і гаварыў далей як бы да самога сябе: — Як Каліну цэзар забраў і прыйшла мне думка, што можа там яе спаткаць крыўда, дык я хацеў ісці далёка туды ў родныя пушчы і прывесці лігаў на дапамогу князёўне. І лігі рушылі б да Дунаю, бо гэта народ добры, хоць паганскі.

От! Занёс бы ім «Добрую Навіну». Але я і так, як Каліна вернецца да Пампоніі, пакланюся ёй, каб дазволіла мне йсці да іх, бо Хрыстус на свет нарадзіўся, а яны, небаракі, аб Ім нат не чулі… Ведаў Ён лепш за мяне, дзе нарадзіцца, але, каб у нас у пушчы прыйшоў на свет, напэўна б Яго не замучылі, толькі гадавалі б Дзіцятка і дбалі б, каб заўсёды меў дастатак і звярыны, і грыбоў, і бурштыну. А што адабралі б ад свэваў ці маркоманаў, тое аддалі б Яму.

Гэта гаворачы, прыставіў на агонь пасудзіну з поліўкаю для Вініція і замоўк. Ягоная думка блукалася, мабыць, праз нейкі час па лігійскіх пушчах, аж як пачало кіпець у гаршку, выліў з яго страву ў міску і, астудзіўшы, звярнуўся: — Глаўк раіць, спадару, каб як найменш варушыў нават здароваю рукою, дык Каліна загадала мне карміць цябе.

Лігія загадала! На гэта не было адказу. Вініцію не прыйшло нат у голаў супраціўляцца ейнай волі, бы дачцэ цэзара ці багіні, дык не адказаў ані слова. Урсус, сеўшы ля ложка, пачаў чэрпаць поліўку з міскі малым кубкам і падносіць яму да вуснаў. Рабіў гэта так рупясна, з такою добраю ўсмешкаю ў вачах, што Вініць і сам сабе не верыў, каб гэта мог быць той самы страшэнны тытан, які ўчора, здушыўшы Кратона, кінуўся на яго самога, як бура, і растармашыў бы яго, каб не літасць Лігіі. Маладому патрыцыю першы раз у жыцці прыйшла ў голаў думка, што можа дзеецца ў сэрцы прастака, слугі і барбара.

Урсус аказаўся нянькаю вельмі нязручнаю. Кубак зусім гінуў у ягоных геркулесавых пальцах, так што нельга было Вініцію да яго даткнуцца вуснамі. Пасля некалькіх няўдалых спробаў вялігур надта заклапаціўся дый кажа: — Эй, лягчэй зубра вывесці з оступу… Вініція рассмяшыла няўдача ліга, але больш зацікавіла гадка пра зубра.

Бачыў ён у цырках страшэнныя «уры», дастаўляныя з паўночных пушчаў, на якіх найадважнейшыя бестыярыі палявалі з трывогай і якія адным сланам саступалі па велічыні й моцы.

— Няўжо спрабаваў ты браць такія бестыі за рогі? — спытаў з выглядам здзіўлення.

— Пакуль не мінула мне дваццаці зімаў, дык баяўся, — адказаў Урсус, — але потым бывала!

І зачаў зноў карміць Вініція яшчэ больш нязручна, як перад тым.

— Мушу папрасіць Мырыям або Назаркі, — сказаў.

Але на шчасце белая галованька Лігіі выхілілася з-за заслоны.

— Зараз дапамагу, — кажа.

І выйшла з кубікулюма, дзе, відаць, рыхтавалася да сну, бо была апранута толькі ў абціснутую туніку, званую ў старадаўнасці «капітыюм», закрываючую шчыльна грудзі, і валасы мела распушчаныя. Вініцій, у якім жывей заскакала сэрца, пачаў ёй дакараць, што дагэтуль не спіць, а яна весела адказвае: — Я хацела ўжо класціся, але перш выручу Урсуса.

І, узяўшы кубак, села на краі ложка ды пачала карміць Вініція, супакоранага адначасна й шчаслівага, калі нахілялася да яго, біла на яго цяпло ейнага цела, і разгорненыя косынькі сплывалі яму на грудзі, аж ён збялеў ад уражання, але ў мутні і парыве жады адчуваў адначасна, што гэта надусё яму даражэйшая і вяльбейшая галованька, перад якою ўвесь свет — нічым. Даўней пажадаў яе, цяпер пачынаў кахаць поўнымі грудзьмі. Даўней як наагул у жыцці, так і ў пачуццях быў, як усе тагачасныя людзі, сляпым няўступным эгаістам, якому толькі пра сябе расходзілася, цяпер жа пачало яму расходзіцца і пра яе.

Па хвіліне адмовіўся далей есці і, хоць прысутнасць ейная ўпаяла яго раскошай, сказаў: — Годзе, ідзі спаць, багінька мая.

— Не называй мяне так, — адказала, — мне гэтага не гадзіцца слухаць.

І ўсміхалася да яго, кажучы, што сон ад яе ўцёк, што не чуе знямогі, што не пойдзе спаць, пакуль не прыйдзе Глаўк. Ён слухаў ейных слоў, бы музыкі, і сэрца набрыняла штораз большым расчуленнем, штораз большым захапленнем, штораз большаю ўдзячнасцю, а думка непакоілася, як бы ёй тую ўдзячнасць аказаць.

— Лігійка, — адазваўся пасля кароткага маўчання, — я ўпярод цябе не ведаў. Але цяперака ведаю, што маніўся дайсці да цябе блуднаю дарогаю, вось жа кажу табе: вярніся да Пампоніі Грэцыны і будзь пэўнай, што адцяпер ніхто на цябе рукі не падыме.