Выбрать главу

Сустрэчы І размовы на дварэ з Бярозкіным. Выгаворваў за тое, што расхваліў Стральцова:

— Дзе трэба тры словы, дык у вас дзесяць. Са сва­ёй сарданічнай ухмылкай: што вы ні скажаце, я ўсё ведаю.

На наступны дзень агаворкі: «Умее ставіць слова, як ніхто ў вас у акадэміі. I не так, як у Лужаніна, што спецыяльна вышуквае словы. Выдатны стыліст і эсэіст, хоць нічога новага».

Пра Куляшова: навошта яму драма. Шмат ішоў за часам.

Перабівалі нам размову машыны і рамонтнікі. Мы перасоўваліся з ім з месца на месца (я — трымаючы ў руках вядро са смеццем).

15 жніўня званок і візіт Льва Аннінскага. Збянтэжаны сваёй нясвецкасцю, я не так гаварыў і няўмела трымаўся, хоць адразу быў рады. Дамовіліся пра тэму — «Непереводимый поэт».

26. 8.

Канец адпачынку блізкі, і блізкі каиец адкладу ўсяго многага, што трэба было неадкладна рабіць. Як толькіў прыродзе добра, як учора, сёння: цішыня, сонца, роўнае цяпло, птушкі — не хочацца нічога рабіць, а толькі бяздумна аддавацца гэтаму нячутнаму і непрыкметнаму быццю: хістанню травінак і дрэў, марудна-хуткаму руху сонца і пераходу ценю, глядзець сабе на кветкі і птушак, сачыць вокам лёт матылька, растварыць у гэтым душу, свядомасць... Але ўнутры ўсё ж нешта дзеецца — нейкае чаканне і нецярпенне, прага нейкіх адкрыццяў і перамен расце, расце...

31.8.

Ліст ад I.

«Мне хацелася б, каб Вы зналі, што ў Расіі... у старажытнай Тверы жыве чалавек, гатовы аказаць Вам любую дапамогу, калі яна Вам спатрэбіцца»...

Раптам наблізілася мінулае, тое, што так помніцца і без напамінкаў. Мне хораша жылося і працавалася тады, у тую пару. I яна, і Ленінка, і першыя артыкулы, і агульная работа душы — усё шчасліва з’ядналася. Радасна было ісці ў бібліятэку, знаючы, што яна там, радасна было браць кнігі: свет кніг быў цудоўны, але цудоўным была і прыгажосць і прыветлівасць казачнай дзяўчыны з ласкавым, харошым прозвішчам.

Пра гэта можна было б больш напісаць, але няхай дапоўняць ёй тыя вятры, дажджы, сняжынкі, якія, быць можа, прыносяць ёй у розную пару радасць і смутак (смутак, смутак — яго заўжды больш...), як мне сёння вецер, І сонца, і птушкі гавораць пра яе...

12.9.

Бабіна лета, цяпло, сонца, ціха і добра ў Зялёным. Неспрыяльны мой аналіз — трэба лячыцца.

Паездка 9-га з балгарамі ў Хатынь. Палчаў, Паптонеў, Незнакомаў.

Хатынь — як нешта неверагоднае. Не магло гэтага быць, каб палілі, нішчылі, гарэла жывое, дзеткі крычалі і курчыліся...

С. Гудзенко (перед смертью):

Но даже если жизнь мгновенна,

Я счастлив жить.

И вновь, и вновь

Твержу: да будь благословенна

Жена, хранившая любовь.

Б. Олейник (перевод Л. Смирнова):

Весть мне принесли сороки: «Сорок!»

Поглядел назад — и померк:

Я все себе думаю — еще вторник,

А оно уже, хлопцы... четверг.

Я еще примериваюсь к встрече в среду,

А оно уже, хлопцы, четверг.

...Вось і цяпер я пішу і хвалююся, быццам раптам узнікла магчымасць падысці да кніжнай полкі ў Ленінцы, нядоўга паразмаўляць з прыветнай, цнатліва-прыгожай практыканткай з Ленінграда і — пайсці, панесці ўсё ў далёкія-далёкія і хуткія-хуткія гады, з дваццаці год — у трыццаць сем.

У Гейне:

Зовет ее ангел блаженством небес,

Мучением адским зовет ее бес,

Зовут ее люди любовью.

4.11..

Такія сонечна-халодныя дні, ружовае святло на да­мах і на дрэвах. Памерзлі яблыкі, слівы, нават, дзе неглыбока сядзела, — бульба.

Здаровая яснасць вабіла, адхінала трывогі, быццам давала надзею, што час не памчыцца хутка, а тым ча­сам падкрадвалася перамена. Што запомнілася — ідзеш па дарозе, бачыш навокал узгоркі, дрэвы ў добрай восеньскай прыгажосці і хочацца пайсці да іх, быццам толькі тады дападзеш да гэтага ўсяго і сальешся з ім.

Першае, што сёння ў інстытуце, — памёр (2-га, у суботу) Навум Саламонавіч Перкін.

1977

21.3.

Праз ўсё, што прайшло, пераходжу ў сёння, у сакавіцкі няцёплы дзень (учора сонцастаянне), у чарговую стому, у новыя зрухі і канфлікты.

Даклад 18 сакавіка. «Рух часу — рух паэзіі». Шмат што прапусціў, у многім — праслізнуў (рэпліка Вялюгіна).

Пасля размова з В., якая пакінула ў душы самоту і адчуванне страты (хіба можна падзяляцца на лагеры, абгароджвацца барыкадамі, калі асабістыя сваркі ўзводзяцца ў грамадзянскія прынцыпы).

Пасля — розныя тэлефонныя званкі. Зноў жа — нагаворы, плёткі. У душы прыкрасць. Прыпамінанне пралікаў: не знайшоў момант назваць Семяжона, не дайшоў да Віткі, Русецкага, Грахоўскага — нават тактоўнасць вымагала, спахмурнелы Камейша, ці не з дакорам Паўлаў...