Выбрать главу

Гэта была, як бы сабе ні здавалася, навука, якую ўверыла Лігія, дык дзеля гэтага самага гатовы быў яе прызнаць. Акрамя таго — чым больш ачуньваў, чым лепш прыгадваў сабе цэлы шэраг здарэнняў, якія збыліся ад тае начы ў Острыянуме, ды цэлую нізку паняццяў, якія наплылі ад таго часу ў ягоную галаву, тым больш задзіўляла яго надлюдская сіла тае навукі, якая перараджала так грунтоўна людскія душы. Разумеў, што ёсць у ёй нешта незвычайнае, нешта небывалае да гэтых пор на свеце, і ўяўляў сабе, што каб яна апанавала ўвесь свет ды каб ушчапіла ў яго сваю міласць і міласэрнасць, дык хіба настала б нейкая эпоха, прыпамінаючая тую, калі не Ёвіш, а Сатурн кіраваў светам, не смеў таксама сумнявацца аб надпрыродным паходжанні Хрыста, ані аб ягоным уваскрэсенні, ані аб іншых цудах. Навочныя сведкі занадта былі верагодныя і занадта гідзіліся лгарствам, каб можна было дапусціць, што гавораць небыліцы. Дый рымскі скептыцызм, хоць дазваляў сабе не верыць у багоў, дык усё ж такі не адвяргаў цуды. Перад Вініціем стала нейкая дзіўная загадка, якое не мог разблытаць. З другога боку, аднак, уся тая навука выдавалася як супярэчнаю існуючаму жыццяпарадку, так і немагчымаю ў практыцы ды так адчайнаю, як ніякая іншая. Паводле ягонай думкі, людзі на свеце і ў Рыме маглі быць сабе злымі, але жыццяпарадак быў добры. Каб цэзар, напрыклад, быў сумленным чалавекам, каб сенат складаўся не з агідных распуснікаў, але з такіх людзей, якім быў Трэзэй, чаго ж больш трэ было б жадаць? Але ж pax romana і рымская ўлада была добрая, растасоўка людзей была слушная й справядлівая. А тым часам навука гэтая, на думку Вініція, мусіла збурыць увесь дагэтуляшні лад, усякую ўладу і ступяні між людзьмі. І што ж тады б сталася хоць бы й з уладствам Рыму? Ці ж рымляне могуць перастаць панаваць над цэлым светам або прызнаць цэлы статак заваяваных народаў роўнымі сабе? Гэта ўжо не магло змясціцца ў галаве патрыцыя. А да таго навука гэтая супярэчыла ўсялякім асабістым ягоным уявам, звычцы, удачы і жыццягляду. Не мог сабе ўявіць, як бы гэта ён выглядаў, каб ейным стаўся адгерэнтам. Баяўся яе, падзіўляў яе, але прыняць яе папросту ўздрыгалася ягоная натура. А ў канцы разумеў, што нішто ж іншае, толькі яна разлучала яго з Лігіяй, і на ўспамін аб гэтым ненавідзеў яе ўсімі сіламі душы. Аднак жа было відавочным адначасна, што гэта менавіта яна ўпрыгажала Лігію ў нейкую выняткавую, нявыказаную прыгажосць, якая зрадзіла ў ягоным сэрцы апрача кахання — шанаванне, апрача жады — адданасць, вяльбенне, і з самае Лігіі зрабіла яму найдаражэйшую ў свеце істоту. А тады зноў хацелася яму любіць Хрыста. І ўяўляў ясна, што або мусіціме Яго палюбіць, або зненавідзець, абыякавым быць не можа. Налягалі на яго як бы супярэчныя хвалі, хістаўся ў думках, хістаўся ў пачуццёх, не мог выбраць, схіляў, аднак, голаў і моўчкі аказваў шанаванне таму таемнаму Богу дзеля таго толькі, што быў ён Богам Лігіі.

А Лігія бачыла, што ў ім дзеецца, як ён змагаўся, як натура ў ім адпіхвала гэтую навуку, і як з аднаго боку гэта яе маркоціла, так з другога — жаль, літасць, удзячнасць за тую ціхую пашану, аказваную для Хрыста, нахіляла да яго непераможнай сілай ейнае сэрца. Прыгадала сабе Пампонію Грэцыну і Аўла. Для Пампоніі крыніцай ніколі не высыхаючых сумных слёз была думка, што за гробам не знойдзе Аўлюса. Лігія пачала цяпер лепей разумець тую горыч і той боль. Бо і яна ведала дарагую істоту, з якою пагражала ёй вечная разлука. Часамі пацяшалася надзеяй, што мо ягоная душа яшчэ адчыніцца калісь для Хрыстовай праўды, але спадзеўкі гэныя былі вельмі слабыя. Ведала і разумела яго ўжо занадта добра. Вініць — хрысціянін? Два гэныя паняцці нат у ейнай недазнанай галованьцы не маглі вобак сябе мясціцца. Калі разважны і поўны сталасці Аўл не стаўся ім пад уплывам дасканальнае і мудрае Пампоніі, дык як жа магчыме стацца ім Вініць? На гэта не было адказу, а дакладней, існаваў толькі адзін: няма для яго ні надзеі, ні ратунку. Але Лігія спахапілася з трывогай, што гэты асуд загубы, які быццам вісіць над ім, праз самую жаласць робіць яго яшчэ даражэйшым. Часамі брала яе ахвота гаварыць з ім шчыра пра ягоную цёмную будучыню, але як адзін раз, сеўшы пры ім, сказала яму, што па-за хрысціянскаю навукай няма жыцця, ён, будучы ўжо крыху падмацаваным, падняўся на здаровым узлокатку і воміг палажыў ёй голаў на каленях, кажучы: «Ты — жыццё!» Замерла ёй дыханне ў грудзёх, уцякла прытомнасць, нейкая раскошная дрыгата прабегла ад ног да галавы. Хапіўшы ў далоні ягоную галаву, хацела падняць ды замест таго сама нахілілася над ім так, што аж вуснамі даткнулася да ягонай чупрыны, і праз хвіліну змагаліся ўпойна так з сабою ды з каханнем, якое штурхала адно да другога.