Выбрать главу

Дугін. Памятаю…

Вера. Дык вось, ты стаіш і голенькага хлопчыка на руках трымаеш… Я ведаю, што гэта сон і што голы хлопчык у сне не к дабру… Пытаюся ў цябе: «Ты жывы?» Ты сумна-сумна галавой кіўнуў. Маўляў, жывы… А я чамусьці пытаюся: «Дзе ты загінуў?» Ты на куст чаромхі паказваеш… А пад тым кустом стол стаіць. Папера нейкая. Ты гэта на стале пісаў?

Дугін. На тумбачцы.

Вера. Я запыт на наступны дзень зрабіла… Але дывізію вашу расфарміравалі ўжо… Канцоў не знойдзеш… Ты і гэта ўлічыў… Але я знайшла цябе…

Дугін (цяжка). Ідзі, Вера… Даруй і ідзі…

Вера. Табе не трэба прасіць прабачэння… І той, хто палюбіць, і той, хто разлюбіць, — аднолькава невінаватыя… Я толькі хацела паглядзець табе ў вочы, Валодзька… І ўсё.

Дугін. Глядзі.

Вера. Хто яна?

Дугін. Жанчына.

Вера. Як завуць?

Дугін. Лідка.

Вера. Няпраўда… Калі б яна была, ты б сказаў Ліда…

Дугін. Яна… проста маладзенькая. Ідзі, Вера… Прашу цябе…

Вера (гледзячы ў вочы, спалохана). Госпадзі… Валодзька… Ты ж любіш мяне…

Дугін (працягвае пісьмо). Любіў.

Вера. Можа, табе што-небудзь пра мяне напісалі?.. Чатыры гады расстання… Потым фронт, шпіталі… Параненыя, скалечаныя, пакінутыя… Усялякае было… Але душа мая чыстая… І каханне маё чыстае… Клянуся табе! Ты чуеш?!

Дугін. Забяры пісьмо!!! У ім усё правільна…

Вера (амаль істэрычна). Растлума-а-ач!!!

Дугін. У сорак першым мы выходзілі з акружэння… Знясіленыя голадам ушчэнт. Той, хто не мог ісці далей ці быў паранены, — цішком сыходзіў у хмызняк. Таму што не толькі несці каго-небудзь, а нават весці пад руку ні ў кога не было сіл… Пачнеш дапамагаць — ляжаш сам… Вось тады і ўзнікла такая маўклівая дамоўленасць: скончацца сілы — у лес! Прастрэлілі ногі — у лес! Палкавы камісар падаў прыклад. Падазваў мяне і кажа: «Слухай, палітрук: калі са мной што якое — павядзеш атрад. Не спыняцца! Што б ні здарылася! Паўтары». Я паўтарыў… Ноччу ён знік… З акружэння выйшла сорак шэсць чалавек. Астатнія ў лесе… Па аднаму. Лічы, што і я сышоў у гэткі ж лес… Гэта ўсё, што я магу табе сказаць… Ты ні ў чым не вінаватая перада мной, а я перад табой… Вайна… Скончыцца, праклятая, — выходзь замуж…

Вера. Што ты кажаш?!

Дугін (упарта). Выходзь замуж і як мага больш нарадзі дзяцей… Колькі зможаш! Нас павыбівала к чортавай матары, а народ павінен быць моцным. Можа, яшчэ якую-небудзь бяду яму давядзецца ўзяць на свае плечы… Ідзі, Вера…

Вера (праз слёзы). Не разумею…

Дугін. Супакоішся і зразумееш…

Прыбягае Бушцец.

Бушцец. Старшына, танкі!!

Дугін. Дзе?

Бушцец. З-за ўзгорка па беразе пруць!

Дугін. Можа, нашы?

Бушцец. Якое там?! «Фердынанды»!

Дугін. Адкуль яны ўзяліся?

Бушцец. Чорт іх ведае!

Дугін. Ідзі, Вера, ідзі… (Да Бушцеца.) Пяхоты не відно?

Бушцец. Здаецца, не…

Вера. Валодзька, мілы… Даруй мяне! Даруй! Я ўсё жыццё перад табой на каленях стаяць буду!!!

Дугін. Лейтэнант, забяры яе!

Прыбягае Лейтэнант.

Дуй хутчэй адгэтуль! Зараз горача будзе! Заскочыш на КП палка! Скажы, каб агнём падтрымалі…

Лейтэнант. А што такое?

Дугін. Танкі аднекуль прарваліся!

Вера. Валодзька!

Дугін (кідаецца да пралому). Узво-од! У каго ёсць гранаты — звязкі, звязкі рыхтуйце! Астатнія ў будынак… Жмі, лейтэнант!

Лейтэнант. Ёсць!

Вера (крычыць). Я люблю цябе, Валодзька! Я люблю цябе!

Лёскат гусеніц танкаў.

Зацямненне.

І зноў руіны нейкага будынка. Разбітая мэбля, каля сцяны на століку патэфон. На падлозе разбіты бюст Гітлера. Ціха. Грымотаў вайны не чутно. У будынку размясцілася на адпачынак наша аддзяленне. Бушцец курыць, Дзерваед зашывае нешта на гімнасцёрцы. Адуванчык сноўдаецца па будынку.