Дзерваед. Пры чым тут Гітлер?
Бушцец. Тады не ный тут! Развёў дэмагогію… Адна душа… Як хто, а я нікому нічога не забуду! Ніколі. У мяне ўсё агнём і крывёй у сэрца ўвайшло… Адна душа… Іх усіх трэба пад корань! Як заразную балячку — гарачым жалезам!
Дугін. Ладна, хопіць… А то дагаворыцеся…
Паўза.
Дзерваед. Спаць пойдзем, ці што?
Дугін. Я не буду… Зоркі нізкія…
Дзерваед. Пыталіся цябе сёння, старшына… Забыўся сказаць. Калі ў камандзіра быў…
Дугін. Хто?
Дзерваед. Ваенурач. З армейскага шпіталя. Я кажу: камандзір выклікаў… Заўтра заедзе, сказала…
Бушцец. Знайдзі яшчэ грамульку, капітан…
Дугін. Уставаць заўтра рана… З саюзнікамі сустракаемся… Быць ва ўсім парадзе… (Зірнуў угору.) Ды хоць бы хмары нацягнула, ці што?
Бушцец. Чаго ты?
Дугін. Ды не магу. Зоркі цягнуць… Аж трасе…
Дзерваед. Закурым…
Маўчаць. Кураць. Думаюць. На зямлі цішыня. Зумер палявога тэлефона.
Дзерваед. Звоняць, здаецца, старшына…
Дугін падымае трубку.
Дугін. Што, Лісянкоў? Чаму не спіш?.. А-а-а… Ну, давай… Слухаю, Іван Данілавіч, слухаю… Не, не спаў… Ды ўсё тут ціха, што яны выдумалі?! Во няхай заўтра прыходзяць і шукаюць, каго ім трэба! Добра, мы можам адысці, хай бамбяць, калі так баяцца… Што? Якая каштоўнасць? Іван Данілавіч, а мы не каштоўнасць? Вайна канчаецца… Ладна, яшчэ раз праверым… Злазім і ў падвалы… Хай прыязджаюць… Добра… Першы ўзвод вазьму… Усё як з іголачкі… Усё нармальна. Спакойнай ночы… (Паклаў трубку, нервова.) Кампалка званіў! Амерыканцаў нехта напужаў… Баяцца прыязджаць, кажуць, што да таго, як мы падышлі, тут снайпер сядзеў і зрэдку пастрэльваў… Самалёты гатовы прыслаць бамбіць…
Бушцец. Ну і няхай бамбяць!
Дугін. Нельга… Архітэктурная каштоўнасць… Дванаццаты век…
Бушцец. О-о-ой!
Дугін. Аж смешна! Як які-небудзь вывіх на зямлі — усё на нас! Усім павінны мазгі ўпраўляць: Чынгісхану! Рыцарам! Напалеону! Кайзеру! Гітлеру! Як пракляцце якое на народ! Тыдзень тут стаялі, а нам зараз шукай яго!
Бушцец. Пазвані заўтра і скажы, што ўсё аблазілі і нікога не знайшлі…
Дугін. Не… Давайце для ачысткі сумлення глянем… Роту падымаць не буду… Самі зірнём… Чорт іх ведае… Можа, затаіўся дзе… Дзед, на ліхтарык, злазь у падвалы, пасвяці там… Толькі калі што-якое — не лезь здуру, адразу назад…
Дзерваед. То добра… (Пайшоў да пралому, потым нечакана і хутка вярнуўся.)
Дугін. Што, дзед?
Дзерваед. Гэта… Спытаць хацеў…
Дугін. Пра што?
Дзерваед. Нешта хацеў, а во з галавы выскачыла… Чорт!
Дугін (усміхнуўся). Ускочыш назад — спытаеш… Ідзі.
Свецячы ліхтарыкам, Дзерваед палез у падвал.
(Глядзіць угору.) Што гэта… Царква, ці што?
Бушцец. Чорт яе ведае! Можа, ратуша якая…
Дугін. Злазь наверх… Там, я бачу, закуткоў, як кратовых нор…
Бушцец. Дык завалена ўсё к чортавай матары…
Дугін. На вуліцы дрэва… Можа, з дрэва як…
Бушцец. Ага…
Дугін. Толькі ж глядзі! Сваю галаву я табе не пазычу…
Бушцец (аглядаючы аўтамат, радасна). Усё будзе абгэмахт, капітан… (Пайшоў у пралом, спыніўся, блазнавата ўсміхнуўся.) Іш, геррой!
Дугін. Ідзі, дурань… А я пасты праверу на ўсялякі пажарны…
Бушцец знікае ў праломе. Дугін глядзіць угору.
Ну і свецяць... (Задуменна.) Свецяць…
Пайшоў. Некаторы час будынак пусты. Потым у адной сцяне з рыпам адчыняецца патаемны ход, і ў чорнай яго пройме з’яўляецца маленькая постаць. Гэта падлетак. Хлапчук. Худы, мурзаты, валасы ўскудлачаныя, вар’яцкія затраўленыя вочы… У руках снайперская вінтоўка. Не міргаючы глядзіць ці то на газнічку, ці то на кавалачак чорнага хлеба, што застаўся на скрыні. Павольна-павольна набліжаецца да газнічкі і скрыні. Мычыць нешта. Адным горлам. Мабыць, нямы. Падышоў. Глядзіць на хлеб. Вінтоўку паклаў на зямлю. З’яўляецца Дугін.
Дугін (даволі гучна). Гэй, ты што тут забыўся?
Але падлетак нават не зварухнуўся. Ён узяў хлеб і павольна-павольна падымае яго над сабой. Разглядвае. Мычыць.
(Больш гучна.) Я цябе пытаюся… Што за чорт!