Выбрать главу

Ты не ведаеш, ты не можаш ведаць, як я кахаю цябе… Так гаворачы, правёў рукою па збялелым твары і прымкнуў вочы. Натура ягоная не ведала перапоны ніколі як у гневе, гэтак і ў каханні. Гаварыў з уздымам духа, як чалавек, які перастаў ды не жадае аглядацца на меру ні ў словах, ні ў вялічанні. Гаварыў з глыбіні душы й сэрца. Значна было, што боль, захапленне, жада і шанаванне, награмадзіўшыся ў ягоных грудзях, бухнулі ўрэшце непаўстрыманаю ракою слоў. Словы ягоныя выдаваліся Лігіі блюзнерствам, а аднак сэрца ейнае заскакала так моцна, як бы манілася разарваць сціскаючую грудзі туніку. Не ў змозе была перамагчы літасць над ягонымі пакутамі. Расчуляла яе пашанота, з якою да яе звяртаўся. Пачувалася каханаю ды абажанаю бязмежна, чула, што гэты няўступлівы ды небяспечны чалавек адданы цяпер ёй душой і целам, як нявольнік, і гэнае пачуццё ягонай пакоры, а ўласнае магаты напоўніла яе шчасцем.

Ажылі ў ёй успаміны ў адной хвіліне. Гэта быў для яе зноў той раскошны й прыгожы, як бажок паганскі, Вініць, які ў Аўлаў абяцаў ёй каханне й будзіў, бы ад сну, ейнае паўдзіцячае тады сэрца; той самы, якога цалункі чула яшчэ на вуснах і з абдымкаў якога вырваў яе на Палатыне Урсус, нібыта з вогнішча выхапіў. Але цяпер ён, гэткі мужны, захоплены, з болем на сваім арліным бледным твары, з размоленымі вачыма, паранены, зламаны каханнем, поўны абагаўляння й пакоры, выдаваўся ёй такім, якім жадала яго мець тагды і якога магла б у той час пакахаць усёю душою, — ён быў для яе даражэйшым, чым калі-небудзь дагэтуль.

І нараз сцяміла, што можа надыйсці часіна, у якой ягонае каханне агорне й яе, бы віхар, а пачуўшы гэта, перажывала такое самае ўражанне, якое перад хвілінай перажываў ён: менавіта, што стаіць над бяздоннаю пропасцю.

Ці ж на гэта яна кінула дом Аўлаў? Ці ж на тое ўцякала з банкету? Хавалася столькі часу па гарадскіх норах? Кім быў той Вініцій? Аўгустыянін, рыцар і дваранін Нэрона! Адыж удзельнічаў у ягоным распусным буянстве й шаленстве, сведчыць аб гэтым той банкет, аб якім Лігія не магла забыцца; адыж учашчаў з іншымі да святыняў і складаў ахвяры нячыстым багом, якім мо й не верыў, але аддаваў шанаванне афіцыйна. То ж лавіў яе на тое, каб зрабіць з яе сваю нявольніцу й каханку, ды ўправіць яе ў той страшны свет збыткаў, раскошы, блуду й бессаромнасці, клічучых Божае помсты. Выглядаў, праўда, іншым, але ж нядаўна прызнаваўся з пагрозай: калі далей больш будзе думаць аб Хрысце, чым аб ім, дык зненавідзіць Яго. Лігіі здалося, што самая думка толькі аб іншай любові, чым да Хрыста, ужо ёсць грахом супраць Яго і супраць навукі, дык сцяміўшы, што на дне душы ейнае могуць абудзіцца іншыя пачуцці й жаданні, пачала трывожыцца аб сваёй будучыні ды сэрцы.

На гэтую часіну нутранога змагання акурат падаспеў Глаўк, які прыйшоў агледзець хворага. На твары Вініція зайграла незадавальненне. Злы быў, што перарваў яму гутарку з Лігіяй, і, як Глаўк пачаў пытацца, адказваў ледзь не з пагардай. Праўда, крыху сунімаў сябе, але Лігія пераканалася, што навука з Острыянума не дзейнічала на ягоную няўжытую натуру. Змяніўся толькі для яе, а ў астатнім засталося ў грудзях тое ж даўняе, суровае і сябелюбнае, сапраўды рымскае, воўчае сэрца, не здольнае не толькі да адчуцця салодкае хрысціянскае навукі, але нат і ўдзячнасці.

Адыйшла неспакойная і поўная думак. Калісь у малітве ахвяравала Хрысту пагоднае, галубінае сэрца, чыстае, бы слязу. Цяпер ось пагоднасць тая пахмурнела. Нутро кветкі пачаў падточваць чарвяк. Нават сон па дзвёх недаспаных ночах не прынёс ёй утулення. Снілася ёй, што ў Острыянуме Нэрон на чале карагоду аўгустыянаў, танцорак, баянаў і гладыятараў талочыць увенчаным ружамі возам грамады хрысціян, а Вініць хапае яе ўполкі, уцягвае на квадрыгу і, тулячы да грудзей, шэпча: «Хадзі да нас!»