Выбрать главу

XXVII

Ад тае пары рэдка паказвалася ў супольнай каморы і рэдка збліжалася. Бачыла, як Вініць пасвіў яе благальным вокам, як на кожнае ейнае слова, бы на ласку, чакаў, як церпіць і не смее скардзіцца, каб не знеахвоціць яе да сябе, як яна адна ёсць для яго здароўем і радасцю, і тады ейнае сэрца ўздымала літасць. Хутка змеркавалася таксама, што чым больш ад яго староніць, тым больш робіцца ёй шкада яго, а праз тое самае родзяцца ў ёй да яго чулейшыя пачуцці. Сталася неспакойнай. Часамі талкавала сабе, што іменна павінна быць заўсёды пры ім, раз для таго, што боская навука загадвае плаціць дабром за зло, а па-другое, што, гутарачы з ім, магла б яго да гэнае навукі схіліць. Але зараз жа сумленне паказвала ёй, што сама сябе ашуквае, і што цягне яе да яго не што іншае, толькі каханне й краса ягоная. І так жыла ў заўсёдным нутраным змаганні, якое магутнела з кожным днём. Быццам яе аплятае сець нейкая, а яна, хочучы з яе выдабыцца, умотваецца ў яе штораз горш. Мусіла ўрэшце прызнацца сама перад сабою, што аблічча ягонае становіцца для яе штораз патрабнейшым, голас мілейшым, і што трэба ёй усімі сіламі змагацца з хаццёю праседжвання з ім. Калі збліжалася да яго, а ён распрамяняўся, радасць залівала і ейнае сэрца. Раз нейк зацеміла сляды слёз на ягоных вачах, і першы раз у жыцці прыйшла ёй думка: можа б іх асушыць цалункамі. Перапалоханая гэнай думкай, праплакала, дакараючы сябе, цэлую наступную ноч.

А ён быў цярплівы так, як бы сабе прысягнуў цярпець. Калі бывала зайграла ўваччу нецярплівасць, самаволя або гнеў, воміг змагаў яе, а потым глядзеў неспакойна на любую, казаў бы, перапрашаў вачыма, а яе гэта да яго цягнула яшчэ больш. Ніколі не мела пачуцця, што ёсць так моцна каханай, і на ўспамін аб гэтым чулася надта шчаслівай, але й вінаватай. Вініць сапраўды перайначваўся. У гутарцы ягонай з Глаўкам менш было ўжо гонару. Часта прыходзіла яму ў голаў, што і гэны бедны лекар-нявольнік, і чужаземка, старая Мырыям, што аб ім рупілася, і пабожны Крысп, гэта ўсё ж такі людзі. Сам дзівіўся сваім думкам — аднак жа іх меў. Урсуса палюбіў і гутарыў з ім цяпер цэлымі днямі, бо мог з ім гаварыць аб Лігіі, а вялізман зрабіўся гаваркі і, спаўняючы пры хворым простыя паслугі, пачаў яму таксама аказваць пэўную прывязанасць. Лігія была заўсёды для Вініція істотай іншага гатунку, вышэйшай у сто разоў за тыя, што яе акружалі, а ўсё ж пачаў прыглядацца і людзям убогім, чаго ніколі дагэтуль не рабіў, і пачаў знаходзіць у іх розныя годныя ўвагі свомасці, існаванне якіх ніколі яму перад гэтым не прыходзіла ў голаў.

Назаркі толькі не мог сцярпець, бо здавалася яму, што малады хлапчук смее кахацца ў Лігіі. Доўгі час устрымоўваўся, праўда, ад выяўлення яму нехаці, але раз, калі хлапец прынёс дзяўчыне дзве перапёлкі, якія купіў за собскія заробленыя грошы, у Вініцію загарэўся нашчадак квірытаў, для якога прыблуда з чужога краю менш значыў, чым сціплы чарвяк. Чуючы падзяку Лігіі, страшэнна збялеў і, калі Назар выйшаў па ваду для птушак, адазваўся: — Лігія, як ты можаш сцярпець, каб ён табе даваў падарункі? Няўжо ты не ведаеш, што народ ягоны грэкі абзываюць жыдоўскімі псамі?

— Не ведаю, як іх грэкі абзываюць, — адказала, — ведаю толькі, што Назарка ёсць хрысціянінам і братам маім.

Сказаўшы гэта, зірнула на яго з здзіўленнем і жалем, бо ўжо крыху была адвыкла ад падобных выбухаў, а ён заціснуў зубы, каб не сказаць ёй, што такога брата загадаў бы насмерць засекчы дзягамі або саслаў бы яго на вёску, каб як кампедытус капаў зямлю ў ягоных сіцылійскіх вінаградніках. Устрымаўся аднак, здушыў у сабе гнеў і аж па хвіліне сказаў: — Выбачай, Лігійка. Ты ж у мяне князёўна і прыбранае дзіця Плаўтаў!

І перамогся да таго, што, калі зноў Назарка вярнуўся ў хату, абяцаў яму пару паваў або фламінгаў, якіх меў повен агарод.

Лігія зразумела, колькі яму каштавала падобная перамога сябе. І чым часцей перамагаў сябе, тым больш сэрца ейнае ліпла да яго. Заслуга ягоная адносна Назаркі была, аднак, меншай, чым спадзявалася. Вініць мог перад хвілінай абурыцца на яго, але не мог быць зайздросным. Бо сын Мырыям іставетна мала больш значыў у вачах ягоных, чым сабака, дый быў жа ён яшчэ дзіцём, якое калі й любіла Лігію, дык нясведама і хутчэй з прывязанасці. Большую барацьбу з сабою мусіў весці малады трыбун, калі прыходзілася паддацца, хоць моўчкі, той пачэснасці, з якою ставіліся прысутныя да Хрыста й ягонай навукі. У гэнай справе дзеяліся ў Вініцію рэчы дзіўныя.