Выбрать главу

Як мы не ўмеем глядзець. У бібліятэцы, адседзеўшы больш за дзве гадзіны, убачыў у суседцы-дзяўчыне вельмі сціплую, простую і спакойную прыгажосць — таму асабліва прывабную. I радасна стала, што такая прыга­жосць ёсць, і гэта — прыгажосць натуральнасці, чысціні, — прыгажосць, якая не ўсведамляе сябе прыгажосцю; прыгажосць, з якою лёгка быць самім сабою, не тапырачыся, не становячыся на дыбачкі. I якое акрыленне ў тым, што адчуваеш: магу і павінен быць варты гэ­тай прыгажосці, чысцееш, яснееш.

1.XII.

Патузаны драбязой, думает пра дробнае. У рэдакцыйным тлуме — таксама дробязь. Кожны выходзіць з яе па-свойму.

В. Ж., калега па аддзелу прозы, прывабны сціпласцю і натуральнасцю паводзін.

Няма нічога больш зпачнага, чым дзеянне, якое патрабуе цябе ўсяго.

Гэтыя дні — клопаты пра помнік Ігару. Помнік, на­рэшце, стаіць.

1970

15.I.

Лакшын піша: «В записных книжках Чехова есть поразительно смелая догадка: «Быть может, то чувство, какое мы испытываем, когда бываем влюблены, и есть нормальное состояние человека». «Поразительно смелой догадки» я тут не бачу: гэта, так ці іначай, ведаюць вельмі многія людзі, гэта «здагадваліся» многія пісьменнікі.

16.1.

У запісной цесна. Цесна і ў чыталцы. Цесна ў самім сабе — хочацца расхінуцца, пайсці ў чужыя душы, разгарнуцца — застаючыся з сабою, з маці, з гэтым светам, дзе радасць і святло прыглушаны, але не вынішчаны.

24.1.

Такі на вуліцы вясёлы, радасны дзень: спакойнае сонца, лёгкі мароз, дзіцячая гурма, людна, шумна, па-зімняму святочна. У мяне — канькі, лыжы. Паўтарэнне кароткіх мінулагодніх святаў. Ціхая прахалода лясных суцемкаў, крохкі наст. Далячынь — з марознай дымкай, ціхім паўзуном-самалёцікам, нячутным гулам святой пагоднасці, калі ўсё жыццёвае хараство пярэчыць нашым нягодам і няшчасцям.

Часта апісваецца апошняе імгненне гібелі. Хто яго ведае. Я сем разоў паміраў ад «электрычнасці» — электрашокаў. Усё знікае адразу.

Ці паспяваюць нервовыя імпульсы апярэдзіць ход кулі ад скуры да сэрца?

Па-сутнасці, маё жыццё бязмэтнае, бо жыць сумленна, шчыра (я далёкі нат ад гэтага) можна яшчэ і філісцёру. Вось аддаць усе сілы, напал, энергію істотнай і грамадска значнай мэце, ахвяроўвацца па вялікім рахунку — іншае.

На стале завалы тоўстых кніг — урокі працы і розуму.

У «ЛіМе» (20.1) — апав. Тэрэня Масэнкі «Галінка барбарысу», слабое, «робленае». Але верш, прысвечаны пляменніцы Купалы — сапраўдны:

Не барися, дівча, не барися,

Відчннн оцю хвіртку стару.

Червонясті гілкй бирбарису

На прощания мени подаруй.

За лісамй твоімй скучати

Буду я в степовій тйшйні...

У стипах світлоокі девчата,

Але ты — найсвітліша мені...

I немае межі в безгомонкі

Поміж лісом і степом ніде.

Де кінчаеться Украіна,

Білорусь почйнаеться — де?

В нас едина вітчйзна і слава,

Неосяжна земля голосна...

Вацлаво моя, Вацлаво,

Білорусю моя ясна!

Недзе каля 20 снежня 1969 памёр Сяргей Адамавіч Гусак, рэктар Брэсцкага педінстытута, харошы і про­сты чалавек, свойскі дзядзька, якога ведаю не па артыкулах і кнізе, а па нарачанскім доме адпачынку, дзе яго запомніў з прыязнасцю.

25.1.

П’янеў ад шчодрай пагоды, зімовай свежасці і няздзейсненага шчасця. Скразны навылётны жыццёвы гул, раскашаванне бесклапотнасці, поўня ў арэоле вясёлкі, нябесйая сінь, запарушаная аблокамі. Мы з Ражанскім дзве гадзіны на лыжах: Каханаўка, Бабавозаўшчына, Лявонцавічы, распушаныя кіяхі. Нейкая спрэчка пра раман Скобелева, «палітычныя» размовы, каханне, а ўсё як няіснае — плыло і сплывала, быў добры белы сон, што роўніць усіх людзей адным — здароваю дружбаю з прыродай, снежным святлом.

Каля глыбокіх (чышчаных) ачарнелых дарог ціха туліліся падчаркі стагоддзяў — родныя вёсачкі. Кудысьці пераходзілі рэдкія людзі, а дзеці малымі купкамі ладзілі сваё зімовае свята. Я думаў пра гэтых дзяцей як пра сябе, пра тую малечую адзіноту, што бярэ толькі ад сябе і праз сябе жыццёвы змест, яшчэ — пра тое, што не маю я ні вясковай, ні гарадской прапіскі...

Караткевіч — паэт жыццёвага шчасця, пераможнайрамантыкі, вольнага і гарманічнага і ўсеабдымнага: кахання. Вольна яму насяляць нашу гісторыю замкамі і прыгодамі, вольна славіць жыццёвае свята, стыхію, нечаканыя сустрэчы, шчымлівыя разыходжанні, каб за ўсім уславіць галоўнае, што ў чалавеку ёсць: сілу яго пачуццяў, стыхію жыцця, каханне. Усе мэты, справы, абавязкі — умоўнае, няіснае, побач з гэтай плынню разняволеных пачуццяў, вызваленасці ад дробязнасці, мітусні, бесталковіцы. Яго неразуменні, разыходжанні — шляхі да згоды, перадвеснікі шчасця.

27.1.

Доўгая, нудная размова з нейкім Саульчанка. Арты­кул супраць фальсіфікатараў сав. літ-ры. Штрых. Я: Вы можаце назваць у нас крытыкаў-дагматыкаў і вульгарызатараў? Ен: «Анічкін (?) — Аннинский? — Да, кажется. Надо посмотреть в картотеке».